viasna on patreon

Хоцімскія ўлады на звароты грамадзян рэагаваць не жадаюць

2012 2012-10-10T12:12:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/basiejka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Грамадскі актывіст з Хоцімска Пётр Басейка

Грамадскі актывіст з Хоцімска Пётр Басейка

Улады Хоцімскага раёна ўжо на працягу некалькіх месяцаў фактычна ігнаруюць звароты жыхароў вуліцы Пушкінскай Хоцімска, якія дамагаюцца таго, каб іх вуліца была адрамантаваная належным чынам, як гэта абяцалі рознага ўзроўню чыноўнікі. Но жыхары гэтай вуліцы нават не атрымалі пісьмовага адказу на свой апошні зварот да начальніка галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення КДК Герасімава В. М. па пытанні правядзення рамонту дарожнага пакрыцця. Адказ на зварот  мусіў быць дасланы ім да 1 кастрычніка бягучага году.

“У мяне складваецца ўражанне, што чыноўнікам няма ніякай справы да простых людзей, - кажа грамадскі актывіст з Хоцімска Пётр Басейка. – Выбары ў “палатку” прайшлі, паказуха з клопатам пра народ ужо непатрэбная, і яны нават перасталі адказваць на нашы звароты. Я ўжо стаміўся абіваць парогі самых розных начальнікаў па пытанні рамонта дарожнага пакрыцця на вуліцы Пушкінскай - а справа ніякім чынам не скранулася з месца. Між тым на прёме яшчэ напрыканцы ліпеня старшыня Хоцімскага райвыканкама Фёдар Вішнеўскі асабіста абяцаў мне, што сітуацыя будзе выпраўлена, будзе зроблены добры рамонт дарогі. Але і зараз па вуліцы Пушкінскай немагчыма прайсці”.

Калектыўны зварот з патрабаваннем адрамантаваць праезжую частку дарогі па вуліцы Пушкінскай у Хоцімску, пад якім падпісаліся сорак жыхароў гарадскога пасёлка, быў накіраваны ў мясцовы райвыканкам яшчэ 22 чэрвеня. Пасля гэтага начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Хоцімскага райвыканкама Д. Кокатаў адказаў грамадзянам, што “асабістых сродкаў на ўкладку асфальта-бетоннага пакрыцця” Хоцімскі жылкамгас не мае, але ўсё ж на ўчастку вуліцы Пушкінскай “будзе зроблены ямачны рамонт дарожнага пакрыцця ў ІІІ квартале 2012 года”.

“Рамонту так і не зрабілі, - кажа Пётр Басейка. – Я зноў пачаў абіваць парогі розных начальніцкіх кабінетаў, звяртаўся да начальніка аддзела па зваротах грамадзян райвыканкама Наталлі Холалавай, начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Д. Кокатава, дырэктара жылкамгаса Сяргея Кудраўцава, старшыні райвыканкама Фёдара Вішнеўскага і, у рэшце рэшт, да начальніка галонага экспертна-прававога ўпраўлення КДК В. Герасімава. Паўсюль атрымліваў абяцанкі, што сітуацыя будзе выпраўлена. Мне ўжо самому сорамна перад жыхарамі вуліцы Пушкінскай, а чыноўнікам няма да іх праблем ніякай справы. Мне нават не даслалі пісьмовага адказу на мой зварот да начальніка галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення дзяржкантролю В. Герасімава, хоць дырэктар Хоцімскага жылкамгасу Сяргей Кудраўцаў 14 верасня пісьмова паведамляў, што гэты адказ будзе дадзены да 1.10.2012 года”.

9 кастрычніка грамадскі актывіст пабываў на прыёме ў начальніка аддзела па зваротах грамадзян Хоцімскага райвыканкама Наталлі Холалавай, пасля накіраваўся да намесніка старшыні райвыканкама Жаны Казаковай, аднак тыя не пажадалі адказаць штосьці канкрэтнае на звароты грамадзянаў, зноў паабяцалі даслаць пісьмовы адказ. Спрабаваў Басейка патрапіць на прыём і да старшыні райвыканкама Фёдара Вішнеўскага, аднак сакратар яго не пусціла, сказала, што ён вядзе прыём грамадзян раз на месяц у вызначаны дзень.

“Вось так у нас у Хоцімску чыноўнікі ставяцца да зваротаў грамадзян, затое на нарадах вельмі шмат распавядаюць пра тое, як шмат увагі надаецца простым людзям у раёне і як добра дзейнічае прынцып “аднаго вакна”. На самай жа справе ў людзей няма ніякіх правоў, раён жыве па прынцыпе “я начальнік – ты дурак”,  - абураецца Пётр Басейка.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства