viasna on patreon

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнні па справе Уладзіслава Кавалёва

2012 2012-11-22T14:34:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavaliova_liubou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва

Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва атрымала рашэнне КПЧ ААН. Зварот быў разгледжаны ў рэкордна кароткі тэрмін - меньш за год. Камітэт прызнаў, што следства праводзілася са шматлікімі памылкамі,  да Кавалёва прымянялася фізічная сіла і прымус даваць паказанні супраць сябе, суд не быў бесстароннім і, галоўнае, было парушана права на жыццё.

Зварот у Камітэт па правах чалавека Любоў Кавалёва і яе дачка Таццяна Казяр падалі 14 снежня 2011 года, і ўжо на наступны дзень ён быў зарэгістраваны.

Дзяржава падчас перапіскі з КПЧ увесь час аспрэчвала сам факт рэгістрацыі скаргі, хоць працэдура рэгістрацыі ўпрынцыпе ні адной краінай свету не абскарджвалася. У сваіх адказах беларускія ўлады падкрэслівалі, што загадзя вядома, што рашэнне Камітэта будзе палітызаваным, а таму дзяржава не будзе да яго прыслухоўвацца.

21 лістапада Любоў Кавалёва атрымала канчатковае рашэнне КПЧ, аформленае за 14 лістапада. Па словах юрыста і праваабаронцы Рамана Кісляка, упершыню Камітэт так хутка разгледзеў справу. "Звычайна на гэта патрабуецца 3-5 год, адну з беларускіх справаў разглядалі нават 9 год. Дагэтуль на разглядзе КПЧ знаходзяцца яшчэ 4 справы па вынесеных у Беларусі смяротных пакараннях. Магчыма, іх разгледзяць у наступным годзе".

Камітэт па правах чалавека ААН у сваім рашэнні прызнаў, што падчас следства ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва прымянялася фізічная сіла, яго прымушалі даваць паказанні супраць сябе. Беларуская дзяржава ніяк не пракаментавала гэтую выснову, расследаванне, якое б аспрэчыла гэтыя факты, не праводзілася.

Наступнае прызнанае парушэнне - Кавалёў не быў дастаўлены ў суд пасля затрымання, каб суддзя вырашыў, ці будзе ён знаходзіцца ў СІЗА, ці ён да суда будзе знаходзіцца пад падпіскай.

Таксама ў справе Кавалёва была парушаная прызумпцыя невінаватасці. Уладзіслава трымалі ў кайданках і клетцы падчас судовага разбіральніцва. Менавіта ў такім выглядзе ён быў паказаны ў СМІ, а гэта фарміравала стаўленне да яго, як да злачынцы. Апроч таго, дзяржаўныя медыя не стрымлівалі сябе ў ацэнках абвінавачваемага, называючы Кавалёва тэрарыстам яшчэ да вынясення прысуду (напрыклад, інфармацыйная агенцыя БелТА).

Вярхоўны суд, які разглядаў справу аб выбуху ў мінскім метро, не з'яўляўся бесстароннім, адзначана ў рашэнні. Выснова грунтуецца на тым, што хадатайніцтва адваката Станіслава Абразея ўвесь час адхіляліся, а пракурора Аляксея Стука - увесь час задавальняліся.

КПЧ таксама прызнаў, што было парушана права на жыццё і права на абскарджванне асуджэння і выраку. У адносінах да заяўнікаў Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр КПЧ прызнаў парушэнне права на атрыманне цела забітага сваяка і інфармацыі пра час і месца ягонага пахавання.

Больш за тое, Камітэт рэкамендаваў дзяржаве змяніць ч.5 арт.175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, паводле якога родным забараняецца выдача цела. Таксама дзяржаве рэкамендавана апублікаваць рашэнне КПЧ у дзяржаўных выданнях. Дакумент дасылаецца як заяўнікам (Кавалёвай і Казяр), так і прадстаўнікам улады (Міністэрству замежных справаў).

Па словах юрыста Рамана Кісляка, дзяржава фактычна адхілілася ад тлумачэнняў і каментарыяў па справе. У ліпені ўлады даслалі ў Камітэт фільм "Метро" вытворчасці "Агенцтва тэлевізійных наванаў" (БТ), прычым, што дзіўна, на нямецкай мове, хоць працоўныя мовы КПЧ - руская і ангельская.

Любоў Кавалёва адзначыла: "На жаль, смяротнае пакаранне ўжо нічога не можа змяніць. Але мая задача - рэабілітаваць сына ў вачах людзей. Рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН пацверджвае, што нашыя пытанні і нязгоды да следства і суда былі абгрунтаванымі. Гэта значыць, што сапраўдныя тэрарысты знаходзяцца на волі. Больш за тое, праваахоўчыя органы не шукаюць іх. Мы будзем распаўсюджваць інфармацыю пра рашэнне Камітэта ў СМІ, каб як мага болей людзей даведаліся, што насамрэч адбываецца ў нашай праваахоўчай і судовай сістэме."

Раман Кісляк і Людміла Гразнова дадалі, што праваабаронцы таксама будуць спрыяць распаўсюду інфармацыі і рабіць усё магчымае, каб дзяржава звяртала ўвагу на рашэнні КПЧ і пасля гэтага адбыліся сістэмныя змены.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства