viasna on patreon

Са «Шкловалакна» звальняюць незалежных прафсаюзьнікаў

2012 2012-12-14T11:48:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Паводле калектыўнай дамовы наймальнік мусіць запытаць дазволу на звальненьне ў прафсаюзнай структуры. Свабодны прафсаюз не дае звольніць сваіх лідэраў.

5 сьнежня кіраўніцтва прадпрыемства даслала ў суполку Свабоднага прафсаюзу афіцыйны ліст наконт звальненьня апэратара цэху № 7 Віктара Стукава і памочніка майстра таго ж цэху Мікалая Шараха. Віктар Стукаў — кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу на «Шкловалакне» у Полацку, Мікалай Шарах — ягоны намесьнік.

13 сьнежня адбыўся прафсаюзны сход з удзелам намесьніка дырэктара па кадравай і ідэалягічнай працы Людмілы Проп і начальніка аддзелу кадраў Юрыя Краўчанкі. Яны прадстаўлялі пазыцыю кіраўніцтва «Шкловалакна»: даводзілі, што прафсаюзных актывістаў трэба звольніць за шматлікія парушэньні.

«Першыя прэтэнзіі да мяне пачаліся яшчэ 31 кастрычніка, пасьля майго інтэрвію тэлеканалу «Белсат» пра тое, што людзі выходзяць з праўладнага прафсаюзу, які не бароніць іхныя правы. Упершыню за шмат гадоў у мяне знайшлі брак і аштрафавалі — недаплацілі частку грошай. А потым пайшло адно за адным: працаваў без акуляраў — значыць, парушыў прафэсійныя абавязкі, потым яшчэ брак у працы, яшчэ і яшчэ... Такім чынам штучна назьбіралі маіх правінаў, каб звольніць за «сыстэматычнае парушэньне прафэсійных абавязкаў бяз важкіх прычынаў», — апавёў Віктар Стукаў.

У Мікалая Шараха прычына іншая: яго хочуць звольніць нібыта за прагулы.

​​«Я мусіў паехаць на сэмінар. Паводле калектыўнай дамовы на такія мерапрыемствы адміністрацыя мусіць адпускаць работнікаў і нават плаціць сярэдні заробак. Я падаў усе дакумэнты належным чынам ды паехаў. Але, аказваецца, мяне не адпускалі. Гэта парушэньне з боку адміністрацыі, але вінаватым зрабілі мяне», — кажа Мікола Шарах.

Паводле актывістаў, калі прафсаюзная арганізацыя не дае згоды на звальненьне работніка, адміністрацыя прадпрыемства мусіць з гэтым пагадзіцца. Але Мікалай Шарах і Віктар Стукаў не выключаюць, што гэтае палажэньне могуць парушыць, бо і само звальненьне было ініцыявана штучным чынам.

Сапраўдныя падставы для незадавальненьня адміністрацыі, якая захацела пазбавіцца ад двух сваіх работнікаў, актывісты Свабоднага прафсаюзу бачаць у тым, што іхная дзейнасьць атрымлівае ўсё шырэйшы розгалас у інтэрнэце і незалежных СМІ. І прыклад з актывістаў «Шкловалакна» пачалі браць работнікі іншых полацкіх прадпрыемстваў. Так, пасьля стыхійнага страйку на полацкім вінзаводзе незадаволеныя нізкімі заробкамі работнікі таксама вырашылі стварыць суполку Свабоднага прафсаюзу, і «шэфства» над імі ўзялі менавіта спадары Стукаў і Шарах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства