Ускладанне кветак да помніка Караткевічу – пад пагрозай затрыманняў
Прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый Віцебска вырашылі адзначыць ўгодкі Уладзіміра Караткевіча – сабраліся 26 лістапада каля помніка славутаму пісьменніку. Чытанне вершаў і выступы аматараў творчасці пісьменніка міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Прысутным давялося разыходзіцца перад пагрозай быць затрыманымі.
"Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні стварылі нам масавасць – нас было паўтара дзесяткі і міліцыянтаў я налічыў 14 чалавек. Непадалёк ад помніка дзяжурыла міліцэйская машына, а ўсіх нас здымаў на відэакамеру "штатны" аператар", - распавёў старшыня гарадской суполкі Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў.
Спачатку міліцыянты толькі назіралі за падзеямі. Тым часам каля помніка прагучалі вершы Уладзіміра Караткевіча, прысутныя пачалі абмяркоўваць розныя надзённыя палітычныя тэмы. Тады і з'явіўся супрацоўнік міліцыі ў форме, але без бэйджа з прозвішчам. Ён заявіў, што тут сабраліся ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства, ды яшчэ з выкарыстаннем атрыбутыкі – меліся на ўвазе бел-чырвона-белыя стужкі, прышпіленыя на грудзях у прысутных.
На просьбу абласнога каардынатара руху "За Свабоду" Хрыстафора Жаляпава назваць сябе міліцыянт прадставіўся маёрам Багданавым. Ён заявіў, што цяпер насіць бэйджы з пазначэннем прозвішча і пасады супрацоўнікі міліцыі не абавязаныя. І прыгразіўся затрыманнем, калі прысутныя тут же не разыйдуцца.
Спадар Жаляпаў не пагадзіўся, сказаўшы, што міліцыя парушае ягоныя канстытуцыйныя правы. А спадарыні з ліку прысутных пачалі прапаноўваць бел-чырвона-белыя стужкі і тым, хто назіраў за імі "па службе".
Усё насамрэч магло б скончыцца затрыманнямі, але урачыстая частка ўшанавання памяці Уладзіміра Караткевіча на той момант ужо была скончана. Але прыватныя размовы каля помніка таксама давялося прыпыніць: супрацоўнікі ў цывільным атачылі прысутных у кола, пачуўшы словы маёра Багданава пра несанкцыянаванае мерапрыемства. Было вырашана не азмрочваць святкаванне ўгодкаў пісьменніка разбіральніцтвам у пастарунку або нават у судзе. Таму на працягу 10-15 хвілін прысутныя разышліся.