Былога палітвязня дапыталі з-за атакі на амбасаду Літвы
Уладзіміра Яроменка гвалтам звезлі ў Партызанскі РУУС, каб ён даў тлумачэнні з нагоды інцыдэнту.
Учора маладафронтавец пайшоў адзначацца ў Першамайскі РУУС у крымінальна-выканаўчую інспекцыю, дзе ён знаходзіцца на ўліку пад прэвентыўным наглядам. Калі Уладзімір Яроменак зайшоў да інспектара, яго сустрэлі некалькі работнікаў унутраных спраў:
«Яны прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Партызанскага РУУС і сказалі, што я павінен пайсці з імі. На маё пытанне «навошта?» Яны адказалі «трэба, гэта ненадоўга». Я паспрабаваў патэлефанаваць адвакату, але ў мяне адабралі тэлефон і адвезлі ў Партызанскі РУУС. Там я две гадзіны чакаў следчага».
Само апытанне доўжылася ўсяго пяць хвілін, адзначыў актывіст «Маладога фронту»:
«Следчы цікавіўся, за што я раней быў судзімы і што я рабіў 6 лістапада. Падчас нападу на літоўскую амбасаду я знаходзіўся ў РУУС Маскоўскага раёна, мяне затрымалі з-за акцыі з абліваннем помніка Леніну валяр'янкай. Пра гэта я і сказаў следчаму. Пытаўся, адкуль я даведаўся пра напады. Я сказаў, што прачытаў пра гэта ў СМІ».
Уладзіміра Яроменка хацелі апытаць яшчэ раней, але ён тады сядзеў на Акрэсціна:
«7 лістапада да мяне ў ізалятар прыходзіў супрацоўнік унутраных спраў, які яшчэ тады хацеў узяць у мяне тлумачэнні па нападзе на літоўскую амбасаду, але я адмовіўся, таму што я тады нічога пра гэта не ведаў. Ужо потым я прачытаў у інтэрнэце, што адбылося».