У падпісны каталог «Белпошты» ізноў не ўключылі шэраг незалежных выданняў.
На сайце «Белпошты» можна азнаёміцца з падпісным каталогам на 1-е паўгоддзе 2013. У ім па-ранейшаму няма шэрагу незалежных выданняў — ні найбуйнешых рэгіянальных выданняў «Intex-press» і «Борисовские новости», ні газеты «Новы час».
Для барысаўскага выдання гэты факт стаў чарговым бар’ерам на шляху да чытача. 17 кастрычніка рэдактар «БН» Анатоль Букас паведаміў пра адмову 15 гандлёвых кропак прадаваць газету.
Зрэшты, яшчэ год таму сп. Букас заявіў, што не бачыць сэнсу спрабаваць вярнуцца ў каталог «Белпошты».
Тым часам, пра запатрабаванасць незалежнай рэгіянальнай прэсы сведчыць прыклад газеты «УзГорак», якая ад 2009 года распаўсюджваецца ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах. Як кажа галоўны рэдактар выдання Галіна Будная, супрацоўнікі рэдакцыі не паспяваюць правяраць факты паводле скаргаў жыхароў Горак наконт наступстваў «Дажынак».
У пачатку 2006 года больш за дзясятак незалежных выданняў апынуліся па-за дзяржаўнай сістэмай распаўсюду. Іх не ўключылі ў падпісны каталог «Белпошты» і выключылі з продажаў праз сетку «Белсаюздрук». Матывавалі гэта эканамічнай немэтазгоднасцю. У 2008 годзе ў падпісныя каталогі пошты і шапікі «Белсаюздруку» вярнуліся газеты «Наша Ніва» і «Народная воля». Яшчэ праз два гады вярнулі ў афіцыйны распаўсюд рэгіянальную газету «Ганцавіцкі час».