viasna on patreon

Шлындзікаў: «У мой час дырэктары пярэчылі і Кебічу, і Шушкевічу»

2012 2012-12-18T13:26:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zavod.jpg

Васіль Шлындзікаў быў дырэктарам заводу «Ўдарнік», генэральным дырэктарам навукова-вытворчага аб’яднаньня «Дармаш», прэзыдэнтам акцыянэрнага таварыства «Амкадор». Яго кіраўніцтва гэтымі прадпрыемствамі прыпадала і на часы Савецкага Саюзу, і — Рэспублікі Беларусь.

«Я ня памятаю ніводнага выпадку, калі б з дырэктарамі прадпрыемства абыходзіліся так бесцырымонна і непаважліва», — сказаў Васіль Шлындзікаў Свабодзе, камэнтуючы загад Аляксандра Лукашэнкі «выгнаць да вечара з працы кіраўніка канцэрну „Беллегпрам“ і яго намесьніка»:

«У тыя часы да кіраўнікоў прадпрыемстваў, я ўжо не кажу буйных, кіраўніцтва Беларусі ставілася з павагай і даверам. І вырашаць лёс кіраўніка на эмоцыях не дазваляў сабе ніхто. Гэта, канечне, не азначае, што іх не звальнялі. Тым жа „Дармашам“ кіраваў Леанід Дзям’янавіч Татарынаў. На яго напісалі ананімку. Яе доўга правяралі. Некаторыя факты пацьвердзіліся, і яго зьнялі з пасады гендырэктара рашэньнем бюро ЦК КПБ. Але і на гэтым паседжаньні, дзе фактычна сабралася ўсё найвышэйшае кіраўніцтва БССР, ніводзін чалавек не дазволіў сабе абразьлівых, зьневажальных для чалавечай годнасьці словаў.

Пазьней прэм’ерам стаў Вячаслаў Кебіч. Ён чалавек эмацыйны, чалавек настрою. Але і ён не дазваляў сабе падобных сёньняшнім загадаў. Можа, таму што тады дырэктарскі корпус быў іншым — кіраўнікі прадпрыемстваў не баяліся сказаць таго, што яны думаюць, і Кебічу, і Шушкевічу. І калі Кебіч падпісваў нейкую ўрадавую пастанову, якая, на думку дырэктарскага корпусу, была супярэчлівай альбо не зусім дакладнай, то зьбіралася паседжаньне Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, фактычна дырэктарскі сход. І мы не паддаквалі прэм’еру. Казалі, і я ў тым ліку, пра тое, як нам бачыцца сытуацыя. І, дарэчы, Кебіч нярэдка з намі пагаджаўся, і дакумэнты зьмяняліся». 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства