Прызыўніка са Светлагорска звольнілі з працы, бо адмаўляўся ісці ў ваенкамат
12 лістапала раптоўна быў звольнены 19-гадовы супрацоўнік Светлагорскага ўпраўлення буравых працаў Павал Пакідзька. Адміністрацыя назвала прычынай прагул, аднак сам хлопец і ягоныя бацькі лічаць, што такім чынам яго вырашылі пакараць за тое, што адмовіўся ісці ў ваенкамат у дзень, калі знаходзіўся на бальнічным.
Калі Павал выйшаў на працу пасля бальнічнага, начальнік аддзела кадраў Мікалай Чырва (дарэчы, былы старшыня Савета дэпутатаў) запрасіў яго ў свой кабінет, каб выстветліць, чаму супрацоўнік адмовіўся па павестцы пайсці ў ваенкамат. “Сын патлумачыў, што ён быў на бальнічным, хацеў далячыцца, а тады ўжо вырашаць пытанні з ваенкаматам, - тлумачыць маці, Ала Пакідзька. – Але начальнік аддзела кадраў сказаў, што сына звольняць. З-за гэтай размовы Павал не паспеў на спецтранспарт, які давозіць супрацоўнікаў да буравой. У выніку начальства палічыла гэты дзень прагулам, і сапраўды звольніла яго”.
Сваякі збіраюцца звярнуцца ў суд, каб хлапца ўзнавілі на працы і выплацілі маральную кампенсацыю. Суд запланаваны на 12 снежня, аднак ён можа і не адбыцца.
Справа ў тым, што сам Павал зараз знаходзіцца на абследаванні ў Гомелі. “Мы прыехалі на медыцынскую камісію. Ужо на месцы, у Гомелі, высветлілася, што многія дакументы, што пацверджваюць ягоныя захворванні, проста зніклі з асабістай справы. Больш за тое, пасля агляду псіхатэрапеўта Паўла накіравалі ў бальніцу, бо падазраюць у яго падваенне асобы, - кажа маці прызаўніка. – Я пытала ў дактароў: як такое можа быць? Мой сын працаваў у ахове, мае правы кіроўцы, ніколі не быў на ўліку ў псіхіятра. Адкуль тады такі дыягназ?”
Абследаванне працягнецца да 5 снежня. Але бацькі сумняюцца ў сумленнасці дактароў і настойваюць на незалежнай экспертызе, якую правялі б у Мінску.