Мінск: З двух участкаў 101-й Фрунзенскай акругі зніклі незалежныя назіральнікі
Больш за пяць гадзінаў няма на ўчастках назіральнікаў ад Партыі БНФ Сяргея Марцалева і ад “Руху “За свабоду” Арыны Лісецкай. Яны працавалі на ўчастку №373 і №374 адпаведна. Менавіта тут былі зафіксаваны выпадкі “выбарчых каруселяў”.
Як паведаміў правабаронца Юрый Чавусаў, каля 13 гадзінаў Сяргей Марцалеў і Арына Лісецкая сышлі з участкаў, аднак іхнія рэчы засталіся на месцы. Тэлефоны яны забралі з сабой, але на званкі не адказваюць. Зараз калегі шукаюць іх, тэлефануюць у РАУС. Існуе верагоднасць, што яны былі затрыманыя. Паводле відавочцаў, Арына Лісецкая пайшла фатаграфаваць “выбарчыя каруселі”. Сяргей Марцалеў праз некаторы час пайшоў яе шукаць, з таго часу на выбарчых участках іх больш не бачылі.
Паводле Юрыя Чавусава, яўка на дадзеных участках складае крыху больш за 20%.
Па словах намесніка старшыні "Руху "За свабоду" Юрася Губарэвіча, З 374-га ўчастка 101-й акругі выдалілі ўжо двух з трох назіральнікаў. "Па стане на 17:00 назіральнікі зафіксавалі толькі 36,1% яўкі з улікам датэрміновага галасавання. Камісія нервуецца з прычыны невыканання плана", - адзначыў ён.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”