Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Жлобін і Рагачоў
Агульная інфармацыя
У вызначаным рэгіёне падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання былі ўтвораны Жлобінская выбарчая акруга №40 і Рагачоўская выбарчая акруга №45 адпаведна.
Інфармацыя аб выбарах у мясцовых дзяржаўных СМІ
Напачатку выбарчай кампаніі раённыя выданні “Новы дзень” (Жлобін) і “Свабоднае слова” (Рагачоў) абыходзілі тэму парламенцкіх выбараў. Як правіла, на старонках газет выходзілі толькі афіцыйныя паведамленні БЕЛТА. Уласных матэрыялаў, прысвечаных выбарам, у газетах не было.
У адрозненні ад жлобінскай раёнкі, рагачоўскае выданне “Свабоднае слова” не саромелася паліваць брудам прадстаўнікоў дэмакратычных рухаў і дэмакратычнага кандыдата Дзяніса Дашкевіча.
Утварэнне акруговых выбарчых камісій
У склад Рагачоўскай выбарчай акругі рагачоўскія дэмсілы не сталі вылучаць сваіх прадстаўнікоў. А вось у Жлобіне сваю кандыдатуру спрабавалі вылучыць прадстаўнікі партыі левых “Справядлівы свет”, але Гомельскі аблвыканкам адмовіў Валянціну Яўзрэзаву ў рэгістрацыі па Жлобінскай выбарчай акрузе.
Утварэнне ўчастковых выбарчых камісій
Ва ўчастковыя камісіі па Жлобінскай выбарчай акрузе спрабавала трапіць 12 прадстаўнікоў партыі “Справядлівы свет” - у выніку не трапіў ніводны з іх.
Рагачоўскія дэмсілы праігнаравалі вылучэнне сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп
Па Жлобінскай выбарчай акрузе ў рэгістрацыі адмовілі толькі адной ініцыятыўнай групе – прадстаўніку кампаніі “Гавары праўду!” Пятру Лебедзеву. 5 жніўня Пётр Лебедзеў, якому было ўсяго 35 гадоў, трагічна загінуў пад Гомелем у ДТЗ.
У выніку па Жлобінскай акрузе былі зарэгістраваныя 4 ініціыятыўныя групы – прадстаўніка партыі “Справядлівага свету” Валерыя Рыбчанкі, старшыні райвыканкама Леаніда Апанасюка, рабочага БМЗ Ігара Чарняўскага і студэнта педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Зміцера Жарабкова.
У Рагачове былі задаволены дзве заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы – прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду!” Дзяніса Дашкевіча і дэкана эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіслава Шчэпава.
Збор подпісаў
Збор подпісаў у Жлобіне прайшоў амаль не заўважна. Старшыня Жлобінскага райвыканкама Леанід Апанасюк выкарыстоўваў магчмасці збору подпісаў на прадпрыемствах, а таксама на пікетах. Адзін з такіх пікетаў быў зладжаны ў непасрэднай блізкасці ад прыпынку грамадскага транспарту, што зафіксаваў прадстаўнік партыі АГП Марат Афанасьеў, які паскардзіўся на факт парушэння ва акруговую камісію і раённы аддзел унутраных спраў. У выніку пікет за праўладнага кандыдата быў прыбраны.
Пры зборы подпісаў за прадстаўніка “Справядлівага свету” Валерыя Рыбчанкі былі зафіксаваны выпадкі ціску на сяброў ініцыятыўнай групы, у прыватнасці, працадаўцы запужвалі тых прадстаўнікоў партыі, якія спрабавалі трапіць у склад участковых камісій.
Збор подпісаў у Рагачове прайшоў без заўважных парушэнняў. Праўда, мелі месца правакацыі з боку рагачоўцаў на пікетах па збору подпісаў за вылучэнне Дашкевіча, але міліцыя аператыўна зрэагавала на паводзіны трох мужчын, якія абражалі прадстаўніка апазіцыі, і яны былі затрыманыя.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
У Жлобіне былі зарэгістраваны чатыры кандыдаты, аднаму прэтэндэнту на крэсла ў Палаце прадстаўнікоў (студэнту Зміцеру Жарабкову) у рэгістрацыі адмовілі. Крыху пазней адзін з кандыдатаў, прадстаўнік БМЗ Ігар Чарняўскі, зняўся з прадвыбарнай гонкі на карысць старшыні райвыканкама Леаніда Апанасюка.
У Рагачове былі зарэгістраваны два прэтэндэнта на дэпутацкае крэсла. Прадстаўніку дэмакратычнай плыні, Дзянісу Дашкевічу, які спрабаваў балатавацца пры падтрымцы кампаніі “Гавары праўду!”, у рэгістрацыі адмовілі, саслаўшыся на тое, што 15% подпісаў, сабраных за яго вылучэнне, з’яўляюцца несапраўднымі.
Спробы аспрэчыць адмову ў рэгістрацыі
Дзяніс Дашкевіч з Рагачову спрабаваў аспрэчыць адмову ў рэгістрацыі праз ЦВК, але камісія не задаволіла скаргу прадстаўніка “Гавары праўду!”.
Адразу пасля адмовы ў рэгістрацыі, 23 жніўня, Дзяніса Дашкевіча выклікалі ў раённы аддзел КДБ, дзе пратрымалі некалькі гадзін разам з іншымі прадстаўнікамі кампаніі “Гавары праўду!”. На допыце Дашкевіча папярэдзілі, што ў актывіста могуць узнікнуць праблемы з падаткамі. Ужо падчас агітацыйнай кампаніі Дашкевіча і яго паплечніка Юрыя Брэля запрасілі ў падатковую інспекцыю, дзе на актывістаў склалі пратаколы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. У Юрыя Брэля быў канфіскаваны ўвесь тавар. Дашкевіча абавязалі выплаціць штраф дзяржаве ў памеры 18 мільёнаў рублёў.
Пазней Дзяніс Дашкевіч пад ціскам уладаў заявіў пра свой сыход з палітыкі.
Агітацыя
Агітацыйная кампанія ў Жлобіне праходзіла амаль не заўважна. Старшыня Жлобінскага райвыканкама Леанід Апанасюк выкарыстоўваў магчымасці агітаваць за сябе як за кандыдата на жлобінскіх прадпрыемствах, у тым ліку ў працоўны час. Кандыдат ад партыі “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка спрабаваў трапіць на БМЗ, каб правесці сустрэчы з выбаршчыкамі, але кіраўніцтва прадпрыемства адмовіла кандыдату ў такой магчымасці.
Валеры Рыбчанка таксама абскарджваў рашэнне райвыканкама аб прызначэнні месцаў для правядзення агітацыйнай кампаніі, але атрымаў адмову ў пашырэнні такіх пляцовак.
Сустрэчу з выбршчыкамі ў Рагачове таксама праводзіў праўладны кандыдат Уладзіслаў Шчэпаў, пра што сваім чытачам паведаміла раённая газета “Свабоднае слова”.
Агітацыю за байкот Парламенцкіх выбараў спрабаваў правесці незарэгістраваны кандыдат па Рагачоўскай выбарчай акрузе Дзяніс Дашкевіч. На незалежным сайце vrogacheve.ru Дзяніс і яго каманда звярнуліся да выбаршчыкаў з заклікам байкатаваць асноўны дзень выбараў, а таксама не прыходзіць на выбарчыя ўчасткі падчас датэрміновага галасавання.
Датэрміновае галасаванне
Датэрміновае галасаванне ў Рагачове, па сведачанню назіральніка ад партыі “Справядлівы свет” Юрыя Брэля, праходзіла сціпла. Выбаршчыкі з неахвотай ішлі на ўчасткі. Некаторыя з выбаршчыкаў сапсавалі бюлетэні і пісалі на іх “За Дашкевіча!”
Газета “Свабоднае слова”, у свой час, паведаміла пра актыўны ўдзел у датэрміновым галасаванні настаўнікаў, якія самі сябе віншавалі.
У Жлобіне было зафіксавана некалькі парушэнняў. У прыватнасці, на 28-ым участку назіральнік Уладзімір Тамковіч стаў сведкам таго, як аднаму з выбаршчыкаў на рукі далі адразу 2 бюлетэні. Іншую назіральніцу, Ілону Ткачову, за фіксаванне аналагічнага парушэння выдалілі з участка для галасавання № 15.
Па фактах парушэнняў назіральнікі направілі скаргі ў раённую пракуратуру, акруговую камісію і ЦВК.
Асноўны дзень галасавання
У дзень асноўнага галасавання назіральнікі з Рагачова адзначалі нізкую яўку выбаршчыкаў. Па сведчаню Юрыя Брэля, сярэдняя яўка па рэгіёну склала каля 38%. Рагачоўская акруговая камісія назвала іншую лічбу – 86%.
У Жлобіне напярэдні асноўнага дня галасавання назіральнікамі быў зафіксаваны выпадак начнога пранікнення на участак №29 супрацоўніка міліцыі Котава. На наступны дзень адпаведная скарга была напраўлена ў раённую пракуратуру і ЦВК.
У асноўны дзень галасавання не абыйшлося і без выдалення назіральнікаў з выбарчых участкаў. Так, прадтаўніка “Справядлівага света” Алега Кастусёва выдалілі з участка №14, абвінаваціўшы ва ўзломе сейфа з бюлетэнямі датэріновага галасавання.
Назіральнікі са Жлобіна таксама сведчаць пра іншыя факты парушэнняў. Напрыклад, да адной з пенсіянерак сябры ўчастковай камісіі прынеслі дадому скрыню для галасавання, хоць апошняя прагаласавала датэрмінова.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”