Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Міхаіл Шавыркін звольнены з пасады
Міхась Шавыркін звольнены з пасады галоўнага рэдактара часопіса "Роднае слова" загадам міністра адукацыі ад 14 снежня з фармулёўкай “па згодзе бакоў”.
Сярод іншых падстаў змены кіраўніка рэдакцыі “Роднага слова” прагучала тлумачэнне, што падае наклад часопіса. “Але які можа быць рост накладу, калі роля беларускай мовы ў грамадстве памяншаецца?”, – выказаў здзіўленне Міхаіл Шавыркін, адказваючы на пытанні прэс-службы БАЖ.
“Другі момант, калі былі юбілеі народных хрэстаматыйных пісьменнікаў, якія атрымалі званне народных яшчэ пры іншай уладзе – Бураўкін, Гілевіч, Някляеў – мы вядома пісалі пра іх. Пасля таварышы з новага пісьменніцкага саюза гаварылі, што часопіс занадта многа ўдзяляе ўвагі гэтым пісьменнікам”, – распавёў былы рэдактар “Роднага слова”.
Паводле, Міхаіла Шавыркіна, падобнае выказванне ён выслухаў ад сябра рэдакцыйнай калегіі часопіса Таццяны Шамякінай, якая таксама ўзначальвае кафедру беларускай літаратуры і культуры на філфаку БДУ.
Міхаіл Шавыркін кіраваў часопісам 19 гадоў з самага заснавання. Зараз ён застаецца працаваць ў рэдакцыі на пасадзе загадчыка аддзела мовазнаўства і методыкі выкладання беларускай мовы. Выконваць абавязкі галоўнага рэдактара прызначана Ларыса Сагановіч.
Часопіс “Роднае слова” выходзіць накладам каля 3.950 асобнікаў. Распаўсюджваецца пераважна праз падпіску, асноўныя падпісчыкі – настаўнікі і бібліятэкі.