viasna on patreon

У Міністэрстве адукацыі сьцьвярджаюць, што Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа ліцэй ліквідаваны з “мэтай аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх установаў”, не хаваючы, што запатрабавалі зьмены статусу ліцэю Адміністрацыя прэзыдэнта і Савет міністраў.

2003 2003-07-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 ліпеня з Галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі прыйшоў адказ на пратэст удзельнікаў грамадзкай кампаніі “Наша Салідарнасьць”, ініцыяванай Асамблеяй НДА, супраць зьнішчэньня Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа. Адказ з Міністэрства адукацыі падпісаў начальнік галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Уладзімер Шчэрба.
У лісьце Міністэрства адукацыі гаворыцца, што ліцэй ліквідаваны з “мэтай аптымізацыі сыстэмы рэспубліканскіх установаў”. Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа зьяўляўся адзінай установай агульнай сярэдняй адукацыі, якая знаходзілася ў структуры Міністэрства адукацыі". Што гэта значыць і чаму так нельга, нам па тэлефоне патлумачылі ў Галоўным упраўленьні агульнай сярэдняй адукацыі: “У непасрэдным падпарадкаваньні Міністэрству адукацыі ня можа быць навучальных установаў, а ліцэй быў у непасрэдным падпарадкаваньні. Доўгі час вырашалася пытаньне аб далучэньні ліцэю да Мінскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсітэту, але тады ліцэісты перамаглі. А пасьля вось такім чынам вырашлі перадаць ліцэй гораду. […] Але гэта нонсэнс, калі сярэдняя навучальная ўстанова знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаваньні Міністэрству. Такога няма нідзе ў сьвеце. Увесь час, колькі існуе ліцэй, зь ім узьнікалі нейкія пытаньні. Ад нас увесь час патрабавалі, каб мы далучылі ліцэй да нейкай навучальнай установы, таму што згодна з Палажэньнем аб ліцэях, ліцэі могуць уваходзіць у структуру ВНУ, а не знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаваньні Міністэрству адукацыі”. Хто патрабаваў зьмены статусу ліцэю? Пра гэта не хаваючы кажуць у Міністэрстве адукацыі: “Адміністрацыя прэзыдэнта, Савет міністраў. У свой час Іван Пашкевіч заступіўся за ліцэй, тады яго пакінулі ў спакоі. Сёньняшнія ўлады больш катэгарычныя ў вырашэньні гэтага пытаньня”.
У лісьце, які атрымалі ўдзельнікі кампаніі “Наша Салідарнасьць” вядзецца пра тое, што “часова, на пэрыяд рамонтных работ у будынку па вуліцы Кірава, 21, вучні Мінскага дзяржаўнага гуманітранага ліцэя будуць займацца ў іншых беларускамоўных навучальных установах горада па вучэбных плянах і праграмах ліцэя”. Высокія чыны ўжо пралічылі, якім чынам можна будзе забясьпечыць магчымасьць вучыцца па ліцэйскай праграме, нягледзячы на тое, што ўсе праграмы і курсы аўтарскія. “Пляны і праграмы ліцэя застануцца. Мы толькі пераглядаем што-нішто ў іх. З праграмамі тое самае. Аўтарская праграма па беларускай мове Валянціны Сямковіч, хутчэй за ўсё з некаторымі праўкамі застанецца праграма па беларускай літаратуры, распрацаваная Лявонам Баршчэўскім”. Да таго ж у Міністэрстве не губляюць надзеі на тое, што ліцэісты ўсё ж пагадзяцца вучыцца ў іншых навучальных установах, калі не самі, дык іх бацькі. Міністэрства зараз ладзіць сумоўі з бацькамі ліцэістаў, але бацькі, паводле словаў супрацоўнікаў Міністэрства, туды ня ходзяць. Учора праходзіла сумоўе з бацькамі вучняў 8 клясаў. Прыйшлі лічаныя людзі, адзінкі зь якіх пагадзіліся аддаць сваіх дзяцей вучыцца ў іншыя навучальныя ўстановы. Сёньня адбываецца такое сумоўе для бацькоў вучняў 9 клясаў. Але пакуль невядома, ці хто туды зьявіўся. Большасьць бацькоў заяўляе пра тое, што яны будуць вучыць сваіх дзяцей дома.
Паводле паведамленьня Асамблеі НДА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства