ХТО АБАРОНІЦЬ АБАРОНЦАЎ?
15 ліпеня грамадзкае аб'яднаньне "Незалежнае таварыства прававых
дасьледваньняў" атрымала пісьмовае папярэджаньне ад Упраўленьня
юстыцыі Менгарвыканкаму, датаванае 10 ліпеня. Фактычнай падставай для
папярэджаньня стаў ўдзел у судовых справах, датычных няўрадавых
арганізацыяў, у прыватнасьці, прадстаўленьне пазыцыі грамадзкасьці ў
судовым працэсе па ліквідацыі Гарадзенскага абласнога грамадзкага
аб'яднаньня "Ратуша". У той жа час працягваюцца праверкі грамадзкіх
аб'яднаньняў "Правабарончы цэнтар "Вясна" і "Прававая ініцыятыва" -
аб'яднаньняў, што аказваюць дапамогу арганізацыям, якім пагражае
закрыцьцё. Усе згаданыя аб'яднаньні зьяўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі
кампаніі "Наша Салідарнасьць", ініцыяванай арганізацыямі-сябрамі
Асамблеі НДА. У папярэджаньні ГА "Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў"сказана: "Управлением юстиции Мингорисполкома установлено, что член Правления Общественного объединения "Независимое общество правовых
исследований" Смолянко О.?#152;. участвовала в качестве представителя
общественности Общественного объединения "Независимое общество
правовых исследований" в Гродненском областном суде, по делу о
ликвидации Гродненского областного общественного объединения "Ратуша"
22.05.2003 г. и по делу о жалобе Сморгонского общественного
объединения "Дом прав человека". На думку чыноўнікаў, гэтыя дзеяньні
аб'яднаньня парушаюць Статут аб'яднаньня і Закон "Аб грамадзкіх
аб'яднаньнях". Нягледзячы на тое, што суды прынялі вызначэньне наконт
допуску сябраў "Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў" да
ўдзелу ў працэсе ў якасьці прадстаўнікоў грамадзкасьці (згодна з
артыкулам 78 ГПК), Упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму бачыць тут
парушэньне артыкула 72 ГПК (у якім вядзецца пра асобаў, якія могуць
быць прадстаўнікамі ў судзе). Органы юстыцыі не палічылі патрэбным
абскарджваць незаконныя, на іх думку, вызначэньні судоў па допуску ў
працэс прадстаўнікоў ГА "Незалежнае таварыства прававых
дасьледваньняў". Яны не спрабавалі адмяніць гэтыя дзеяньні судоў у
судовым парадку - яны палічылі мэтазгодным дзейнічаць адміністратыўным
шляхам, ужыўшы ў дачыненьні да грамадзкага аб'яднаньня санкцыю ў
выглядзе пісьмовага папярэджаньня. З нагоды вынясеньня пісьмовага
папярэджаньня ГА "Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў"
Старшыня Праўленьня аб'яднаньня Алена Танкачова заявіла, што
арганізацыя "будзе працягваць дзейнасьць у судах па справах грамадзкіх
аб'яднаньняў, нават калі для гэтага давядзецца зьвярнуцца да формулы
"грамадзянскага непадпарадакаваньня". Мы рабілі, робім і будзем
працягваць рабіць усё, што залежыць ад нашай прафесыйнай і
грамадзянскай пазыцыі для зьмяненьня існуючай рэпрэсыўнай
правапрымяняльнай практыкі ў дачыненьні да грамадзкіх арганізацыяў. Мы
не маем намеру адмаўляцца ад дзейнасьці і мэтаў, дзеля якіх
аб'ядналіся ў грамадзкую арганізацыю, тым больш, што мы прафэсыйна
перакананы ў законнасьці і парвамернасьці гэтых дзеяньняў".
Папярэджаньне, вынесенае ГА "Незалежнае таварыства прававых
дасьледваньняў" будзе абскарджана ў судзе. Да таго ж, сябры
аб'яднаньня маюць намер зьвярнуцца да Міністра юстыцыі і паведаміць аб
сваёй пазыцыі, а таксама ў Канстытуцыйны суд аб практыцы, якая
складваецца ў сувязі з рэалізацыяй права на свабоду асацыяцый і
інстытутам судовага прадстаўніцтва, у Камісію ААН па правах чалавека
аб новых фактах адміністратыўнага ўціску на грамадзкія аб'яднаньні.
У адзін час з вынясеньнем папярэджаньня ГА "Незалежнае таварыства
прававых дасьледваньняў" вядуцца праверкі ў іншых арганізацыях, якія
аказвалі і аказваюць дапамогу "ахвярам зачысткі" - грамадзкім
аб'яднаньням "Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз", "Грамадзянскія
ініцыятывы", "Ратуша". Спэцыяліст Упраўленьня грамадзкіх аб'яднаньняў
Міністэрства юстыцыі спн. Фішкіна вывучае справы РГА "Прававая
ініцыятыва" і ГА "Праваабарончы цэнтар "Вясна" на прамет адпаведнасьці
дзейнасьці гэтых арганізацыяў патрабаваньням заканадаўства. Праверкі
галаўных структураў згаданых аб'яднаньняў распачаліся пасьля таго, як
скончыліся праверкі рэгіянальных філіяў. Каардынатар сыстэмы калектыўнай абароны няўрадавых арганізацыяў ЮрасьЧавусаў разглядае апошнія дзеяньні органаў юстыцыі як лягічны працяг уціску на няўрадавыя арганізацыі. "Грамадзкія аб'яднаньні, на якія
зараз вядзецца наступ, займаюцца абаронай "ахвяраў зачысткі",
аказваюць грамадзкім аб'яднаньням кампэтэнтную прававую дапамогу ды
ўдзельнічаюць у кампаніі "Наша салідарнасьць". У ліпені Міністэрства
юстыцыі распачало масавую праверку грамадзкіх аб'яднаньняў краіны -
зараз дзясяткі арганізацыяў атрымалі патрабаваньні прадаставіць у
мінюст справаздачу аб сваёй дзейнасьці. Мяркую, што ў хуткім часе
могуць быць пададзеныя новыя зыскі аб ліквідацыі арганізацыяў. Таму
органы юстыцыі і робяць захады, накіраваныя на тое, каб пазбавіць
будучых "ахвяраў" прававой абароны" - кажа сп. Чавусаў.
ПРЭС-РЭЛІЗ ГРАМАДЗКАЙ КАМПАНІІ "НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ"