viasna on patreon

Абласная газэта “Гомельская праўда” пагадзілася без працэдуры судовага разьбіральніцтва апублікаваць абвяржэньне абразьлівых зьвестак у дачыненьні да старшыні Гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП Андрэя Толчына

2007 2007-01-30T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы мінулага году “Гомельская праўда” ў артыкуле “А вы, друзья, как ни садитесь…” за аўтарствам некага Пятра Кузьміна аднесла спадара Толчына “да нізоў дэмакратычнага руху Гомельскага рэгіёну”, у зьдзеклівай форме падала несапраўдныя зьвесткі пра яго і яго сям’ю.

Не атрымаўшы адказу з рэдакцыі на свае пярэчаньні, Андрэй Толчын зьвярнуўся ў суд Чыгуначнага раёну з пазовам да “Гомельскай праўды”.

Паводле прапановы судзьдзі Крупадзёрава, бакі пагадзіліся мірным чынам ўрэгуляваць спрэчку.

“Прадстаўнікі “Гомельскай праўды” пагадзіліся апублікаваць абвяржэньне свайго артыкулу. І калі яно будзе надрукаванае ў той форме й выглядзе, як мы гэта зрабілі, тады я здыму свае прэтэнзіі да іх. Мяне вельмі моцна абразілі: абазвалі бамжом, прычым у такім кантэксьце, нібыта я наогул нейкі адшчапенец. Газэта так робіць у дачыненьні да дэмакратаў, пачынаючы зь 90-х гадоў. Таму лічу: таго, хто нашкодзіў, трэба прыцягваць да адказнасьці,” - патлумачыў сп.Толчын Радыё Свабодзе.

Прадстаўніца газэты Алена Аленчанка цьвердзіла, што рэдакцыя згодна апублікаваць абвяржэньне ды прынесьці прабачэньне партыйнаму актывісту.

Што да аўтара публікацыі Пятра Кузьміна, то напачатку спадарыня Аленчанка казала, што гэта – пазаштатны аўтар “Гомельскай праўды”. А калі Андрэй Толчын запатрабаваў асабістай сустрэчы з ім у судзе, журналістка Аленчанка заявіла: аўтарка артыкула – яна сама.

На першапачатковы варыянт абвяржэньня непраўдзівых зьвестак прадстаўніца “Гомельскай праўды” не пагадзілася. Таму спадар Толчын разам з юрыстам Леанідам Судаленкам, падрыхтавалі і накіравалі ў суд Чыгуначнага раёну новы тэкст абвяржэньня.

“Гэта – прэцэдэнт. Бо раней ніколі партыйцы рэгіёну не спрабавалі абвергнуць тую лухту і бруд, што рэгулярна выплёскваюць на іх дзяржаўныя газэты,”- сьцярджае сп.Судаленка.

Ад спагнаньня з “Гомельскай праўды” ды аўтара грашовай кампэнсацыі за нанесеную маральную шкоду актывіст АГП адмовіўся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства