Вызваленне палітвязняў застаецца прыярытэтам Еўрасаюза
Еўрапейскі парламент будзе працягваць намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў, а таксама будзе рабіць чарговыя захады, каб была магчымасць наведвання іх ў турмах. Да гэтай пары ўсе спробы еўрадэпутатаў наведаць палітвязняў у Беларусі былі адхіленыя афіцыйным Мінскам, сказаў у размове з нашым радыё старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Філіп Качмарэк.
– Ва ўсіх краінах, дзе ёсць палітвязні, Еўрасаюз прабуе арганізоўваць такія сустрэчы хаця бы па прычынах гуманітарных, а не палітычных. Часам трэба праверыць ці дадзеная асоба жывая, у якіх умовах адбывае пакаранне. Будзем старацца рабіць гэта ў большым маштабе, каб зрабіць з гэтага акцыю, якая з'яўляецца сама сабой формай націску на белурускія ўлады.
Па словах старшыні дэлегацыі па справах Беларусі ў Еўрапарламенце, пытанне беларускіх палітвязняў вельмі пільна адсочваецца на самым высокім узроўні. Чакаецца, што еўрадэпутаты ізноў вернуцца да пытання палітвязняў у Беларусі ў снежні, калі будзе абмяркоўвацца справаздача па выконванні правоў чалавека ў свеце.