Cупрацоўнікі КДБ аказваюць ціск на студэнтку Карповіч Яну Віктараўну
https://spring96.org/be/news/5720
2007
2007-01-05T10:00:00+0200
2007-01-05T10:00:00+0200
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генеральному пракурору Рэспублікі Беларусь
Скарга
на дзеянні супрацоўнікаў Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь
27 снежня 2006 г. я была запрошаная на размову да Дэкана факультэта мэнэджмента Беларускага Дзяржаўнага Эканамічнага Універсітэта, студэнткай якога я з’яўляюсь. Дэкан факультэта Сімховіч В.А. сказала, што ёй неабходна паразмаўляць са мной наконт пытанняў афармлення дакументаў датычных навучання. Калі я прыйшла у дэканат, да размовы былі запрошаныя два раней мне невядомыя чалавекі. Яны прадставіліся як Іван і Уладзімір і сказалі, што я мушу здагадвацца, якую дзяржаўную структуру яны прадстаўляюць. Гэтыя два чалавекі пачалі задаваць пытанні адносна майго адміністратыўнага затрымання супрацоўнікамі міліціі, якое адбылося 29 верасня 2006 г. У той дзень я сапраўды была затрыманая супрацоўнікамі міліціі ў раёне пл. Кастрычніцкая ў г. Мінску і дастаўлена ў Цэнтральнае РУУС г. Мінска. Аднак, пратаколаў аб адміністратыўным затрыманні на мяне не складалі і да адміністратыўнай адказнасці я не прыцягвалася. Невядомых супрацоўнікаў КДБ цікавілі пытанні маёй грамадска-палітычнай дзейнасці, а менавіта мой удзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у якасці сябра ініціытыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Корбана Алега Міхайлавіча. Я сапраўды з’яўлася сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Корбана Алега Міхайлавіча, якая была зарэгістраваная ва ўстаноўленым законам парадку адпаведнай тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. Аб чым мне было выдадзена пасведчанне адпаведнага ўзору. У адпаведнасці з палажэннямі Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь я ажыцяўляла збор подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэнні Корбана А.М. кандыдатам у дэпутаты. 14 снежня 2006 г. Корбан А.М. быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Супрацоўнікі КДБ задавалі пытанні адносна маіх дачыненняў з Корбанам А.М. і пагражалі прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за нібыта ажыцяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраванай радыкальнай арганізацыі. Таксама іх цікавілі пытанні маіх асабістых паездак за мяжу, удзел у навучальных семінарах, навучання па праграме ім. Каліноўскага і г.д. Адно з пытанняў датычылася майго магчымага супрацоўніцтва з ЦРУ. У весь час пры гэтай размове прысутнічала Дэкан факультэта Сімховіч В.А. Пасля супрацоўнікі КДБ папрасілі яе выйсьці з пакою на 15 хвілін. Пасля таго, як Дэкан Сімховіч В.А. выйшла, супрацоўнікі КДБ пачалі аказваць псіхалагічны ціск на мяне, патрабуючы майго супрацоўніцтва з КДБ. Пры гэтым яны патлумачылі мне, што ў выпадку маёй адмовы я буду адлічаная з вучобы ў БДЭУ. Яны сказалі, што даюць мне два дні на роздум і папрасілі нікому не распавядаць аб гэтай сустрэчы. 29 снежня 2006 г. яны патэлефанавалі мне на мабільны тэлефон і запрасілі на сустрэчу 30 снежня 2006 г. у галоўны корпус БДЭУ. 30 снежня 2006 г. я разам з маім знаёмым Зьміцерам Касьпяровічам падышлі да галоўнага будынку БДЭУ, дзе мяне ўжо чакаў адзін з супрацоўнікаў КДБ, які раней прадставіўся як Іван. Пабачыўшы, што я не адна, ён адмовіўся размаўляць са мной, але праз некалькі хвілінаў ён пазваніў мне і сказаў, каб я падышла на размову ў Рэктарат Універсітэта. Калі я падышла, то ўбачыла, што супрацоўнікі КДБ стаяць удвух. Гэта былі тыя ж асобы, з якімі я сустракалася напярэдадні ў памяшканні Дэкана факультэта. Яны сказалі, каб я адна прайшла з імі ў Рэктарат для вырашэння пытання майго далейшага лёсу. Аднак, замест Рэктарату яны завялі мяне ў пустую навучальную аудыторыю. Там яны пачалі пагражаць мне, што калі я адмоўлюся супрацоўнічаць з імі, я буду адлічаная з БДЭУ. Я адказала ім адмовай і яны зышлі, паабяцаўшы мне наступстваў за мой учынак.
Лічу, што дзеянні супрацоўнікаў КДБ насілі яўна незаконны характар, парушалі мае законныя канстытуцыйныя правы, дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Так, у адпаведнасці з арт. 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” ад 03.12.1997 г., органы дзяржаўнай бяспекі могуць прыцягваць асобаў да садзейнічання ў вырашэнні задачаў дзяржаўнай бяспекі толькі з іх згоды. Дадзенымі дзяннямі супрацоўнікі КДБ парушылі асноўныя прынцыпы дзейнасці органаў дзяржаўнай бяспекі, выкладзеныя ў арт. 5, 6 вышэйуказанага закона.
Супрацоўнікі КДБ парушылі патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь“Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці”, нормы КПК Рэспублікі Беларусь — не прадставілі сваіх службовых пасведчанняў, фактычна правялі допыт без законных на тое падставаў.
Акрамя таго, улічваючы тое, што я з’яўляюсь даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў Корбана А.М., дадзеныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ парушалі мае выбарчыя правы. Паколькі супрацоўнікі КДБ схілялі мяне спыніць мой законны ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты, я лічу, што гэтым яны парушылі патрабаванні арт. 5 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Службовыя асобы, якія шляхам запалохвання, пагрозаў перашкаджаюць ажыцяўленню грамадзянамі сваіх законных выбарчых правоў паводле арт. 49 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь нясуць крымінальную адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
У сувязі з гэтым, кіруючыся арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры” я прашу:
- Правесці пракурорскую праверку ўказаных мной фактаў.
- Узбудзіць крымінальную справу ў адносінах да супрацоўнікаў КДБ, якія дапусцілі парушэнні маіх законных правоў.
05.01.2007 г. Карповіч Яна Віктараўна