У Наваполацку падалі заяўку на пікет у падтрымку палітвязняў
Акцыю вырашана прымеркаваць да гадавіны выбараў 19 снежня 2010 года. Пасля акцыі мірнага пратэсту супраць вынікаў выбарчай кампаніі ў зняволенні апынуліся людзі, якія пацярпелі за свае погляды, у тым ліку кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Многія не вызвалены і дагэтуль.
Заяўку ў Наваполацкі гарвыканкам падаў актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Сяргей Малашонак. Актывісты просяць дазволу правесці акцыю 19 снежня гэтага году з 17 да 19 гадзін у раёне плошчы Будаўнікоў.
Праз сайт freeregion.info наваполацкія актывісты запрашаюць далучыцца да акцыі ўсіх землякоў.
Таксама паведамляецца, што актывісты Полацку і Наваполацку патрабуюць вызвалення Андрэя Гайдукова – 23-гадовага аператара "Нафтана", намесніка кіраўніка незарэгістраванай суполкі "Саюз маладых інтэлектуалаў", затрыманага 8 лістапада "за здраду дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці". Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Супраць Гайдукова распачатая крымінальная справа, але знаёмыя і родныя не вераць, што ён мог займацца чымсьці падобным. І лічаць, што яго затрыманне – гэта спроба запалохвання і ціску на моладзевых актывістаў. Падставамі для такіх меркаванняў сталіся ранейшыя выклікі Андрэя Гайдукова на гутаркі з "людзьмі ў цывільным", якія пагражалі хлопцу непрыемнасцямі на працы і вучобе.