Вольга Кавалькова: “Пакуль палітвязні за кратамі, удзельнічаць у выбарах амаральна”
Тэлеканал “Беларусь-2” дапусціў да трансляцыі дэбаты кандыдатаў па Шабаноўскай выбарчай акрузе №91, дзе кандыдатка Вольга Кавалькова патлумачыла, чаму яна і яе паплечнікі заклікаюць байкатаваць парламенцкія выбары.
У дэбатах, апроч спадарыні Кавальковай, якая вылучалася ад АГП, прынялі ўдзел бізнэсовец ад ЛДП Уладзімір Шабан і старшыня Завадской раённай арганізацыі “Белай Русі” Аксана Няхайчык.
У сваёй прамове Вольга Кавалькова паімённа пералічыла палітвязняў, акцэнтуючы ўвагу на тым, што пакуль яны знаходзяцца за кратамі, удзельнічаць у выбарах амаральна. “Мы ўжо дзельнічалі на выбрах у 2010 годзе, а пасля людзі апынуліся за кратамі”, - адзначыла яна.
Яе апанент Уладзімір Шабан спрабаваў аспрэчыць гэтае меркаванне: “Вы ставіце перад сабой мэту штосьці змяніць да лепшага ў гэтай краіне. Чаму Вы ўвесь час заклікаеце байкатаваць выбары? Мала таго, што самі будзеце здымацца, я так зразумеў, дык яшчэ і астатніх людзей заклікаеце. Чаго вы дабіваецеся?”
Кавалькова на гэта адказала: “Сёння выбары не тыя, якія я хацела б, каб былі ў нашай краіне. На жаль, за нас з вамі гэтыя выбары ўжо зрабілі. Няважна, як мы галасуем, а важна, хто лічыць нашы галасы. У акруговых камісіях — 99% праўладных прадстаўнікоў. Вы ведаеце, што заявы апазыцыйных кандыдатаў увогуле не разглядаліся? Ісці на выбары, калі за кратамі знаходзяцца палітвязні? Гэта ўлады прымушаюць нас казаць: я здымаюся з выбараў. Пры іншай уладзе можа быць размова, каб удзельнічаць у выбарах”.
Кандыдатка ад АГП таксама заклікала выбаршчыкаў станавіцца назіральнікамі і абараняць свае галасы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”