viasna on patreon

Магілёўскія чыноўнікі і дэпутаты ігнаруюць стыхійныя сходы гараджан

2012 2012-11-30T17:21:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magil-styh-shod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За тры дні прайшлі тры стыхійныя сходы жыхароў мікрараёна “Юбілейны”, аднак з людзьмі не сустрэўся ні адзін чыноўнік і ні адзін дэпутат. Людзі выступаюць супраць будаўніцтва дамоў на тэрыторыі бярозавага гаю, які быў высаджаны імі 40 год назад. Яны хочуць ведаць адказы на свае пытанні. У пераважнай бальшыні яны не бачаць неабходнасці ўшчыльнення мікрараёна.

“Нам стала вядома, што падрадчыкам выступае ТАА “Домабудаўніцтва”. Мы хадзілі да іх на офіс. Яны паведамілі нам, што будзе спілавана ўсяго 14 дрэваў, прычым з іх словаў 8 дрэваў з’яўляюцца хворымі. Усяго ж у гайку мы налічылі 560 дрэваў. Я так разумею, што калі пачнецца будаўніцтва астатніх дамоў – гай перастане існаваць”, - гаворыць адзін з удзельнікаў стыхійнага сходу.

Усяго ж на тэрыторыі мікрараёна збіраюцца пабудаваць чатыры новыя маналітныя шматпавярховыя дамы. Першы з іх мусіць паўстаць ў жніўні 2013 года. Тэрыторыя аб’екта для будоўлі ўжо агароджана.

Людзі выступаюць супраць будаўніцтва, бо новыя дамы пацягнуць за сабой парковачныя месцы для ўласнага аўтатранспарту, акрамя таго дамы засцяць “хрушчоўкі” і свет ў іх трапляць амаль не будзе.

“Мы збіраем подпісы. Сабрана вельмі шмат, думаю лічба дасягае каля 500. Іх мы высылаем па меры збору ў гарвыканкам і іншыя інстанцыі. Будзем і надалей праводзіць мітынгі і не дапусцім будаўніцтва новых дамоў, бо нашым дзецям і нам недзе будзе прагулівацца”, - эмацыйна гаворыць адна з удзельніц мітынга.

З жыхарамі “Юбілейнага”, якіх сабралася сёння каля 100 чалавек, прыйшоў паразмаўляць і прадстаўнік падрадчыка. Ён адзначыў, што ўсе дакументы на будаўніцтва дамоў узгоднены з кіраўніцтвам горада. Іх падпісаў кіраўнік гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка.

“Мікрараён “Юбілейны” будаваўся ў 60-х гадах. Гэтая частка тэрыторыі тады была пакінута пад будаўніцтва шматпавярховых дамоў. Тады проста не было такіх тэхналогіяў і службаў, якія бы маглі абслугоўваць гэтыя дамы. Нічога новага мы тут не прыдумалі. Мы абяцаем, што замест спілаваных 14 дрэваў мы высадзім новых у тры разы болей. Мы ўжо дамовіліся з зелянгасам”, - гаворыць Канстанцін Кожыч, прадстаўнік “Домабудаўніцтва”.

Прадстаўнік падрачыка таксама адзначыў, што кошт квадратнага метра жылля будзе складаць пяць мільёнаў рублёў. Жыхары ў гэта не веруць, бо кошт на кватэры ў маналітных дамах будзе значна вышэйшым, тым болей, што дамы мусяць паўстаць у адным з элітных раёнаў горада, які знаходзіцца недалёка ад цэнтра.

“Па нашай інфармацыі кватэры ва ўсіх дамах ужо прададзены, хоць іх будаўніцтва яшчэ і не адбылося. Мы баімся, што нашы старыя “хрушчоўкі” не вытрымаюць суседства новых дамоў, бо яны ўжо зараз развальваюцца ад старасці – ім па 50 год, вельмі старыя і камунікацыі. Калі даць большы ціск на падачу вады ў новыя дамы, то не вытрымаюць трубы. Гэта падрадчыка не цікавіць”, - гаворыць яшчэ адзін з удзельнікаў сходу.

Напрыканцы сходу жыхары пастанавілі сабрацца ў чарговы раз і абмеркаваць, наколькі яны прасунуліся ў пытаннях калектыўнага змагання супраць будаўніцтва дамоў. Верагодна гэта будзе панядзелак.

Вядома таксама, што жыхары хацелі звярнуцца да свайго “дэпутата” парламента Эдуарда Сянкевіча, аднак таго разварушыць аказалася цяжка. Стала вядома, што на выходных ён прыязджае ў Магілёў, аднак з жыхарамі сустракацца не будзе. Яго бліжэйшая сустрэча з грамадзянамі мусіць адбыцца толькі 27 снежня. Жыхары “Юбілейнага” толькі развялі рукамі і ў сэрцах пракаментавалі “Ці патрэбен нам такі абраннік?”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства