Васілю Парфянкову можа пагражаць карцэр
Пра гэта паведаміла спадарыня Вольга, якая даўно вядзе перапіску з палітвязням. Па яе словах, прычынай вымовы стала тое, што Васіль не здолеў раніцай узняцца з ложка. Ён тры разы пісаў заявы на сустрэчу з доктарам, бо захварэў. Аднак сустрэцца з ім не дазволілі. Цяпер вязню можа пагражаць пакаранне ў ШІЗА.
У лісце, датаваным 16 кастрычніка, Васіль Парфянкоў піша, што ў сувязі з пахаладаннем на вуліцы, у самой камеры стала вельмі халадно. Раней ён сядзеў у памяшканні падвальнага тыпу, пасля перавялі ў іншую камеру, з лепшымі ўмовамі, але тэмпература там усё адно нізкая. Вязень вымушаны спаць у адзенні.
Па словах спадарыні Вольгі, агулам настрой у Васіля Парфянкова бадзёры. "Ён піша, што з гонарам будзе праходзіць гэтае выпрабаванне. Ніякія прашэнні аб памілаванні пісаць не будзе", - дадала яна.