Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу заснавальніка "Новой газеты Сморгони" Рамуальда Улана, прызнаўшы законным пазбаўленнне яго права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Як паведамляе БАЖ, гэта была чацвертая спроба прадпрымальніка абскардзіць рашэнне Гарадзенскага абласнога гаспадарчага суда.
Вышэйшы гаспадарчы суд не знайшоў "падставаў для пратэсту" ў скарзе Р. Улана. Першы намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Я. Смірноў палічыў, што смаргонскі прадпрымальнік на працягу 2002 года сапраўды "дапускаў неаднаразовыя парушэнні заканадаўства". У сваёй скарзе сп. Улан даводзіў, што прыпыненне дзейнасці суб'екта гаспадарання незаконнае, і спасылаўся на лісты з Мінюста і Мінэканомікі. Гэтыя інстанцыі пацвердзілі, што за парушэнні працоўнай дысцыпліны і правілаў пажарнай бяспекі суб'ект гаспадарання не можа быць зліквідаваны. Але суддзі вырашылі інакш.
Нагадаем: 3-га лютага г. г. Гарадзенскі абласны гаспадарчы суд пазбавіў Р. Улана права займацца падпрымальніцкай дзейнасцю, задаволіўшы зыск Смаргонскага райвыканкама. Фармальнай падставай для зыску сталі "неаднаразовыя парушэнні" правілаў пажарнай бяспекі і нормаў працоўнага заканадаўства, нібыта дапушчаныя ім пры арганізацыі працы рэдакцыі. 26-га лютага той жа суд адхіліў касацыйную скаргу сп. Улана, які спрабаваў адмяніць папярэдняе рашэнне. Гэткі самы лёс напаткаў скаргі Р. Улана на імя старшыні Гарадзенскага абласнога гаспадарчага суда і на імя намесніка старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда.