Каваленка і Пазняк далі прэс-канферэнцыю ў Варшаве
«Я дзякую ўсім за моцную падтрымку, пра якую я ведаў нават у турме», — заявіў былы палітвязень Сяргей Каваленка падчас адмысловай прэс-канферэнцыі ў Варшаве.
У канферэнцыі ўзялі ўдзел таксама старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк ды еўрадэпутат Марэк Мігальскі.
«Не трэба дзякаваць мне за падтрымку Сяргея Каваленкі, гэта праца і абавязак палітыка. Лепей запытайцеся, што зрабілі іншыя палітыкі з розных краінаў у справе Беларусі.Як яны могуць змірыцца з тым, што ЕС мяжуе з апошняй класічнай дыктатурай?», — гэтак сказаў дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, узяўшы слова пасля Зянона Пазняка, які патлумачыў прысутным вагу ўчынку Сяргея Каваленкі.
«Герб і беларускі сцяг -- гэта не звычайныя сімвалы для нас, гэта сімвалы свабоды. Не толькі маладзёны змагаюцца за іх, вывешваючы сцягі. Але таксама і дарослыя людзі, такія як спадар Каваленка».
Сам Сяргей Каваленка, якога прысутныя польскія журналісты ды беларускія актывісты віталі апладысментамі, расказваў пра зняволенне ды сцяг у цэнтры роднага горада, за які яго і схапілі.
«Калі сцяг пабачыць адна асоба, то раскажа і даведаюцца яшчэ дзесяць. Калі на яліне сцяг апынуўся, дык увесь Віцебск ведаў, бо гэта ж самы цэнтр горада»