viasna on patreon

ЯК ПРАЦУЮЦЬ МІЖНАРОДНЫЯ ПРАВААБАРОНЧЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ?( Юры Дракахруст, Радыё Свабода)

2003 2003-07-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 1961 годзе лёнданскі адвакат Пітэр Бэнэнсан і ягоныя аднадумцы напісалі у гарадзкую газэту ліст у абарону групы студэнтаў у Партугаліі, якія патрапілі за краты за тое, што ў рэстарацыі паднялі тост за свабоду. Зварот у іх абарону быў азагалоўлены – “Заклікаем да амністыі”.

Кампанія, распачатая Бэнэнсанам і яго калегамі, паклала пачатак стварэньню міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, якая зараз налічвае больш за мільён сябраў ва ўсім сьвеце і мае аддзелы ў больш чым ста краінах сьвету. Amnesty International змагаецца за вызваленьне вязьняў сумленьня, за спыненьне катаваньняў, палітычных забройстваў і зьнікненьняў, а таксама дамагаецца адмены сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце. За свае высілкі ў 1997 годзе Amnesty International была ўганараваная Нобэлеўскай прэміяй міру.

Human Rights Watch – самая буйная праваабарончая арганізацыя Злучаных Штатаў, створаная ў 1978 годзе, каб кантраляваць выкананьне краінамі савецкага блёку іх абавязкаў па выкананьні правоў чалавека, узятых на сябе падпісаньнем Гельсінскіх пагадненьняў.

І цяпер Amnesty International і Human Rights Watch застаюцца галаўным болем для дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў ва ўсім сьвеце. Але асуджэньне з боку такіх урадаў успрымаецца гэтымі арганізацымі як знак пашаны.

Як працуюць гэтыя арганізацыі? Гаворыць прадстаўнік Amnesty International у Цэнтральнай Эўропе Іван Фішэр.

(Фішэр: ) “Мы бярэм выпадкі, якія ілюструюць найбольш сурьёзныя парушэньні правоў чалавека ў канкрэтнай краіне. Толькі праз індывідуальныя выпадкі мы можам паказаць узоры злоўжываньняў і прадэманстраваць сур’ёзнасьць сытуацыі. Так што за нашымі паведамленьнямі, нават самымі агульнымі, заўсёды стаіць асоба. Мы выкарыстоўваем інфармацыю аб індывідуальных выпадках”.

За гады свайго існаваньня Amnesty International стварыла ў шэрагу краінаў сетку карэспандэнтаў і дасьледчыкаў, якія правяраюць атрыманую інфармацыю. Прынцып іх працы: “Дакладнасьць важней за апэратыўнасьць”. Пры гэтым перавага аддаецца першасным крыніцам інфармацыі, зьвесткам ад тых людзей, якія самі пацярпелі. Ізноў гаворыць Іван Фішэр.

(Фішэр: ) “Мы мусім правяраць усю інфармацыю, перш чым абнародаваць яе. Мы мусім мінімізаваць памылкі, бо нашая рэпутацыя залежыць ад дакладнасьці, і нават невялікая памылка можа прынесьці вялікую шкоду нашай арганізацыі і, што больш важна, ахвярам парушэньня правоў чалавека, якіх мы абараняем”.

Калі дакладна падцьвердзіць інфармацыю праз свае каналы не ўяўляецца магчымым, Amnesty International робіць зварот да ўладаў. І адказ, падкрэсьлівае Іван Фішар, часта атрымліваецца вельмі павучальным.

(Фішэр: ) “Тое, як улады адказваюць на нашыя запыты, ускосна сьведчыць пра якасьць нашай інфармацыі. Калі адказ уладаў праўдападобны, гэты спараджае сумнеў у сапраўднасьці інфармацыі пра парушэньне. Але калі, як гэта бывае ў большасьці выпадкаў, пра якія я ведаю, адказ зусім неадэкватны, гэта ўмацоўвае перасьцярогі, якія мы мелі напачатку”.

Human Rights Watch мае офісы ў Маскве, у Ташкенце і ў Тбілісі. Матыльда Богнэр кіруе офісам арганізацыі ва Ўзбэкістане ўжо два гады, яна мае толькі аднаго памочніка на краіну ў 25 мільёнаў чалавек. Гаворыць Матыльда Богнэр:

(Богнэр: ) “На жаль, паколькі нашыя рэсурсы абмежаваныя, мы мусім толькі рэагаваць, а не актыўна дзейнічаць. Людзі прыходзяць да нас, распавядаюць пра свае беды, і мы займаемся іх справаю. Гэта шлях да разуменьня таго, што адбываецца ў краіне – глядзець, хто і на што скардзіцца. Мы факусуемся на пэўных праблемах. Магчыма людзі, якія маюць іншыя праблемы, проста не прыходзяць да нас, бо ня ведаюць пра нашае існаваньне”.

Прадстаўніцтва Human Rights Watch у Ташкенце не бярэ на працу сталых супрацоўнікаў зь ліку мясцовых грамадзянаў. Чаму? Адказвае Матыльда Богнэр.

(Богнэр: ) “Мясцовы жыхар, які хацеў бы адстойваць правы чалавека і актыўна працаваў бы ў гэтым накірунку, стаў бы ахвяраю пагрозаў, яго маглі б арыштаваць, пасадзіць у турму, яго родныя маглі б страціць працу. Ня меншым быў бы ціск, каб прымусіць яго супрацоўнічаць са спэцслужбамі і паведамляць пра ўсё, што робіцца ў нашым офісе”.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі шырока распаўсюджваюць здабытую імі інфармацыю, зьвяртаюцца да ўрадаў краінаў з заклікамі спыніць парушэньне правоў чалавека. Але наколькі эфэктыўнай зьяўляецца гэтая дзейнасьць, наколькі паляпшаюцца ўмовы людзей, што сталі ахвярамі гвалту з боку дзяржавы? Гаворыць кіраўнік офісу Human Rights Watch у Ташкенце Матыльда Богнэр.

(Богнэр: ) “Цяжка адказаць, наколькі істотна мы ўзьдзейнічаем на сытуацыю. На жаль, я не магу сказаць, што сытуацыя тут паляпшаецца. Але мяркую, што калі б нас тут не было, то было б яшчэ горш. У канкрэтных выпадках мы можам нешта зрабіць. Часам людзі ўдзячныя нам толькі за тое, што яны могуць прыйсьці і распавесьці нам пра свае праблемы, за тое, што мы клапацімся аб іх, нават калі аб’ектыўна мы ня можам зьмяніць сытуацыю ва Ўзбэкістане і нават вырашыць іх асабістую праблему. Але яны адчуваюць падтрымку і салідарнасьць зь імі,яны ведаюць, што мы перадаем інфармацыю пра іх астатняму сьвету і сьвет задае пытаньні, што зь імі адбываецца. Але часам мы здольныя аказваць узьдзеяньне на вырашэньне кантрэтных справаў”.

І сапраўды, часам міжнародныя праваабаронцы дамагаюцца кантрэтных вынікаў. Напрыклад, сёлета з турмы ў Ташкенце быў вызвалены па амністыі Эргаш Бабаянаў, актывіст апазыцыйнай партыі “Бірлік”, які патрапіў за краты за крытыку узбэцкага ўраду ў кыргыскім друку. Human Rights Watch праводзіла кампанію за яго вызваленьне. Атаназар Арыпаў, кіраўнік узбэцкай праваабарончай арганізацыі “Мазлум”, ацэньвае дзейнасьць сваіх калегаў з Human Rights Watch наступным чынам:

(Арыпаў: ) “Вельмі цяжка ўплываць на наш урад – яны не зьвяртаюць увагі на звароты. Але мы высока ацэньваем Human Rights Watch і яе інфармацыю. І хаця яны часам ня маюць наўпроставага ўплыву на ўрад, іх інфармацыя патрапляе да іншых урадаў, напрыклад, іх інфармацыю выкарыстоўваюць Злучаныя Штаты і Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. І ў іх часам атрымліваецца кантрэтная дапамога канкрэтным людзям.

Геаграфічна Беларусь аддзеленая ад Узбэкістану тысячамі кілямэтраў. Палітычная дыстанцыя – меншая. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка часта абвінавачвае міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ў шпіянажы і варожай дзейнасьці. Аднак, на думку прадстаўніка Беларускага Гельсынскага камітэту Алега Гулака, падтрымку з боку гэтых арганізацыяў цяжка пераацаніць:

(Гулак: ) “Нам, праваабарончым групам, якія працуюць у сваіх краінах, гэтыя арганізацыі карысныя, бо мы адчуваем падтрымку ў сваёй працы. Гэта стварае больш гарантыяў нашай бясьпекі і больш упэўненасьці, што мы зможам працягваць нашую працу. Гэтая своеасаблівая калектыўная сыстэма абароны ў пэўнай ступені спрацоўвае”.

У тым, што тычыцца эфэктыўнасьці дзейнасьці міжнародных арганізацыяў кшталту Amnesty International і Human Rights Watch, беларускі правабаронца Алег Гулак згодны са сваім узбэцкім калегам Атаназарам Арыпавым.

(Арыпаў: ) “Можна сказаць, што калі б гэтага не было, было б горш. Цяжка сказаць, наколькі гэтая праца эфэктыўная, наколькі праца гэтых арганізацыяў наўпрост уплывае, але можна з упэўненасьцю сказаць, што калі б такой працы не было, было б горш”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства