Андрэй Бандарэнка: Зарэгістравалі новую арганізацыю, працуем далей
Актывісты ўстановы «Платформа», якая займалася абаронай правоў вязняў і была закрытая ўладамі, заявілі пра пачатак дзейнасці ад імя новай праваабарончай установы «Платформ інавэйшн».
Праваабаронца, былы палітвязень Андрэй Бандарэнка паведаміў, што новая ўстанова будзе па-ранейшаму займацца абаронай правоў, але цяпер не будзе абмяжоўвацца толькі абаронай правоў вязняў.
- Мы вырашылі больш шырока падыходзіць да пытання абароны правоў чалавека і ставіць першым у гэтым пытанні не абарону саміх правоў, а абарону самога чалавека. Паколькі даволі часта мы як праваабаронцы звяртаем увагу на тое, што парушана права і нярэдка забываем пра тое, што трэба аказваць дапамогу канкрэтаму чалавеку.
"Платформ інавэйшэн" ужо атрымала рэгістрацыю. Яе офісы працуюць не толькі ў Мінску.
- Мы зарэгістраваліся як установа і дзейнічаем абсалютна легальна і афіцыйна. У нас ёсць прадстаўнікі ў Віцебску, Гомелі і Брэсце. Да сярэдзіны наступнага года мы паставілі сабе задачу адкрыць прадстаўніцтвы ва ўсіх абласных гарадах і дадаткова абавязаць нашых прадстаўнікоў далей развівацца на тэрыторыі сваіх абласцей.
Установа «Платформа» была зарэгістраваная ў чэрвені 2011 года, канчаткова закрытая ўвосень 2012 года. Да новай «Платформы», паводле яе заснавальнікаў, далучыўся вядомы палітык і грамадскі дзеяч Генадзь Грушавы.