Ужо вядома, хто будзе ліквідоўваць «Плятформу»
Установа «Плятформа», якая займаецца абаронай правоў вязьняў, падала апэляцыйную скаргу на рашэньне Менскага гаспадарчага суду аб закрыцьці арганізацыі.
«Мы падалі ў адпаведны тэрмін скаргу ў апэляцыйную інстанцыю Менскага
гаспадарчага суду. Спадзяемся на разгляд скаргі ў вызначаны законам
тэрмін, але адзначаем, што ўжо атрымалі і паведамленьне пра стварэньне
ліквідацыйнай камісіі, якая зоймецца ліквідацыяй „Плятформы“. Вось
гэтак — рашэньне суду яшчэ не ўступіла ў сілу, а ліквідацыйная камісія
ўжо пачынае дзейнічаць», — пракамэнтавала сытуацыю актывістка
«Плятформы» Алена Красоўская-Касьпяровіч.
9 кастрычніка судзьдзя Менскага гаспадарчага суду Алег Клюйко пастанавіў
задаволіць пазоў падатковай інспэкцыі да «Плятформы» і закрыць
арганізацыю. Праваабаронцам паставілі ў віну парушэньне парадку
справаздачнасьці і тое, што іхні офіс нібыта не знаходзіўся
на пазначаным у дакумэнтах юрыдычным адрасе.
Праваабаронцы назвалі гэтае рашэньне выкананьнем загаду на ліквідацыю
арганізацыі, якая абараняла правы вязьняў. Пра закрыцьцё «Плятформы»
былі праінфармаваныя эўрапейскія структуры і ААН.
«Ліквідацыя „Плятформы“ — яшчэ адзін доказ парушэньня правоў вязьняў
у Беларусі», — пракамэнтаваў рашэньне суду кіраўнік арганізацыі, былы
палітвязень Андрэй Бандарэнка.