У Рэчыцы дэбатаў не захацеў кандыдат Вашкоў
Рэчыцкія кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не будуць праводзіць тэлевізійныя дэбаты. Прычынай стала нежаданне Адама Вашкова, дырэктара метызнага завода. А прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі на паседжанне камісіі ўвогуле не прыбыў.
Рэчыцкая акруговая выбарчая камісія паведаміла, што тэледэбаты не адбудуцца, таму што ўдзельнічаць у іх пажадаў толькі адзін з трох кандыдатаў. Хто быў гатоў выступіць перад выбаршчыкамі ў дэбатах, і хто не захацеў рабіць гэта? На гэта пытанне адказвае Валерый Пуціцкі – назіральнік у акруговай выбарчай камісіі:
– Пасля таго, як на паседжанні камісіі зарэгістравалі кандыдатаў у дэпутаты, старшыня камісіі паведаміў, што кандыдаты могуць правесці тэледэбаты паміж сабой. Кандыдат Антон Нефёдаў выказаў жаданне ўдзельнічаць у дэбатах, а кандыдат Адам Вашкоў не захацеў. Трэці кандыдат, Ігар Каўбаска, на паседжанні не прысутнічаў.
Дададзім, што А. Нефёдаў – беспартыйны і ўдзельнік грамадскай кампаніі “Гавары праўду”, а І. Каўбаска з Гомеля прадстаўляе Ліберальна-дэмакратычную партыю.
Па словах В. Пуціцкага, Адам Вашкоў (на здымку) патлумачыў нежаданне ўдзельнічаць у дэбатах тым, што для гэтага трэба ехаць на тэлебачанне ў Гомель, “ды і што можна сказаць на дэбатах за 5 хвілін”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”