viasna on patreon

Жыхар Гомеля дабіўся кампенсацыі матэрыяльнай шкоды за незаконнае асуджэнне

2012 2012-10-09T10:52:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/groshyki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Гомеля, былы ўрач-псіхіятр, дабіўся праз суд кампенсацыі матэрыяльнай шкоды за юрыдычныя паслугі. Гомельскі абласны суд 8 кастрычніка прыняў рашэнне на карысць былога асуджанага – дзяржава павінна выплаціць яму з казны больш за 20 мільёнаў рублёў, якія Яўген Дзедушкін выдаткаваў на паслугі адваката за гады следства і судоў, а таксама адбыцця пакарання.

Па коштах 2008-2009 года за юрыдычныя паслугі гамяльчук заплаціў каля сямі мільёнаў, але з улікам індэксацыі гэта сума павялічылася да 20 мільёнаў. Разам з тым, на судзе прадстаўнік Міністэрства фінансаў заявіў, што выплаціць трэба суму без уліку індэксацыі. Але ж вядома, наколькі «ўпаў» беларускі рубель з 2009-га па 2012 год.

Нагадаем, што ў дачыненні да Дзедушкіна суд двойчы выносіў абвінаваўчыя прысуды, якія пасля адмянялі. Толькі пасля трох гадоў следства, судовых пасяджэнняў ён дамогся перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання, страціўшы здароўе, працу і рэпутацыю.

Улетку 2008 года невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр. Ён жыў побач і, паводле яго слоў, убачыўшы пажар, прыйшоў з цікаўнасці на месца здарэння. Міліцыя затрымала яго, абвінаваціўшы ў здзяйсненні падпалаў. Суд прызнаў лекара вінаватым у падпалах і пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады.

Па заканчэнні трох гадоў, у сакавіку 2011-га, судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачванні. Ён апраўданы з фармулёўкай «у сувязі з недаказанасцю віны». Разам з тым, грамадзянін 13 месяцаў правёў у СІЗА.

У ліпені 2012 году Гомельскі абласны суд вынес пастанову прызнаць за грамадзянінам права на кампенсацыю маёмаснай шкоды і права на кампенсацыю ў грашовым выражэнні за прычыненую маральную шкоду.

Зараз у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаецца справа па кампенсацыі Яўгену Дзедушкіну маральнай шкоды. Мяркуецца, што рашэнне будзе вынесена да канца кастрычніка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства