Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі адзначаць у Варшаве
Сёння дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі адзначаць ў Варшаве. У 18 гадзінаў палякі і беларусы, якія пражываюць у Варшаве, выйдуць з партрэтамі вязняў сумлення ў Беларусі, каб у чарговы раз нагадаць свету аб тым, што ў еўрапейскай краіне ў ХХІ стагоддзі ў турмах пакутуюць людзі за палітычныя перакананні.
Такія акцыі вельмі важныя, асабліва таму што па-за межамі Беларусі ўдзел у іх не пагражае арыштам ці штрафам, кажа еўрадэпутат Марэк Мігальскі, бюро якога далучылася да арганізацыі мерапрыемства ў Варшаве.
– Такія акцыі салідарнасці з беларусамі, з апазіцыйнымі дзеячамі вельмі важныя. Тым больш, што ў краінах Захаду, за ўдзел у такіх дэманстрацыях нічога не пагражае. Трэба толькі выйсці з дома і мець жаданне ўзяць удзел у акцыі, шкада, што ў такіх акцыях бярэ удзел не так шмат людзей, як мы хацелі б. Трэба памятаць, што за прыняцце ўдзелу ў якіх-кольвек акцыях у Беларусі пагражаюць рэпрэсіі. На шчасце, на Захадзе можна выйсці і паказаць сваю салідарнасць з тымі, хто на яе заслугоўвае.
Акцыя салідарнасці адбудзецца сёння а 18 гадзіне каля Касцёла Св. Ганны ў Варшаве.