Вярхоўны суд Беларусі адмовіў Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі (КХП-БНФ) у завядзеньні крымінальнай справы па факце фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў
Пра гэта паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні партыі Юрый Беленькі.
19 студзеня 2007 Сойм КХП БНФ запатрабаваў ад Вярхоўнага Суда "распачаць крымінальную справу ў сувязі з паведамленьнем А.Лукашэнкі аб яго ўдзеле ў фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, што прайшлі 19 сакавіка 2006 года".
Падставай для звароту ў Вярхоўны суд Беларусі сталі словы Аляксандра Лукашэнка, прамоўленыя ім на прэс-канферэнцыі ўкраінскім журналістам 23 лістапада 2006 года: "...Так, апошнія выбары мы сфальсыфікавалі. Я ўжо заходнікам гэта казаў. За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавалі 93,5 працэнта. Кажуць - гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І, калі зараз пачаць пералічваць бюлетэні, то я не ведаю, што з імі рабіць наогул".
"Мы вельмі апэратыўна атрымалі адказ з Вярхоўнага суда. У ім сказана, што разгляд нашай заявы не знаходзіцца ў кампэтэнцыі Вярхоўнага суда Беларусі", - паведаміў Юрась Беленькі.
Паводле яго, гэта "дзіўны адказ", ён лічыць, што "юрысты павінны пры вынясеньні такога рашэньня спаслацца на канкрэтны артыкул заканадаўчага акта, які вызначае кампэтэнцыю Вярхоўнага суда ў гэтым пытаньні”.