viasna on patreon

Праваабаронца абмеркаваў з пракурорамі Віцебшчыны праблемы недапушчальнасці катаванняў

2012 2012-09-04T19:22:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

У Віцебскай вобласці прайшла ўнікальная кампанія: на працягу ліпеня- жніўня 2012 года праваабаронца Павел Левінаў наведаў абласную і ўсе раённыя пракуратуры, каб пазнаёміць пракурорскіх работнікаў з заўвагамі Камітэта супраць катаванняў ААН. Падчас гэтых гутарак высветлілася, што большасць пракурораў нават не чулі аб далучэнні Беларусі да Канвенцыі супраць катаванняў і  жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжальнага абыходжання і пакарання.

Канвенцыя была зацверджана Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1984 года, уступіла ў сілу 26 чэрвеня 1987 года. Далучэнне Беларусі да гэтага міжнароднага дакумента накладае на краіну пэўныя абавязкі ў сферы барацьбы за захаванне грамадзянскіх правоў. Між тым, нават на міжнародным узроўні вядомыя выпадкі, калі ў Беларусі  парушаюцца правы затрыманых, ужываюцца катаванні і жорсткае абыходжанне з боку супрацоўнікаў сілавых структур.

Пракуратура мусіць сачыць не толькі за выкананнем законаў, але і за захаваннем грамадзянскіх правоў, лічыць Павел Левінаў. Ён наведаў 25 рэгіянальных пракуратур, а ў дзве, дзе сустрэчы правесці не ўдалося, накіраваў для азнаямлення даклад няўрадавых арганізацый і выніковыя заўвагі Камітэта супраць катаванняў ААН у дачыненні Рэспублікі Беларусь.

"Пракурор Гарадоцкага раёну, з якім сустрэча не адбылася,  вярнуў мне гэтыя матэрыялы  --яны яго не зацікавілі. Пракурор Віцебскага раёну выслухаў мяне моўчкі, дыялогу ў нас не атрымалася, толькі мой маналог. Пракурор Лёзненскага раёну сказаў, што імкнецца пазбягаць праблем з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем. Таму "даў устаноўку" супрацоўнікам міліцыі, каб не дапускалі нічога падобнага. Аднак, за выключэннем супрацоўніцы Сенненскай  пракуратуры, якая ведала і пра Канвенцыю, і пра існаванне Камітэту супраць катаванняў,  бальшыня пракурораў шчыра не разумела, пра што я ім кажу", -- распавёў Павел Левінаў.  

Праваабаронца адзначае, што ні абласная, ні рэгіянальныя пракуратуры ні разу не звярнуліся ў суд, каб абараніць правы грамадзян. Павел Левінаў атрымаў 14 пісьмовых адказаў пасля сваіх візітаў, і амаль ў кожным напісана, што "у прадастаўленай інфармацыі нічога не гаворыцца пра парушэнні правоў грамадзян". І што "грамадзяне маюць права паскардзіцца, калі лічаць, што іх правы парушаныя".

Павел Левінаў падкрэслівае, што ягонай мэтай было нагадаць пра абавязак пракуратуры сачыць за  тым, ці не парушаюцца грамадзянскія правы. А наконт таго, што да пракурораў паступае няшмат заяваў пра парушэнні, праваабаронца  разважае так:

"Многія нашы землякі не ведаюць пра свае правы прэтэндаваць на тое, каб з імі абыходзіліся ветліва і паважліва. Да прыкладу, калі чалавек некалькі разоў трапляе ў ІЧУ за дробныя правапарушэнні, для яго ўжо нормай стала адсутнасць пасцельнай бялізны ці грубасць ахоўнікаў. "Я ж сапраўды вінаваты", -- думае такі чалавек, і ўспрымае нязручнасці і грубасць як належнае. Іншая справа – гэта свядомыя, палітызаваныя людзі, якія трапляюць "на суткі" за ўжо традыцыйную "лаянку матам". Толькі яны, як правіла, і пратэстуюць. А большасці бракуе прававой асветы, каб у любых умовах адстойваць сваю чалавечую годнасць".

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства