viasna on patreon

Аляксей Паўлоўскі скардзіцца на парушэнне працэдуры вядзення судовага працэсу

2012 2012-10-24T13:24:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пададзенай сёння, 24 кастрычніка, скарзе на імя начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама сп.Маймусава ён просіць правесці службовае раследванне і прыцягнуць старшыню суда Ленінскага раёна Галіну Кужалеву да адказнасці за парушэнне працэдуры вядзення судовага пасяджэння.

Аляксей Паўлоўскі таксама просіць абавязаць яе вынесці дадатковае рашэнне аб адмене рашэння суда Ленінскага раёна ад 19 кастрычніка 2012 года ў частцы спагнання з яго дзяжаўнай пошліны ў памеры 300 тысяч рублёў.

Паводле Аляксея Паўлоўскага суддзя Галіна Кужалева не толькі парушыла працэдуру вядзення судовага працэсу, але і праігнаравала ягоныя аргументы і не прыняла да ўвагі доказы, якія прадастаўляў актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП.

Нагадаем, што прычынай для судовага разбіральніцтва сталі словы Эдуарда Сянкевіча падчас тэледэбатаў з Аляксеем Паўлоўскім. Пракурор Магілёўшчыны  адмаўляў факт падзення сцяны на будуючымся заводзе па вырабу мэблі маркі “ІКЕА”. У Аляксея Паўлоўскага ж былі ў наяўнасці фотаздымкі аб адбыўшымся інцыдэнце, тым болей, што мясцовае тэлебачанне рабіла пра гэта сюжэт.

Апроч таго, пракурор Эдуард Сянкевіч папракнуў Паўлоўскага тым, што ён не жадае працаўладкоўвацца, што яму 53 гады, а ён усё сядзіць на шыі выбаршчыкаў.

Прафсаюзны актывіст пасля такіх выказванняў убачыў знявагу ў свой адрас і падаў пазоў у суд. Ён прасіў праз суд абавязаць Эдуарда Сянкевіча выплаціць яму 10 млн рублёў маральнай шкоды.

Сам пракурор у суд не з’явіўся. Ён пісьмова прадаставіў свае аргументы, якія зачытала суддзя. Яна палічыла, што ніякага распаўсюджвання несапраўдных звестак Эдуардам Сянкевічам не было, ніхто не ганьбіў годнасць і гонар Аляксея Паўлоўскага, тым болей што гэта былі перадвыбарчыя тэледэбаты. Сам жа актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП збіраецца абскарджваць рашэнне суддзі Галіны Кужалевай у Магілёўскім абласным суддзе.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ў судзе суддзя Галіна Кужалева парушыла шэраг абавязковых працэдур вядзення судовага пасяджэння. Гэта і стала нагодай для скаргі яе вышэйстаячаму начальству.

“Па-першае, Аляксей Паўлоўскі пры падачы пазову прасіў суддзю, каб яго, як беспрацоўнага, вызвалілі ад пошліны. Суддзя адмовіла і ўказала, што Паўлоўскі мусіць аплаціць пошліну ў памеры 300 тысяч рублёў, што ён і зрабіў. Аднак, пры абвяшчэнні рашэння яна нечакана сказала, што ён мусіць даплаціць яшчэ 300 тысяч рублёў. Адказаць на пытанне, чаму яна так зрабіла суддзя адмовілася. Па закону яна павіна была ўдакладніць ці зразумела яе рашэнне.

Па-другое, Галіна Кужалева 18 кастрычніка абвесціла перапынак да 14-30 наступнага дня. Аднак, калі ўсе прыйшлі на чарговае пасяджэнне, то яна, нечакана для ўсіх, агучыла сваё рашэнне без працягу судовага пасяджэння і без абвяшчэння таго, што яна ідзе ў дарадчы пакой для вынясення рашэння.

Па-трэцяе, у судзе былі прад’яўлены доказы таго, што сцены будуючагася завода абрынуліся і што пракуратура не правяла адпаведнага раследвання. Аднак суддзя адмовілася выносіць прыватнае вызначэнне ў бок пракуратуры.

Па-чацвёртае, суддзя прыняла дакументы, прадастаўленыя Эдуардам Сянкевічам без даты. Гэта парушэнне Закона. Паводле яго яны не маюць юрыдычнай сілы”, - кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства