Салігорцы не ведаюць свайго кандыдата ў Савет Рэспублікі
На сумесным паседжанні прэзідыюма Салігорскага раённага Савета дэптутатаў і Салігорскага раённага выканаўчага камітэту кандыдатам ад Салігоршчыны ў члены Савета Рэспублікі быў вылучаны начальнік сільвінітавай абагачальнай фабрыкі другога рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» Уладзімір Паўлюкевіч.
Абсалютная большасць жыхароў рэгіёна пра сваёго верагоднага прадстаўніка ў верхняй палаце парламента пачула ўпершыню. Пра гэта сведчаць вынікі апытання рэгіянальнага інфармацыйнага рэсурса САЛІГОРСК.org. Толькі 5%-ам апытаных вядома асоба Уладзіміра Паўлюкевіча. 11%-ам салігорцаў знаёма прозвішча свайго кандыдата ў Савет Рэспублікі, але яны мала што ведаюць пра яго. Пераважная колькасць салігорцаў, а гэта ажно 84%, ніколі не чулі пра Уладзіміра Паўлюкевіча.
Таксама варта адзначыць, што 92% апытаных не змаглі адказаць на пытанне ці ёсць прадстаўнік з Салігоршчыны ў дзеючым складзе Савета Рэспублікі.
Калі ж паглядзець на ўдзел начальніка з “Беларуськалія” ў грамадска-палітычным жыцці краіны, то становяцца зразумелымі прычыны яго вылучэння кандыдатам у члены Савета Рэспублікі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 году спадар Паўлюкевіч быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.
На думку прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай супольнасці, кандыдата ў Савет Рэспублікі абіралі не па ўзроўню вядомасці да яго ў грамадствае, а па ўзроўню ягонай лаяльнасці і здольнасці “галасаваць як трэба”.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»