Катаваньні за антылукашэнкаўскія графіці і беларускую мову
Вечарам 10 студзеня ў Воршы быў затрыманы моладзевы актывіст Сяргей Гумінскі па падозраньні ў датычнасьці да антылукашэнкаўскіх графіці, якія зьявіліся ў горадзе ў ноч з 23 на 24 сьнежня мінулага году (24 сьнежня Гумінскага ўжо дапытвалі па гэтай справе, у ягонай кватэры былі праведзеныя некалькі вобыскаў).
10 студзеня допыт у аршанскім ГАУС пачаўся пасьля 21.30 з таго, што сьледчы запатрабаваў ад маладога чалавека, каб ён размаўляў па-руску. Калі Сяргей адмовіўся, на яго пачалі аказваць ціск, нецэнзурна лаяліся, сказалі, што яму будзе "п…ц", запатрабавалі напісаць "Белка несет в дупло желудь".
Пасьля таго, як моладзевы актывіст па-ранейшаму працягнуў размову па-беларуску, ён атрымаў некалькі ўдараў кулаком у грудзі ад невядомага чалавека ў цывільным, да якога далучыўся капітан Ларыёнаў – яны ўжо разам пачалі зьбіваць Гумінскага. Пасьля зьбіцьця і чарговага патрабаваньня перайсьці на рускую мову, на затрыманага апранулі ягоную куртку і кайданкі паверх яе, каб не было бачна пабояў. Рукі заламалі са словамі "сейчас ты, сука, заговоришь по-русски" і пачалі біць па твары, нырках, грудзях. Адзін з кайданкоў адчапіўся, тады чалавек у цывільным пачаў трымаць Гумінскага і біць па сьпіне, а капітан Ларыёнаў – па твары. З большым імпэтам яны працягнулі зьбіцьцё пасьля таго, як малады чалавек запатрабаваў адваката і перакладчыка.
Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі патрабавалі, каб Гумінскі прызнаўся, што гэта ён нанёс графіці, а адмова падпісаць пратакол з такімі прызнаньнямі зноў скончылася заломваньнем рук і ўдарамі па твары. Допыт скончыўся тым, што Сяргей Гумінскі падпісаў пратакол, у якім было адзначана, што ён ня ведае, хто нанёс графіці.
Пасьля "цеснага кантакту" з супрацоўнікамі праваахоўных органаў моладзевы актывіст накіраваўся ў мясцовую бальніцу. Лекары засьведчылі цялесныя пашкоджаньні, і паколькі было яўна відаць, што Гумінскі зьбіты, выклікалі міліцыю. На выклік прыехаў як раз той капітан міліцыі Ларыёнаў, які і зьбіваў маладога чалаека. Ён быў вымушаны выпісаць накіраваньне Гумінскаму на судмедэксьпертызу.
Па дадзеным факце Сяргей Гумінскі накіраваў скаргі аб ужываньні ў адносінах да яго катаваньняў пракурору і міністру ўнутраных справаў.