Марэк Мігальскі заклікае палітыкаў дабівацца сустрэчаў з палітвязнямі
Еўрапейскія палітыкі павінны дабівацца магчымасці сустрэчаў з беларускімі палітвязнямі, лічыць еўрадэпутат Марэк Мігальскі. З чарговым заклікам ён звярнуўся да прадстаўніка Еўрасаюза ў Беларусі Майры Моры, у меру магчымасці наведаць палітвязня Змітра Дашкевіча, які цягам апошняга часу падвяргаўся жорсткаму пераследу ў турме.
– Звяртаюся да нашага прадстаўніка ў Мінску, каб прыпамінаў пра магчымасці кантакту з вязнямі, таму што нават, калі такія кантакты не адбываюцца, то беларускія ўлады чуюць ціск і пэўны клопат з боку ЕС. І сам гэты факт крыху дапамагае людзям, каторыя цяпер у турмах. Думаю, што ёсць сэнс у ціску па справе канкрэтных палітвязняў, бо гэта паказвае Лукашэнку, што клапоцімся не пра нейкіх абстрактных выдуманых вязняў, але канкрэтных людзей і назіраем за тым, у якіх умовах яны адбываюць кару.
Майра Мора адказала на заяву еўрадэпутата і адзначыла, што сітуацыя, якая склалася вакол палітвязняў у Беларусі стане на парадку дня падчас яе бліжэйшай сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі.