viasna on patreon

Удзельніка Плошчы адправілі ў псіхбальніцу за адмову служыць у войску

2012 2012-10-09T12:15:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Хлопец лічыць, што праблемы пачаліся пасля таго, як супрацоўнікі ваенкамата пабачылі ў яго паперах звесткі пра ўдзел у маніфестацыі 19 снежня.

У панядзелак, 8 кастрычніка, Максім надзеў піжаму і лёг на пяць дзён у палату гродзенскага цэнтра “Псіхіятрыя і наркалогія”. Мабільнік і іншыя асабістыя рэчы забралі ў камеру захоўвання.  

Хлопца запрасілі ў ваенкамат (справа была ў жніўні гэтага года). Праблемы, паводле слоў Максіма, узніклі з-за запісу ў анкеце бацькоў: пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў сын адсядзеў 10 сутак за ўдзел у дэманстрацыі ля Дома ураду.

 

Картка, якая абляцела Інтэрнэт. Максім Маціеўскі трымае дзяўчыну на плячах. Фота "Радыё Свабода"

 

Ваенкамацкі псіхіятр адправіла хлопца на пашыранае абследаванне ў гродзенскі абласны клінічны цэнтр “Псіхіятрыя і наркалогія”.

 

“У мяне нейкі быў самотны выгляд, яна кажа: “Што ў цябе не так?” Адказваю, што часта змяняецца настрой, не вельмі хочацца служыць у войску, ― узгадвае Максім Маціеўскі. ― Прыкмеціла мяне і адправіла”.

 

У Гродне Максім прайшоў праз камісію псіхіятраў, у выніку чаго ўрач Наталля Капсет паставіла яму пад пытанне дыягназ F60 (“Расстройства паводзінаў і эмоцый”).

 

Урач Наталля Капсет. Фота  mmc.grodno.by

 

На думку Максіма, дыягназ такі выставілі з-за яго палітычных поглядаў.

 

“Пасля таго як яна прачытала запіс пра ўдзел у акцыі 19 снежня, пачала, скажам так, пілаваць. І вось пасля гэтага я ёй, як дурань, спрабаваў нешта давесці”.

 

Каб дыягназ пацвердзілі альбо абверглі, Максім павінен прайсці пашыранае абследаванне у цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія”. Вынікі сур’ёзна паўплываюць на будучыню хлопца. 

 

“Толькі зусім нядаўна ў ваенкамаце я спытаўся, ці магу зусім не ехаць на гэта абследаванне. Мне сказалі, што пад пытаннем вельмі сур’ёзны дыягназ. Вельмі непрыемны для далейшага жыцця”.

 

Калі Максіма прызнаюць псіхічна нездаровым, то праблемы ў яго могуць узнікнуць як з будучай працай, так і з правамі кіроўцы.

 

Хоць ва ўніверсітэце, які Максім паспяхова скончыў, дзівацтваў у яго паводзінах не назіралі. На ранейшай працы яго апісваюць як адказнага супрацоўніка.

 “Я сумняваюся, што ён псіхічна нездаровы. Думаю, што ўсё ж такі ён нармальны, ― лічыць Дзяніс Шылін, былы бос Максіма з навагрудскай крамы CompLand. ― У якасці работніка ён добра спраўляўся са сваімі абавязкамі, быў адказны. Максім ― харошы чалавек, але дастаткова скрытны”.

 Еўрарадыё датэлефанавалася да высокапастаўленага ўрача з цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” (не будзем называць імя і прозвішча). Спецыяліст удзельнічаў у папярэднім абследаванні прызыўніка Маціеўскага і тлумачыць, чаму ў псіхічным здароўі хлопца засумняваліся.

 “Чалавек сам сказаў, што ў яго ўстаноўкі на службу няма. То бок, не хоча ісці ў армію. У нас усе людзі ў такім выпадку праходзяць праз стацыянар, з дыягназам “Расстройства паводзінаў і эмоцый пад пытаннем”. Яго аглядае кафедра псіхіятрыі, псіхолагі ― і пасля заканчэння выдаецца заключэнне. Ёсць і такія, хто кажа: “Лічу, што ў нас лад недэмакратычны, я яго абараняць не хачу, не хачу ісці”. Трэба высветліць, ці сапраўды чалавек так думае. Бо тады кожны зможа так выказвацца і не ісці ў армію”.

 

Дыягназ, які "пад пытаннем" выставілі Максіму Маціеўскаму

 

Па выніках гутаркі са спецыялістам стала зразумела, якія варыянты чакаюць прызыўніка з папярэднім дыягназам F60.

 

Дыягназ

Прыдатнасць да войска

Наступствы

 

“Расстройства паводзінаў і эмоцый” пацвярджаецца

Непрыдатны

Праблемы пры працаўладкаванні, складанасці з атрыманнем пасведчання кіроўцы і г.д.

 

“Расстройства паводзінаў і эмоцый” не пацвярджаецца

Прыдатны

Служыш у войску

 

“Расстройства паводзінаў і эмоцый” не пацвярджаецца. Але служыць наадрэз адмаўляешся з рэлігійных, палітычных ці асабістых прычын

  Прыдатны 

Судзяць як ухіліста

 

 

Выходзіць, што ў прызыўніка Маціеўскага ёсць два  варыянты развіцця падзей. Першы ― яго прызнаюць псіхічна нездаровым. Другі ― дыягназ не пацвярджаецца, і хлопец ідзе служыць.

 

Падчас візіту ў ваенкамат Максім скардзіўся на боль ў пазваночніку і праблемы з ціскам, але згодна з новым спісам захворванняў ён прызнаецца прыдатным да службы.

 

Калі б Максім не заяўляў пра нежаданне надзяваць салдацкія боты, то, тэарэтычна, яму маглі б даць і адтэрміноўку. Вайсковае начальства не аднойчы заяўляла, што ў армію сёння бяруць найлепшых. А прызыўнік Маціеўскі, простым вокам відаць, не найлепшы кандыдат у салдаты.

 

У Цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіі ўзброеных сіл мы паспрабавалі даведацца статыстыку, колькі прызыўнікоў прызнаюцца непрыдатнымі праз псіхічныя захворванні.

 

Такіх дадзеных па выніках мінулага прызыву мы не атрымалі ― справа аказалася сакрэтная. Аднак нам удалося знайсці афіцыйныя лічбы па выніках прызыву 2010 года (адбываўся з красавіка па верасень). Непрыдатных да службы з прычыны псіхічных расстройстваў аказалася 7,6%. З іх кожнаму чацвёртаму ставіцца дыягназ “Расстройства асобы”, які можа атрымаць прызыўнік Маціеўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства