Зьмітра Дашкевіча да канца тэрміну адправілі ў «крытую» турму
Выязны Мазырскі суд пастанавіў накіраваць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў «крытую» турму строгага рэжыму.
У якую дакладна турму накіруюць Дашкевіча, стане вядома
толькі пасьля яго прыбыцьця. «Але вядома, што этап у яго ўжо
сёньня», — паведаміла нявеста палітвязьня Наста Палажанка, якая чакала
рашэньня суду каля ўваходу ў калёнію. Вось што Наста Палажанка паведаміла
ў тэлефоннай размове адразу пасьля сустрэчы з адвакатам пра
абгрунтаваньне такога рашэньня суду:
«Да яго былі стандартныя пытаньні — давяраеш суду
ці не давяраеш. Ён адказаў, што не давярае. А калі
дапытваліся пра лінію паводзін, якую абраў у калёніі, ён заявіў, што
лічыць сябе невінаватым і таму мае маральнае права не выконваць незаконныя,
як ён лічыць, патрабаваньні».
Карэспандэнт:
«Як ён выглядае, як сябе паводзіў?»
Палажанка:
«Выглядаў быццам нармальна, але, безумоўна, хвалюецца перад новым этапам. Тым
больш ён будзе дастаткова хутка — адразу пасьля суду».
З трох турмаў — магілёўскай, гарадзенскай і жодзінскай —
Зьміцер Дашкевіч можа апынуцца ў дзьвюх — гарадзенскай
ці жодзінскай, бо магілёўская турма прызначаная для тых вязьняў, якія
адбываюць тэрміны ўпершыню. Паводле Насты Палажанкі, Дашкевіч мяркуе, што яго
накіруюць у Гарадзенскую турму. Прычыны, чаму ён так лічыць,
актывістцы невядомыя.
Вось як Наста Палажанка пракамэнтавала тое, што Зьмітра Дашкевіча вырашылі
накіраваць у «крытую» турму:
«Безумоўна, гэта пагаршэньне ўмоваў для яго: новы этап, новыя людзі, новая
турма. Толькі месяц таму ў яго быў этап, і зараз будзе новы —
гэта такое вымотваньне чалавека. Яго хочуць больш ізаляваць, каб
і зьняволеныя ня бачылі і ня ведалі пра яго. Але
найперш — пагоршыць яму ўмовы».
Год пазбаўленьня волі, які Зьміцер Дашкевіч атрымаў за непадпарадкаваньне
адміністрацыі, скончыцца ў жніўні. Такім чынам, рэшту гэтага тэрміну
актывіст правядзе ў крытай турме, калі яго ня вызваляць,
як сталася зь некаторымі палітвязьнямі, датэрмінова.