viasna on patreon

Праваабаронцы: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі "стабільна цяжкая"

2012 2012-12-10T12:50:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-hulak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч (ПЦ "Вясна") і Алег Гулак (БХК)

Валянцін Стэфановіч (ПЦ "Вясна") і Алег Гулак (БХК)

Міжнародная грамадскасць 10 снежня адзначае чарговую гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года, афіцыйна ж Міжнародны дзень правоў чалавека адзначаецца з 1950 года. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека стала агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін, беручы пад увагу, што дакумент гэты па сутнасці сваёй з'яўляецца буйным крокам наперад на шляху чалавечага прагрэсу.

Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды: роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. У дакуменце, у прыватнасці, заяўлена, што ўсе людзі маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі "стабільна цяжкая", сказаў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч. "Улады краіны абмяжоўваюць магчымасць рэалізацыі грамадзянамі краіны асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод — свабоды мірных сходаў, асацыяцый, выказвання, удзелу ў кіраванні краінай шляхам удзелу ў свабодных, дэмакратычных і справядлівых выбарах і гэтак далей", - падкрэсліў Стэфановіч.

Асаблівую занепакоенасць у праваабаронцы выклікае тое, што ўлады Беларусі "адкрыта дэманструюць пагарджанне міжнароднымі абавязацельствамі ў сферы абароны правоў чалавека, добраахвотна ўзятых Беларуссю ў межах ААН і АБСЕ".

Гэту ж занепакоенасць выказаў і старшыня Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінскі камітэт" Алег Гулак. "Дзяржава ігнаруе ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў сферы правоў чалавека. У прыватнасці, нядаўна ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з Камітэтам па правах чалавека ААН", - зазначыў Гулак.

"На жаль, сітуацыю можна ахарактарызаваць медыцынскім тэрмінам "стабільна цяжкая", таму што нічога ў Беларусі ў лепшы бок з правамі чалавека не мяняецца. У Беларусі пастаянна ёсць палітзняволеныя, у краіне вялікія праблемы з рэалізацыяй як грамадзянскіх, гэтак і палітычных свабод, і з механізмамі іх рэалізацыі ёсць праблемы", — заявіў Гулак.

Разам з тым праваабаронцы маюць намер працягваць сваю дзейнасць. Паводле слоў Стэфановіча, 10 снежня ў краіне пройдуць акцыі салідарнасці з палітычнымі зняволенымі, а таксама акцыі, скіраваныя на інфармаванне беларускай грамадскасці аб рэальным становішчы з правамі чалавека ў краіне. "Мы звярнуліся да сваіх калег правесці іх, аднак фармат іх правядзення прапанавалі выбраць ім самім. Гэта можа быць напісанне лістоў палітзняволеным, сустрэчы, паказы фільмаў на праваабарончую тэматыку. У Віцебску, я ведаю, прызначана правядзенне публічнай лекцыі на акдрытым паветры аб правах чалавека", — сказаў Стэфановіч.

Таксама ў гэты дзень праваабаронцы абмяркуюць становішча з правамі чалавека ў Мінску на праваабарончай канферэнцыі, уручаць прэміі за выключныя дасягненні ў сферы абароны правоў чалавека па трох намінацыях: "Праваабаронца года 2012", "Адвакат года 2012" і "Журналіст года 2012", а таксама падвядуць вынікі конкурсу на лепшыя hand-made вырабы на праваабарончую тэматыку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства