Тыднёвая справаздача па выніках назірання: 10-16 верасня
ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ
Тыднёвая справаздача па выніках назірання (10-16 верасня)
Агульныя высновы
15 верасня Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) і Партыя БНФ скасавалі свае рашэнні пра вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Падставай для гэтага партыі назвалі наяўнасць у краіне палітвязняў і адсутнасць пазітыўных зменаў ва ўмовах выбарчага працэсу, у тым ліку, неўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій.
З-за зняцця вылучэнцаў АГП і Партыі БНФ колькасць безальтэрнатыўных акругаў дасягнула 15.
Працягвалася цэнзура тэлевізійных і радыёвыступаў апазіцыйных кандыдатаў, іх праграм, што прадстаўляліся для публікацыі ў дзяржаўных выданнях. Пры гэтым Назіральны Савет па кантролі за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ адмовіўся ад уключэння ў свой склад прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Агітацыйныя масавыя мерапрыемствы апазіцыйных кандыдатаў сутыкаюцца з перашкодамі з боку органаў выканаўчай улады, асабліва часта падобныя выпадкі фіксуюцца ў рэгіёнах. Адначасова для праўладных кандыдатаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы сустрэч з выбаршчыкамі, нярэдка выкарыстоўваецца адміністратыўны рэсурс.
Правам стварэння прыватных перадвыбарчых фондаў скарысталася менш за чвэрць кандыдатаў у дэпутаты: на 16 верасня было адчынена толькі 80 рахункаў для перадвыбарчых фондаў. Апазіцыйныя кандыдаты заяўляюць пра бюракратычныя перашкоды з боку камісій пры адкрыцці рахункаў. Дзяржаўныя і прыватныя друкарні адмаўляліся друкаваць тыя матэрыялы, якія фінансуюцца з прыватных выбарчых фондаў апазіцыйных кандыдатаў.
Вядучыя апазіцыйныя партыі знялі сваіх кандыдатаў з выбараў
15 верасня АГП і Партыя БНФ скасавалі свае рашэнні пра вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты і заявілі, што 17 верасня накіруюць у АВК адпаведныя дакументы. Падставай для гэтага партыі назвалі наяўнасць у краіне палітвязняў і адсутнасць пазітыўных зменаў ва ўмовах выбарчага працэсу, у тым ліку, неўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій. АГП указала на тое, што ў ВК па-ранейшаму застаюцца шырокія магчымасці маніпулявання вынікамі выбараў падчас пяцідзённага датэрміновага галасавання.
Сярод апазіцыйных партый менавіта АГП і партыя БНФ вылучылі найбольшую колькасць кандыдатаў у дэпутаты – 35 і 31 адпаведна. З апазіцыйных партый у выбарах працягвае ўдзел Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” (29 кандыдатаў) і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (11). Таксама бярэ ўдзел 1 кандыдат ад незарэгістраванага аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу і тыя кандыдаты, што вылучаліся шляхам збору подпісаў пры падтрымцы незарэгістраванай кампаніі “Гавары праўду” і грамадскага аб’яднання “Рух “За Свабоду”.
З ліку неапазіцыйных партый выбарчую кампанію працягваюць вылучэнцы ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі (70 кандыдатаў), Камуністычнай партыі Беларусі (21), Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (8), Аграрнай партыі (1) і Сацыяльна-спартыўнай партыі (1).
Безальтэрнатыўныя акругі
У выніку зняцця кандыдатаў вядучымі апазіцыйнымі партыямі на сёлетніх выбарах 15 безальтэрнатыўных акругаў:
Баранавічская-заходняя акруга №5
Баранавічская сельская акруга №7
Белавежская акруга №8
Пружанская акруга №9
Пінская гарадская акруга №14
Гомельская-Сельмашаўская акруга №32
Ваўкавыская акруга №48
Гродзенская сельская акруга №52
Мастоўская акруга №56
Навагрудская акруга №57
Смаргонская акруга №59
Шчучынская акруга №60
Барысаўская акруга №62
Вілейская акруга №74
Заслаўская акруга №77
У Гродзенскай вобласці з 13 акругаў 6 безальтэрнатыўных. У Брэсцкай – 5, у Мінскай – 3, у Гомельскай вобласці адна безальтэрнатыўная акруга. Іх сумарная колькасць прыблізна адпавядае колькасці на парламенцкіх выбарах 2008 г. (16), але перавышае колькасць парламенцкіх выбараў 2004 г. (8 безальтэрнатыўных акругаў). Традыцыйна безальтэрнатыўнасць акругаў найбольш характэрная для рэгіёнаў, асабліва сельскіх. Сталіцы ўласцівая канкурэнцыя на выбарах.
Цэнзура праграмаў і выступаў у СМІ
На працягу тыдня ў мясцовых і рэспубліканскіх дзяржаўных выданнях друкаваліся праграмы кандыдатаў. Шэраг апазіцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат заявілі, што прадстаўленыя імі для публікацыі праграмы ў рэдакцыях падвяргаліся цэнзуры.
11 кандыдатаў ад АГП не здолелі апублікаваць свае паграмы ў дзяржаўных выданнях. Напрыклад, бярозаўская раённая газета “Маяк” адмовілася друкаваць праграму кандыдата ад АГП па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Аляксандра Кабанава. Бярозаўская раённая газета “Маяк” адмовіла ў публікацыі кандыдату па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 ад БСДП (Грамада) Валянціну Лазарэнкаву. Фотаздымак на перадвыбарчым плакаце кандыдата па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 Уладзіміра Няпомняшчых быў апрацаваны ў кампутарнай праграме з мэтай выдалення надпісу на адзенні кандыдата. 33 з 68 магчымых тэле- і радыёвыступаў кандыдатаў ад АГП не былі выпушчаныя ў эфір.
Гродзенская рэгіянальная газэта “Перспектыва” адмовілася друкаваць праграму кандыдата ад Партыі БНФ Аляксандра Стральцова на мовах нацыянальных меншасцяў (польскай і літоўскай), распаўсюджаных у памежных з Літвой і Польшчай рэгіёнах Гродзенскай сельскай выбарчай акругі № 52. Партыя БНФ разглядае гэта як парушэнне права кандыдата на агітацыю.
У дзяржаўных СМІ выбары асвятляюцца нязначна. Разам з праграмамі праўладных кандыдатаў публікуюцца артыкулы пра іх дасягненні, пры гэтым з’яўляюцца матэрыялы з рэзкай крытыкай на адрас апазіцыйных кандыдатаў.
Назіральны Савет па кантролі за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ не задаволіў прапанову прадстаўніка Партыі БНФ у складзе Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голаса Ігара Лялькова далучыць да працы Савета прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў і недзяржаўнай газэты “Наша Ніва”. Такім чынам, Назіральны Савет працягвае дзейнічаць у складзе членаў праўладнага Беларускага саюза журналістаў і прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.
Перадвыбарчыя дэбаты як новы сродак агітацыі адбыліся ў меншасці акругаў. У некаторых акругах тым кандыдатам, якія заявілі пра намер удзельнічаць у дэбатах, было адмоўлена ў рэалізацыі гэтага права. Так, У Слонімскай выбарчай акрузе № 58 атрымалі адмову на правядзенне дэбатаў кандыдат ад Партыі БНФ Іван Шэга і кандыдат ад БПЛ “Справядлівы свет” Міхаіл Караткевіч. Скарга, пададзеная Іванам Шэга ў Цэнтральную камісію, засталася без задавальнення. Такім чынам у Гродзенскай вобласці не зафіксавана ніводнага выпадку правядзенння радыё- альбо тэледэбатаў.
Усяго ў запісу транслявалася 31 сэсія тэледэбатаў. 7 дэбатаў былі знятыя з эфіру з-за таго, што кандыдаты агітавалі за байкот выбараў.
Агітацыйныя масавыя мерапрыемствы
Апазіцыйныя кандыдаты заяўляюць, што вылучаныя для агітацыйных сходаў пляцоўкі з’яўляюцца ў большасці выпадкаў нязручнымі і маланаведваемымі. У той жа час ускладнена выкарыстанне памяшканняў, прызначаных для сустрэч з выбаршчыкамі. Гаспадары памяшканняў часта адмаўляюцца іх прадаставіць, матывуючы гэта занятасцю памяшканняў. Улады перашкаджаюць распаўсюджваць інфармацыю пра сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі.
Для праўладных кандыдатаў арганізуюцца сустрэчы на прадпрыемствах у працоўны час. Дзяржаўныя структуры забяспечваюць падтрымку аднаму з пяці кандыдатаў па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, генеральнаму дырэктару ААТ “Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг” Віктару Валюшыцкаму. Яго сустрэчы з выбаршчыкамі у працоўных калектывах праводзяцца ў працоўны час з удзелам прадстаўнікоў Ленінскага райвыканкама г. Брэста. У бальніцах і паліклініках раёна, у крамах гандлёвай сеткі “Сантэ” вісяць толькі друкаваныя агітацыйныя матэрыялы праўладнага кандыдата Віктара Валюшыцкага.
Адміністратыўны рэсурс прыцягваецца і для арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі кандыдата па Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе № 27, старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра Дзедушкіна.
Падчас сустрэчы кандыдата ў дэпутаты, намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Агеева з працаўнікамі ААТ “Бабушкіна крынка” апазіцыйнага кандыдата, намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва спрабавалі не дапусціць на прадпрыемства.
Віцебскі райвыканкам не даў магчымасці даверанай асобе Леаніда Аўтухова, кандыдата ад Партыі БНФ, правесці пікет у в. Буяны Віцебскага раёна ў паведамляльным парадку згодна з ч. 2 арт. 45-1 ВК. Суд Чыгуначнага раёна г. Віцебска не разгледзеў скаргу па гэтай справе ў законны трохдзённы тэрмін.
11 верасня ў г.п. Хоцімск Магілёўскай вобласці кандыдат ад Партыі БНФ па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч праводзіў свой агітацыйны пікет у дазволеным месцы. Гэты пікет быў спынены супрацоўнікамі міліцыі, а кандыдат затрыманы і дастаўлены ў раённае аддзяленне міліцыі для дачы тлумачэнняў.
Перадвыбарчыя прыватныя фонды і іх выкарыстанне дзеля агітацыі
Правам стварэння прыватных перадвыбарчых фондаў скарысталася меншасць кандыдатаў у дэпутаты. На 16 верасня адчынена толькі 80 рахункаў для перадвыбарчых фондаў. Пры гэтым апазіцыйныя кандыдаты заяўляюць пра бюракратычныя перашкоды з боку камісій пры адкрыцці рахункаў.
Дзяржаўныя і прыватныя друкарні адмаўляліся вырабляць матэрыялы, якія фінансуюцца з прыватных выбарчых фондаў апазіцыйных кандыдатаў. Як заявіла Партыя БНФ, 15 прыватных друкарняў адмовіліся вырабляць прадукцыю БНФ. Іншыя спасылаліся на загружанасць сваіх вытворчых магчымасцяў.
Дзяржаўныя друкарні РУП “Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа”, РУП “Мінская фабрыка каляровага друку”, ААТ “Чырвоная зорка” таксама адмовілі Партыі БНФ. Толькі 3 з 31 кандыдата ад Партыі БНФ здолелі скарыстацца сваімі перадвыбарчымі фондамі і надрукаваць улёткі. Пры гэтым кандыдату ад Партыі БНФ Аляксандру Стральцову, які балатуецца па Гродзенскай сельскай выбарчай акрузе № 52, АВК вынесла папярэджанне за неўказанне на ўлётках поўных выходных дадзеных. Дзяржаўнае паліграфічнае прадпрыемства “Тытул” ў горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці адмовілася друкаваць 10 тысяч адзінак агітацыйнай прадукцыі кандыдата па Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44 Антона Няфёдава.
Кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 Аляксей Гаўруцікаў і кандыдат па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17 Алена Фаміна не здолелі ў тэрмін атрымаць наклады сваіх улётак з дзяржаўнай друкарні, што перашкаджае ім весці паўнавартасную агітацыйную кампанію.
Паводле назіральнікаў, па ўсёй краіне агітацыйныя друкаваныя матэрыялы сустракаюцца ў мізэрнай колькасці, іх размяшчэнне ў адведзеных для агітацыі месцах з’яўляецца малазаўважным.