Сваякі атрымалі першы ліст ад Андрэя Гайдукова
Арыштаваны "за здраду дзяржаве" аператар наваполацкага "Нафтану" ўжо месяц знаходзіцца пад вартай: спачатку ў мінскім СІЗА КДБ, цяпер у віцебскім СІЗА №2.
У лісце, напісаным яшчэ 29 лістапада, ён просіць, каб сваякі знайшлі іншага адваката.
Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада ў Віцебску. Паводле афіцыйнай інфармацыі КДБ, гэта адбылося "падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы". І толькі цяпер да родных дайшоў першы ягоны ліст, напісаны ў зняволенні, распавядае маці, Вольга Гайдукова:
"Тыдзень таму ліст атрымала сяброўка Андрэя, а нам не даходзіцла нічога. Ведаю, што і нашы лісты да яго не траплялі – толькі дзве паштоўкі ад сястры… Цяпер прыйшоў першы ліст, дата адпраўкі – 3 снежня, але напісаны ён яшчэ ў Мінску, 29 лістапада. Ліст сумны – не такі аптымістычны, як той, што ён напісаў сяброўцы. Хаця, можа мне так падаецца, бо іншыя чыталі, кажуць – нармальны ліст… Ну, ён піша, што фальсіфікацыі супраць яго могуць дайсці да абсурду. Просіць знайсці іншага адваката".
Маці кажа, што з Андрэем працавалі некалькі адвакатаў: адразу па затрыманні – віцебскі адвакат, потым адвакаты з Мінску, спачатку дзяжурны адвакат, потым адмыслова наняты бацькамі.
"Цяпер Андрэй у Віцебску. Трэба, каб і адвакат быў тутэйшы – каб змог сустракацца, прыходзіць, размаўляць. А то Андрэю ж там цяжка… Ен напісаў заяву на імя следчага, каб яму далі тую адвакатку, якая была самая першая, віцебская. Яна і адвакатам працуе, і выкладае на юрыдычным факультэце. Напэўна, у яе з Андрэем склаўся нейкі кантакт, раз ён так хоча. Пагадненне ў нас ужо заключанае – адразу пасля арышту".
Вольга Гайдукова просіць новага адваката, каб тая наведала яго ў СІЗА №2 у бліжэйшую пятніцу, 7 снежня. На той самы дзень у віцебскую абласную ўправу КДБ выкліканы Яўген Канстанцінаў, сябар Гайдукова і кіраўнік незарэгістраванай суполкі "Саюз маладых інтэлектуалаў".
Перад арыштам Андрэй Гайдукоў займаўся рэгістрацыяй суполкі. Паводле меркавання сяброў, яго затрыманне звязана менавіта з грамадскай дзейнасцю, бо і раней супрацоўнікі КДБ пагражалі хлопцу "непрыемнасцямі" за праявы апазіцыйных поглядаў. Абвінавачанне паводле крымінальнага артыкулу 356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці» родныя і блізкія лічаць абсурдным.