У Мінску пакуль толькі пяць кандыдатаў стварылі свае выбарчыя фонды
Кожны кандыдат пасля рэгістрацыі мае права ўтварыць свой асабісты фінансавы фонд у памеры да 1 000 базавых велічынь (100 млн. рублёў). У газеце “Мінскі кур’ер” надрукаваныя рашэнні акруговых выбарчых камісій пра стварэнне выбарчых фондаў толькі пяці кандыдатаў. А ўсяго па Мінску зарэгістравана 87 кандыдатаў.
Так, свой уласны выбарчы фонд зарэгістраваў кандыдат па Васняцоўскай выбарчай акрузе №93 Валер Барадзеня, які працуе дэканам факультэта маркетынгу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Рахунак таксама з’явіўся ў дзейснага дэпутата Віталя Бусько, які апошнія чатыры гады быў старшынём пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях СНД. Сёлета ён ізноў балатуецца па Усходняй выбарчай акрузе №107.
Свой рахунак займеў і галоўны доктар 34 Цэнтральнай клінічнай паліклінікі Дзмітрый Шаўцоў, які з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты па Коласаўскай выбарчай акрузе №106.
Старшыня Завадской раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” і кандыдат па Шабаноўскай выбарчай акрузе №91 Аксана Няхайчык таксама вырашыла зарэгістраваць свой фонд.
З прадстаўнікоў палітычных партый выбарчы рахунак пакуль з’явіўся толькі ў Таццяны Караткевіч, якая вылучалася ад БСДП (Грамада) па Кальварыйскай выбарчай акрузе №104. На выбарах яна таксама прадстаўляе інтарэсы грамадзянскай ініцыятывы “Гавары праўду!”. Дарэчы, па ўсёй краіне свае рахункі займелі яшчэ 8 актывістаў “ГП”, якія ўдзельнічаюць у якасці кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах.
Для фарміравання свайго выбарчага фонду кандыдат у дэпутаты адкрывае ў падраздзяленні “Беларусбанка” адмысловы рахунак, прытым толькі адзін (паводле арт.48 Выбарчага кодэксу РБ). Падставай для гэтага служаць рашэнне ЦВК і акруговай выбарчай камісіі аб рэгістрацыі кандыдата.
Кантралююць паступлення і выкарыстанне сродкаў фонду ЦВК, акруговыя выбарчыя камісіі і фінансавыя органы. Не пазней за 28 верасня кандыдат прадастаўляе ў камісію, якая зарэгістравала яго, фінансавы справаздачу аб памерах і ўсіх крыніцах стварэння свайго выбарчага фонду, а таксама пра ўсе выдаткі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”