Управа юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму не зарэгістравала магілёўскае моладзевае аб’яднаньне “Дзіцячая правая дапамога”.
Управа юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму не зарэгістравала магілёўскае моладзевае аб’яднаньне “Дзіцячая правая дапамога”, бо ягоныя арганізатары не змаглі атрымаць даведку пра юрыдычны адрас.
З дапамогай магілёўскіх праваабаронцаў чатырнаццаць вучняў старэйшых клясаў стварылі моладзевую праваабарончую арганізацыю. Як ужо паведамляла “Свабода”, у чэрвені юнакі і дзяўчаты выдавалі сваю газэту “Азірніся”, знаёмілі падлеткаў з Законам аб правах дзіцяці, дапамагалі арганізаваць іхны адпачынак. Спасылаючыся на гэты закон, маладыя праваабаронцы паспрабавалі зарэгістраваць сваю арганізацыю.
Але іхная ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў мясцовых уладаў. Чыноўнікі ўправы юстыцыі патлумачылі дзецям, што памяшканьне для юрыдычнага адрасу яны могуць знайсьці толькі ў адукацыйных установах. Тым часам начальнік абласной управы юстыцыі Валеры Багданаў адмовіўся выдаць даведку пра юрыдычны адрас арганізацыі на той падставе, што ейная старшыня Вольга Гарошка ня мае васямнаццаці гадоў. Вольга Гарошка лічыць, што рашэньне чыноўнікаў не адпавядае заканадаўству.
(Гарошка: ) “Яны парушылі 26 артыкул Закону “Аб правах дзіцяці”, паводле якога дзеці могуць зьбірацца самастойна без старэйшых кіраінікоў”.
Радыё Свабода.