Беларусь плануе вывучыць міжнародны досвед па пытаннях кантролю Інтэрнэту на заканадаўчым узроўні
Пра гэта паведаміў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч. Па словах службоўцы, рашэнне аб рэгуляванні працы СМІ ў глабальнай сетцы было прынятае не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.
Па звестках “Телеграфа” са спасылкай на БЕЛТА, пра такі намер беларускага боку міністр паведаміў падчас наведвання III Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Тыдзень моды на здароўе”, што пачала працу ў Менску.
Як паведаміў Уладзімір Русакевіч, у сувязі з тым, што Інтэрнэт атрымаў шырокае развіццё, у планы Міністэрства інфармацыі ўваходзіць занясенне некаторых зменаў у Закон аб друку.
“Мы не плануем перашкаджаць працы Інтэрнэту, але лічым сваім абавязкам вывучыць дзейнасць ведамстваў іншых краін у гэтым кірунку, а таксама занесці адпаведныя змены ў Закон аб друку”, – пракаментаваў Уладзімір Русакевіч.
У той час 31 студзеня на выніковай калегіі ўпраўлення ідэалагічнай працы Гарадзенскага аблвыканкама першы намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандр Слабадчук адзначыў, што без СМІ немагчыма эфектыўна праводзіць ідэалагічную працу.
Па яго словах, СМІ дапамагаюць дзяржаве развіваць прыярытэтныя кірункі яе дзейнасці. Сюды ўваходзіць экспарт, жыллё, харчовая бяспека, здаровы лад жыцця, дэмаграфічная сітуацыя, сям’я, адукацыя, развіццё вёскі, навукаёмістыя тэхналогіі, а таксама выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
“СМІ павінны мабілізоўваць насельніцтва на рашэнне самых важных народнагаспадарчых задач, якія былі пастаўленыя на Усебеларускім народным сходзе”, – заявіў Аляксандр Слабадчук.