viasna on patreon

Праваабаронца Барыс Бухель патрабуе ад міліцыі абвяржэння несапраўднай інфармацыі

2012 2012-11-23T13:58:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shachanok-buhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Праваабаронца з Магілёва Барыс Бухель адпаведную прэтэнзію накіраваў на адрас начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкаму сп. Балейкі. Нагодай для гэтага стала публікацыя, змешчаная на сайце ўпраўлення 8 снежня 2011 года, пад назвай «Каждый, право, имеет право…», или какое право защищает правозащитник Борис Бухель?».

Гэта публікацыя ставіла пад сумнеў сапраўднасць інфармацыі, пададзенай у артыкуле «У Быхаўскім раёне міліцыянты падрабілі пратаколы», якая раней з’явілася ў інтэрнэце са спасылкай на сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». Міліцыянты абвінавацілі Барыса Бухеля ў тым, што ён у якасці аргументаў выкарыстоўвае неправераную інфармацыю і хлуслівыя факты, а жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок, які звяртаўся да праваабаронцы па дапамогу, быў абвінавачаны ў хлуслівых выказваннях на адрас супрацоўнікаў міліцыі і нібыта ніхто ніякія адміністратыўныя пратаколы не фабрыкаваў.

“Перапіска з праваахоўнымі органамі даказала адваротнае - што міліцэйская публікацыя з’яўляецца паклёпніцкай і ганьбіць мой гонар і годнасць праваабаронцы, бо праваабарончай дзейнасцю я займаюся з 1997 года і дапамагаю людзям бараніць іхныя правы”, - гаворыць Барыс Бухель. - Следства даказала, што адміністратыўная справа на Аляксандра Шачанка была сфабрыкаваная міліцыянтам Віталём Вашчылай. Экспертыза почарка, якая праходзіла двойчы пацвердзіла той факт, што пад пратаколам стаіць подпіс не Аляксандра Шачанка і запіс у пратаколе зроблены не ягонай рукой”.

Па выніках праверкі міліцыянта Віталя Вашчылу прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства, вынеслі яму вымову і пазбавілі прэміі на 100%. Гэтым спачатку і абмежаваліся.

“Разам з Аляксандрам Шачанком мы працягвалі перапіску з праваахоўнымі органамі амаль год і дабіліся таго, што ўчастковага Вашчылу звольнілі з міліцыі, а ягонае начальства было дэпрэміравана і атрымала строгія вымовы. Зараз мы змагаемся за тое, каб несумленнага міліцыянта прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за падлог дакументаў”, - паведамляе Барыс Бухель.

Праваабаронца лічыць, што гэтых доказаў дастаткова, каб з’явілася абвяржэнне інфармацыі пра яго і Аляксандра Шачанка на абласным сайце міліцыі. “Мы маем, паводле закона, на гэта поўнае права. Я хачу, каб міліцыянты выбачыліся перада мной і Аляксандрам Шачанком за гэты артыкул”.

Барыс Бухель адзначае, што калі міліцыянты не прынясуць свае прабачэнні, то ён і Аляксандр Шачанок будуць бараніць свой гонар і годнасць праз суд, і матэрыялаў для суду болей чым дастаткова.

Нагадаем, што бытавая спрэчка паміж Аляксандрам Шачанком і яго суседам з-за сметніцы бытавых адыходаў стала нагодай для судовага разбіральніцтва. Пра тое, што Аляксандр Шачанок фігуруе ў адміністратыўнай справе, ён даведаўся пасля таго, як яму прыйшла позва ў суд. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта збіў сваю суседку. Падчас судовага пасяджэння быхаўчанін азнаёміўся з матэрыяламі справы і заявіў, што подпісы і запіс на пратаколе зроблены не яго рукой. Сфабрыкаваная супраць Шачанка справа развалілася ў судзе, бо не было нават заявы пацярпелай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства