Мінск: студэнты галасуюць пад пагрозамі
Назіральнікі праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» 21 верасня зафіксавалі прымус да датэрміновага галасавання на ўчастку №595 мінскай Усходняй выбарчай акругі № 107.
У прыватнасці, адна са студэнтак Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў заявіла камісіі, што прыйшла галасаваць з-за пагрозаў з боку кіраўніцтва ўніверсітэту. «Мяне пагражаюць выгнаць з універсітэту, калі я не прагаласую», — заявіла студэнтка ў прысутнасці сябраў камісіі і назіральніка праекту.
Акрамя гэтага назіральнік на ўчастку №595 заўважыў, што студэнты ў час галасавання даволі часта імкнуцца завесці гаворку пра прымус. Аднак прадстаўнікі камісій у такіх выпадках перарываюць студэнтаў, а слухаць іх скаргі адмаўляюцца. Два студэнты Політэхнічнага каледжу сведчылі, што нехта Паганяйла загадаў ім «спачатку галасаваць, а пасля дахаты ехаць».
Назіральнікі праекту таксама адзначаюць незвычайныя паводзіны назіральніка ад «Белай Русі» — Віктара Сенюкевіча, выкладчыка Політэхнічнага каледжу, у будынку якога знаходзіцца ўчастак.
Па інфармацыі праекту, 20 верасня спадар Сенюкевіч заяўляў камісіі, што загадаў сваім студэнтам прыйсці галасаваць датэрмінова, а ў перадапошні дзень датэрміновага галасавання працягваў даваць парады студэнтам “галасаваць абавязкова”. Акрамя гэтага, ён зарэгістраваў на ўчастку адну з назіральніц ад працоўнага калектыву ў адсутнасці старшыні камісіі, аздначаюць назіральнікі праекту.
На ўчастку № 156 Купалаўскай выбарчай акругі таксама існуе ціск на студэнтаў. Як паведаміў адзін з жыхароў інтэрнату №5 Беларускага дзяржаўнага ўнівесітэта, іх выхавальнік «дыпламатычна папрасіў беларускіх студэнтаў прагаласаваць датэрмінова», пазначыўшы пры гэтым, што ён і сам «чалавек паднявольны». Характэрна, што ў гэтым інтэрнаце жывуць усяго каля двух дзесяткаў студэнтаў з Беларусі, а ўсе астатнія — замежнікі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»