viasna on patreon

ЦВК адправіў Лукашэнку прапановы па змене выбарчага заканадаўства

2012 2012-12-06T15:48:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kiraunictva_cvk.jpg

ЦВК  выступае за пашырэнне магчымасцяў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў праз наданне такога права рэспубліканскім грамадскім аб`яднанням колькасцю больш за тысячу чалавек.

ЦВК таксама прапаноўвае выключыць з артыкула Выбарчага кодэкса, што тычыцца правядзення перадвыбарнай агітацыі, палажэнне аб байкоце выбараў.На думку ЦВК, агітацыя за байкот павінна рэгулявацца не выбарчым заканадаўствам, а законам аб масавых мерапрыемствах.

Цэнтрвыбаркам прапаноўвае павялічыць памеры асабістых фінансавых выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты парламента і прэзідэнты, а таксама даць магчымасць іх адкрыцця кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў. На думку Цэнтрвыбаркама, падчас агітацыйнай кампаніі можна адмовіцца ад выдзялення кандыдатам бюджэтных сродкаў для вырабу агітацыйных улётак.Таксама ЦВК лічыць магчымым адмовіцца ад дэбатаў на радыё, пакінуўшы іх правядзенне толькі на тэлебачанні.

У ЦВК не выключаюць, што змены ў выбарчае заканадаўства могуць быць прынятыя да чарговых выбараў — дэпутатаў мясцовых саветаў, якія пройдуць не пазней за 23 сакавіка 2014 года.

Пра неабходнасць унясення зменаў у выбарчае заканадаўства ў ЦВК сталі заяўляць падчас парламенцкіх выбараў, што прайшлі 23 верасня гэтага года.Пасля выбараў кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што «выбарчае заканадаўства Беларусі мае патрэбу ў мадэрнізацыі».

«Прынамсі, калі не выбарчую сістэму, то выбарчае заканадаўства мадэрнізацыя павінна закрануць. Нам ужо час пераходзіць ад такіх патрыярхальных нораваў, якія ў нас існуюць, а менавіта — суцэльнага масавага бюджэтнага фінансавання выбараў, калі ўсё робіцца за кошт улады, а кандыдаты ігнаруюць магчымасць стварыць фінансавыя фонды», — сказала кіраўнік ЦВК.

Паводле яе слоў, Беларусі неабходна «пераходзіць у пэўным плане да капіталізму на выбарах».

Разам з тым, незалежныя эксперты мяркуюць, што прапановы ЦВК гавораць, хутчэй, пра падрыхтоўку імітацыі рэформ, чым пра рэальную мадэрнізацыю. На іх думку, дэкаратыўныя змены ў чарговы раз будуць закліканыя прыкрыць нежаданне ажыццяўляць хоцьколькі-небудзь сур`ёзную рэформу выбарчай сістэмы, напрыклад, якая тычылася б гарантаванага ўключэння ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных структур, а таксама давання назіральнікам рэальнай магчымасці сачыць за падлікам галасоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства