Дыялогу па мадэрнізацыі патрабуецца дынаміка
Праграму развіцця Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі абмеркавалі падчас круглага стала, які прайшоў 17 кастрычніка ў офісе Прадстаўніцтва ЕС у Мінску.
Карціну цяперашніх узаемаадносін паміж ЕС і Беларуссю Пасол Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Майра Мора назвала «даволі змрочнай», аднак у сваім выступе яна таксама адзначыла, што «Еўрасаюз з самага пачатку дыялогу па мадэрнізацыі абвясціў аб тым, што супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю - гэта інвестыцыі ў будучыя адносіны з Беларуссю». Па словах прадстаўніка ЕС, «першы этап дыялогу па мадэрнізацыі ўжо стымуляваў з'яўленне добрых і цікавых ідэй па паляпшэнню сітуацыі ў Беларусі».
Аб прамежкавых выніках дыялогу па мадэрнізацыі, наяўных праблемах і яго магчымых перспектывах расказаў кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Сярод прыярытэтных напрамкаў для развіцця дыялогу па мадэрнізацыі ён вылучыў некалькі асобных блокаў, прысвечаных палітычным складнікам дыялогу, пытанням мадэрнізацыі судовай сістэмы і праваахоўнай дзейнасці, а таксама эканамічным і сацыяльным рэформам.
Асобную ўвагу ў сваім выступе Андрэй Ягораў надаў прапановам па далейшых кірунках развіцця дыялогу па мадэрнізацыі. На думку эксперта, «адсутнасць паўнавартаснай камунікацыі з грамадска-палітычнымі групамі, зацікаўленымі ў мадэрнізацыйных рэформах, і разбалансаванасць экспертных груп, якія былі задзейнічаныя ў дыялогу, не спрыяюць яго развіццю».
Аб балючых месцах дыялогу па мадэрнізацыі казаў падчас круглага стала і старшыня каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці Уладзімір Мацкевіч. Адзначыўшы цэлы шэраг праблем (маналагічнасць дыялогу, няроўнасць удзельнікаў дыялогу, непрактычнасць прапаноў, нізкая кваліфікацыя некаторых экспертаў і удзельнікаў дыялогу), лідэр грамадзянскай супольнасці Беларусі заявіў, што «менавіта Нацыянальная платформа павінна быць заказчыкам і спажыўцом экспертных распрацовак у рамках дыялогу, якія могуць быць прыняты да выканання». Пры гэтым Уладзімір Мацкевіч падкрэсліў, што «ні пра якую манапалізацыю працэсу з боку Нацплатформы гаворка не ідзе. Іншыя грамадска-палітычныя суб'екты таксама могуць заявіць і стаць заказчыкамі, прыёмшчыкамі і выканаўцамі распрацовак, якiя ствараюцца ў рамках дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі”.
Падводзячы вынік праведзенай сустрэчы, фасілітатар круглага стала, кіраўнік Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка прапанаваў усім удзельнікам мерапрыемства сканцэнтраваць ў бліжэйшы час намаганні на тых дзеяннях, якія неабходна распачаць для развіцця дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі. «Гэта тычыцца і экспертных груп у рамках мадэрнізацыйнага дыялогу, і асобных суб'ектаў у рамках Нацыянальнай платформы. Абмеркаванне праблем - гэта наша праграма-мінімум. Але нам неабходна прымаць рашэнні і ў дачыненні да гэтага ва ўсіх нас працы непачаты край», - падкрэсліў Улад Вялічка.
Служба інфармацыі Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь"