Вердыкт дзяржаўнай прапаганды: беларусы да дэмакратыі не гатовы
З разважаннямі наконт дэмакратыі выступіў у гомельскай газеце «Савецкі раён» штатны карэспандэнт Аляксандр Яўсеенка. Стымулам напісаць чарговы артыкул для яго стала інтэрв'ю прэзідэнта англійскім журналістам. Замежныя журналісты са сваімі пытаннямі да Аляксандра Лукашэнкі відаць, вельмі абурылі яго цёзку, карэспандэнта Яўсеенка.
Яму чамусьці інтэрв'ю нагадала «размову з глухім, урок палітграматы ці гульню ў адны вароты».
Дзяржаўны карэспандэнт вельмі шкадуе свайго прэзідэнта, які, па яго версіі, «бітую гадзіну спрабаваў патлумачыць замежнаму карэспандэнту дзве ісціны, што ў чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць, і што дэмакратыі трэба вучыцца не год і нават не дзесяцігоддзі». «Усё без плёну!», - усклікае абураны гомельскі карэспандэнт, і дадае, што яго замежны калега «страціў пачуццё рэальнасці, і здольнасць да аргументаў свайго апанента прыслухоўвацца».
Аўтар артыкулу ўпэўнены, услед за паважаным ім прэзідэнтам, што «беларусы да дэмакратыі не гатовы». І ілюструе сваё, падзеленае і прэзідэнтам, меркаванне, прыкладамі. Піша пра тое, што грамадзянін Аўстрыі можа не браць бальнічны, а проста адсутнічаць на працы тры дні, папярэдзіўшы начальства праз тэлефонны званок. «Уявіце, каб у нас такое ўвялі? Ды ў паловы (калі не больш) вострыя прыступы невядомых хвароб кожны тыдзень пачнуць здарацца. А кватэры для бамжоў у Германіі? Палова беларусаў на наступны дзень у чаканні халявы ў разрад бамжоў запішуцца», - упэўнена даводзіць Аляксандр Яўсеенка.
Ён рэзюмуе, што «свядомасць у нас пакуль не дарасла да таго, каб дабротамі не злоўжываць і сацыяльную адказнасць за свае ўчынкі адчуваць».
Нічога дзіўнага. Беларусы заўсёды ва ўсім вінаватыя – перад прэзідэнтам і дзяржаўнымі журналістамі.
Вядомы амерыканскі лінгвіст, публіцыст і філосаф Ноам Хомскі склаў спіс «10 спосабаў маніпулявання людзьмі з дапамогай СМІ». Як з беларускіх дзяржаўных СМІ спісаў! Сярод дзесяці ёсць такія спосабы, як «звяртацца да народа як да малых дзяцей», «трымаць людзей у невуцтве, культывуючы пасрэднасць», «ведаць аб людзях больш, чым яны самі аб сабе ведаюць», «узмацняць пачуццё уласнай віны». Апошняе амерыканскі лінгвіст і філосаф тлумачыць так: «Прымусіць чалавека паверыць у тое, што толькі ён вінаваты ў асабістых няшчасцях, якія адбываюцца з-за недахопу яго разумовых магчымасцяў, здольнасцяў ці высілкаў».