Суд віну работніка не прызнаў, але прэміяльныя не вярнуў
Суд Маскоўскага раёна Брэста, разгледзеўшы зыск машыніста аміячна-халадзільных установак ААТ “Савушкін прадукт” Уладзіміра Андрашчука, прыняў палавінчатае рашэнне.
У зыску машыніст прасіў суд адмяніць заўвагу гендырэктара прадпрыемства Аляксандра Саўчыца за нібыта парушэнне тэмпературнага рэжыма і вярнуць 50% вылічаных прэміяльных. Уладзімір Андрашчук не лічыць сябе вінаватым у павышэнні тэмпературы установак на 2 градусы ў тварожным цэху, праз што адбыўся збой тэхнікі падчас яго дзяжурства. Тым больш, што праз пару хвілін Андрашчук ліквідаваў хіб і ніякага ўрону прадпрыемству нанесена не было. Але пры гэтым старэйшы і вопытнейшы работнік прадпрыемства, які за 37 гадоў сваёй працы не меў ні аднаго спагнання, быў пакараны. Прычыну гэтага Андрашчук бачыць у недабразычлівых адносінах да сябе новага начальніка цэха.
Суд задаволіў зыск рабочага часткова: заўвагу гендырэктара прадпрыемства палічыў неабаснаванай, а вылічаныя за гэта прэміяльныя не вярнуў. Па прычыне таго, што інцыдэнт усё ж меў месца.
Прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці па Брэсцкай вобласці, праваабаронца Уладзімір Малей, які прадстаўляў інтарэсы Уладзіміра Андрашчука ў судзе, лічыць частковую адмену пакарання незаконнай. У яго паўстае заканамернае пытанне: калі знятая заўвага і суд палічыў Андрашчука невінаватым, то за што знятыя прэміяльныя?
Пазіцыю прадпрыемства ў дадзенай сітуацыі патлумачыла намеснік гендырэктара па вытворчасці Вольга Лучыц: маўляў, за любыя агрэхі ў вытворчасці работніка трэба караць, бо калі адному прабачыць адно, другому - другое, трэцяму - трэцяе, то на прадпрыемстве можа пачацца хаос, будуць непрадказальныя наступствы.
Уладзімір Андрашчук намераны дамагацца вяртання прэміяльных у абласным судзе.