Ярмошына пацвердзіла, што бюлетэні надрукаваныя на ўсіх 110 выбарчых акругах
Старшыня Цэнтрвыбаркаму адказала на скаргу актывісткі БХД Вольгі Каральковай, якая сфатаграфала бюлетэнь на Шабаноўскай выбарчай акрузе, надрукаваныя яшчэ да сканчэння рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутатаў.
Прэс-служба БХД прыводзіць вытрымкі з адказу: “У адпаведнасці з практычным дапаможнікам для акружных выбарчых камісій, зацверджаных пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў № 10 ад 26.04.2012, пункт 14.3, тэкст бюлетэню па выбарчай акрузе акружная камісія зацвярджае адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. 22 жніўня г.г. акружная выбарчая камісія па Шабаноўскай выбарчай акрузе правяла рэгістрацыю і зацвердзіла тэкст бюлетэню. Падобным чынам зрабілі ўсе акружныя выбарчыя камісіі. У выпадку змены складу кандыдатаў у тэкст бюлетэню будуць унесеныя адпаведныя змены”.
Пры гэтым яшчэ 23 жніўня сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у інтэрв’ю парталу Tut.by адмаўляў наяўнасць выбарчых бюлетэняў.
“Ніхто не стане друкаваць бюлетэні не тое што да заканчэння працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў, але і да таго моманту, калі скончацца апошнія працэдуры абскарджання рашэнняў акруговых камісій, бо Цэнтрвыбаркам, пры наяўнасці важкіх падстаў, можа адмяніць рашэнне любога акруговага выбаркама аб адмове ў рэгістрацыі . Акрамя таго, прадугледжана і працэдура судовага абскарджання”, - падкрэсліў чыноўнік.
Такім чынам, словы прадстаўнікоў Цэнтрвыбаркама разыходзяцца.
Тым часам у ЦВК працягваецца разгляд скаргаў, пададзены вылучэнцамі, якім адмовілі ў рэгістрацыі. Падчас прэс-канферэнцыі 24 жніўня Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што колькасць зарэгістраваных кандыдатаў можа павялічыцца. “Па адной скарзе можна сказаць дакладна, што кандыдату адмовілі ў рэгістрацыі несправядліва. Акруговая камісія палічыла недакладным той факт, што вылучэнец не ўказаў наяўнасць жылога дома. Па факце ж, ён прадаў аб’ект і мае на руках дамову аб здзелцы. Таму падставаў для адмовы ў рэгістрацыі няма, рашэнне камісіі будзе на карысць кандыдата”, - распавяла яна.
Выходзіць, што тэкст давядзецца перарабляць і выпускаць новыя бюлетэні, дзе будуць указаныя дадзеныя ўсіх зарэгістраваных кандыдатаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”