viasna on patreon

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты: дадзеныя з рэгіёнаў (дадаецца)

2012 2012-08-23T16:04:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/plakat-vybary-2012-pinsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Плакат на адной з пінскіх крамаў

Плакат на адной з пінскіх крамаў

Івацэвічы: з пяці прэтэндэнтаў кандыдатамі зарэгістраваны трое

Згодна з рашэннем Івацэвіцкай акруговай выбарчай камісіі акругі № 11, з пяці прэтэндэнтаў кандыдатамі зарэгістраваны трое.

Кандыдатамі сталі Леанід Кавалевіч – былы дырэктар Івацэвіцкай ЖКГ, дзейсны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які быў вылучаны двума спосабамі – ад калектыва сельгаспрадпрыемства “Перамога”і шляхам збору подпісаў. Зарэгістраваны кандыдатамі Валянцін Лазарэнкаў – ад БСДП (Г) і Валерый Папека з горада Брэста – ад партыі ЛДП.  Раіса Горбач з Івацэвічаў, якая вылучалася ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, зняла сваю кандыдатуру па прычыне нездароўя. Вікторыя Грынюк з Бярозы ад АГП не была зарэгістравана з-за няправільна ўказаных ў дэкларацыі прыбыткаў. Памылка склала 39 % ад агульнай сумы яе даходаў.

На прапанову Валянціна Лазарэнкава да прысутнага Леаніда Кавалевіча пра правядзенне тэледэбатаў дзейсны дэпутат і кандыдат Кавалевіч катэгарычна адмовіўся. Меркаванне на гэты конт трэцяга кандыдата Валерыя Папекі невядома – на паседжанні камісіі яго не было, знайсці па тэлефоне пакуль немагчыма, кажа Лазарэнкаў.

Барысаў: па гарадской акрузе зарэгістравалі ўсіх прэтэндэнтаў

Усе тры прэтэндэнты на кандыдацтва ў дэпутаты па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе № 62 былі зарэгістраваныя кандыдатамі на ўчорашнім паседжанні акруговай камісіі.

Цяпер на працягу бліжэйшага месяца змагацца за мандат дэпутата ў Барысаве будуць: кіруючая справамі мясцовага райвыканкама Тамара Красоўская, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін і галоўны рэдактар ​​незалежнай газеты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас.

Полацк: трое зарэгістраваных

Толькі трое прэтэндэнтаў на крэсла ў Палаце прадстаўнікоў зарэгістравана ў Полацку.

Не было праблем з рэгістрацыяй ў старшыні Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў Наталлі Гуйвік, чые сабраныя подпісы былі падстрахаваны вылучэннем ад трох працоўных калектываў. Не знайшла акруговая камісія ніякіх парушэнняў і ў подпісах, сабраных групай Аляксея Міхальчанка, вядучага АНТ. Прадстаўнік «Справядлівага свету» Аляксей Філімонаў зарэгістраваны па вылучэнні ад партыі, яго ініцыятыўная група не рабіла збор подпісаў.

Пры праверцы падпісных лістоў, прадастаўленых Лідзіяй Сагідулінай («Гавары праўду») і Мікалаем Панкратам (вядомы полацкі калекцыянер) камісія выявіла недакладнасці, якія дазволілі прызнаць шэраг подпісаў несапраўднымі. У Мікалая Панкрата зафіксавана таксама недакладнасць ў падачы дэкларацыі аб даходах, якая перавышае усталяваную для гэтай выбарчай кампаніі адзнаку ў 20%.

Колькасць подпісаў, прадастаўленых пенсіянерам Сяргеем Рабцавым (каля 850), не дазволіла разглядаць пытанне аб яго рэгістрацыі.

Прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Аляксей Пчэльнік яшчэ да паседжання аб рэгістрацыі заявіў аб адмове ад вылучэння і забраў з камісіі дакументы.

Рэчыца: прэтэндэнты сталі кандыдатамі. Але не ўсе

З чатырох прэтэндэнтаў, якія імкнуліся стаць кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Рэчыцкай выбарчай акрузе, зарэгістраваны трое. На меркаванне акруговай выбарчай камісіі, чацвёрты вылучэнец не поўнасцю прадаставіў звесткі аб даходах.

Паседжанне камісіі, на якой уручаны пасведжанні кандыдатам, прайшло 22 жніўня. У якасці кандыдатаў зарэгістраваны дырэктар Рэчыцкага метызнага заводу Адам Вашкоў, эксперт па праектнай дзейнасці Гомельскага міжрэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Ромская абшчына” Ігар Каўбаска (Ліберальна-дэмакратычная партыя) і намеснік дырэктара Рэчыцкага прыватнага гандлёва-вытворчага прадпрыемства “Аліда і К” Антон Няфёдаў (грамадская кампанія “Гавары праўду!”).

– На паседжанні камісіі прысутнічаў мясцовы назіральнік Валерый Пуціцкі, а ў якасці госця – і Алег Шабетнік, які каардынуе кампанію “Гавары праўду!” ў Гомельскай вобласці, – паведаміў кандыдат у дэпутаты Антон Няфёдаў. – З болей чым 1200 грамадзян, якія падпісаліся за маё вылучэнне, камісія прызнала несапраўднымі меньш 5 подпісаў.

Адам Вашкоў – “кандыдат ад улады” – таксама вылучаны шляхам збору подпісаў.  Ігара Каўбаску вылучыла яго партыя.

Адмову ў рэгістрацыі атрымаў дырэктар прыватнага лізінгавага ўнітарнага прадпрыемства “Дар” Генадзь Трыбулістаў, які быў вылучаны Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці. Камісія вырашыла, што ён не поўнасцю ўнёс у дэкларацыю аб даходах звесткі пра маёмасць. Сам Г. Трыбулістаў тлумачыў, што гэтую маёмасць ён прадаў, і, магчыма, будзе абскарджваць рашэнне камісіі.

У Светлагорску не зарэгістравалі аднаго з прэтэндэнтаў

Светлагорская акруговая выбарчая камісія зарэгістравала кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пасведчанні ўручаны тром асобам, якія могуць цяпер прыступаць да перадвыбарчай агітацыі. Чацвёртая кандыдатура не прайшла.

Уладальнікамі кандыдацкіх пасведчанняў сталі інжынер Светлагорскага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання Сяргей Дайнека (партыя “Справядлівы свет”), старшыня райсавета беспартыйная Галіна Філіповіч і педагог дадатковай адукацыі Жлобінскага раённага цэнтру тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Святаслаў Ярных (Ліберальна-дэмакратычная партыя).

Аб гэтым паведаміў назіральнік у Светлагорскай акруговай выбарчай камісіі Віктар Раманішка. Паседжанне камісіі, на якім уручаліся кандыдацкія пасведчанні, прайшло 22 жніўня.

Па словах В. Раманішкі, камісія адмовіла ў рэгістрацыі беспрацоўнаму Ігару Песікаву, удзельніку грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”. Ігар Песікаў, спартыўны трэнер па спецыяльнасці, быў вылучаны шляхам збору подпісаў. Падставай для адмовы стала тое, што ў падпісных лістах не ва ўсіх адрасах грамадзян была запісана назва насельнага пункта. У шэрагу падпісных радкоў, на меркаванне камісіі, дата была напісана не ўласнаручна грамадзянамі.

Аналагічныя парушэнні камісія выявіла і ў падпісных лістах С. Дайнекі, аднак іх колькасць не перавысіла дапушчальную норму. Акрамя таго, С. Дайнека быў вылучаны і ад партыі “Справядлівы свет”. Святаслаў Ярных, які жыве ў в. Саланое Жлобінскага раёна, таксама вылучаны ад сваёй партыі.

Па неафіцыйных звестках са Светлагорскага райвыканкама, мясцовая ўлада не пярэчыла супраць удзелу ў выбарах С. Дайнекі, але адмоўна ставілася да вылучэння І. Песікава, які б падчас выбарчай кампаніі ствараў шмат незручнасцяў для “кандыдата ад улады” Г. Філіповіч. Што тычыцца С. Ярных, то, на меркаванне мясцовых палітычных актывістаў, прадстаўнікі ліберальна-дэмакратычнай партыі вылучаны для фармальнай канкурэнцыі на той выпадак, калі іншыя прэтэндэнты адмовяцца ад удзелу ў выбарах.

Пружаны: за дэпутацкае крэсла будуць змагацца два кандыдаты

Пружанскай акруговай выбарчай камісіяй № 9 зарэгістраваны 2 кандыдаты. Гэта Аляксандр Юркевіч – 58-гадовы старшыня Пружанскага райвыканкаму, які вылучаўся двума шляхамі – зборам подпісаў і ад працоўнага калектыва ААТ “Агра-Калядзічы”. Другім кандыдатам стаў   вылучэнец АГП 42-гадовы Аляксандр Кабанаў – старшыня Бярозаўскай раённай суполкі АГП.

Трэці прэтэндэнт у кандыдаты, 52-гадовая Ірына Замковіч — дырэктар ААТ “Аранчыцкае хлебапрыёмнае прадпрыемства”, вылучаная ад рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, не была зарэгістравана. Яна не ўказала ў дэкларацыі аб  даходах, што мае ва ўласнасці набытую ў Брэсце кватэру.

Аляксандр Кабанаў прапанаваў тэледэбаты свайму канкурэнту Аляксандру Юркевічу. І хаця ў камісіі прагучала падказка, што можна адмовіцца, Аляксандр Юркевіч прапанову прыняў.

Маладэчна: не ўсе атрымалі статус кандыдата

Не ўсе жадаючыя прадстаўляць Маладэчаншчыну ў парламенце атрымалі статус кандыдата ў дэпутаты. Чаму прадстаўнікі ЛДПБ так няўважліва ставяцца да выбарчых дакументаў - незразумела, але ў чарговы раз вылучэнцу гэтай партыі адмовілі ў рэгістрацыі з-за падаткавай дэкларацыі: Віктар Пяскоў забыўся, што з’яўляецца ўласнікам нерухомай маёмасці.

Урэшце, на Маладэчанскай сельскай акрузе №73 засталіся толькі два кандыдаты: Таццяна Шамодзі, намесніца галоўнага ўрача райбальніцы, і  Станіслаў Кулеш, дырэктар ААТ “Беразінскае”.

Па Маладэчанскай гарадской акрузе №72 былі зарэгістраваныя ўсе прэтэндэнты, якія падалі неабходныя дакументы, у тым ліку – апазіцыйны. Кандыдатскае пасведчанне атрымалі: Галіна Лазоўская, рэдактар “Радыё “Маладэчна”,  Сяргей Малішэўскі, вылучэнец КПБ, і Ян Лагвіновіч, прадстаўнік Партыі БНФ. Нагадаем, што на пачатку выбарчай кампаніі на гэтай акрузе гучна заявіў пра сябе яшчэ адзін прэтэндэнт – Сяргей Балыкін, які выйшаў з АГП, каб пайсці да канца, але ўрэшце ён нават не назбіраў патрэбнай колькасці подпісаў.

Такім чынам, с пачатку выбарчай кампаніі па абодвух маладэчанскіх акругах збіралася балатавацца сем чалавек, на дадзены момант атрымалася пяць кандыдатаў, і, хутчэй за ўсё, да моманту выбараў застанецца яшчэ меней.

Калінкавічы: зарэгістраваны трое кандыдатаў  

Паседжанне Калінкавіцкай акруговай выбарчай камісіі, на якім былі ўручаны пасведчанні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прайшло 22 жніўня. Кандыдатамі сталі вылучэнцы двух партый і начальнік Гомельскага аддзялення чыгункі.

Такім чынам, да перадвыбарчай агітацыі могуць прыступаць дырэктар ТАА “Агдэзіл-Буд” Уладзімір Кулік, які прадстаўляе Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі, пенсіянер Віктар Назаранка – прадстаўнік партыі “Справядлівы свет”, і начальнік Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Удодаў.

- Я настроены на перамогу. Інакш не трэба было і вылучацца. Але разумею, як праходзяць выбары, - кажа Віктар Назаранка, кіраўнік раённай арганізацыі “Справядлівага свету”, які ідзе ў дэпутаты другія выбары запар.

Абодва партыйныя кандыдаты былі вылучаны ад сваіх партый. Аляксандра Удодава – кандыдата ад улады – вылучылі ад трох працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў.

Па словах В. Назаранкі, паседжанне камісіі прайшло ў карэктнай абстаноўцы. Але якіх-небудзь знаёмых яму назіральнікаў на паседжанні не было.   

Лунінец: не зарэгістраваны вылучэнец ЛДП

У Лунінецкай выбарчай акрузе №13 зарэгістраваны тры кандыдаты ў дэпутаты: Валянціна Верас, якая ўзначальвае аддзел адукацыі мясцовага райвыканкама, прадпрымальнік Віталь Каратыш, а таксама Аляксандр Гарасюк, які працуе на адным з мінскіх прадпрыемстваў і прадстаўляе Партыю БНФ.

Акруговая выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі вылучэнцу ЛДП Юрыю Дашкевічу, пасада і месца працы якога ў прадстаўленых на рэгістрацыю дакументах пазначаны наступным чынам: генеральны дырэктар ААТ “Тэрма-апрацоўваючы камбінат” (Смаленск).

Смаргонь: супернічаць будуць два кандыдаты

На паседжанні акруговай камісіі Смаргонскай выбарчай акругі №59, якое адбылося 22 жніўня, былі зарэгістраваныя два кандыдаты ў дэпутаты.

Валеры Кокаш, дырэктар “Гроднааблдарбуд”, 1951 г.н., беспартыйны, жыхар Гродна, вылучаўся двума шляхамі – зборам подпісаў і ад працоўнага калектыва Астравецкай бальніцы.

Ягоным канкурэнтам будзе вылучэнец АГП Мікалай Уласевіч, 1951 г.н., пенсіянер, жыхар вёскі Варняны, актывіст антыядзернай кампаніі.

Кандыдат Уласевіч пасля рэгістрацыі звярнуў увагу камісіі на тое, што ў апазіцыйных кандыдатаў звычайна бываюць цяжкасці з размяшчэннем у СМІ сваёй праграмы і папрасіў дапамагчы, каб гэтым разам такога не было. Прадстаўнікі камісіі адказалі, што пытанне зараз разглядацца не будзе, бо яно не было загадзя зацьвержана ў парадку дня.

Па словах незалежнага назіральніка Алеся Дзергачова, паседжанне камісіі прайшло без нечаканасцяў, а найбольш вострым пытаннем, якое заняла шмат часу, было вырашэнне, якім чынам праводзіць лёсаванне выступленняў кандыдатаў на радыё і тэлебачанні – каб было ўсё “чэсна”.

Мазыр: альтэрнатыве на выбарах быць

На Палесскай выбарчай акрузе №43 - два партыйныя кандыдаты супраць праўладнага.

Па акрузе №43 зарэгістравана два партыйных кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадастаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта мазырчанін Вешчаў Аляксандр, які з’яўляецца сябрам Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, і гамяльчанін Праведны Аляксандр - сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Абодва кандыдаты ў дэпутаты будуць змагацца за дэпутацкі мандат з праўладным кандыдатам Каноплічам Сяргеем, дзейсным старшынёй пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнга сходу  Рэспублікі Беларусь па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні.

***

Мазырская акруговая камісія №42 з пяці пратэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты зарэгістравала толькі двух. Гэта Ігар Навасцееў, вылучэнец ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, і праўладны кандыдат Мікалай Расоха, дырэктар КСУП “Мазырская агароднінная фабрыка”, які вылучаўся ад працоўных калектываў ЧПУП “Мазырскія малочныя прадукты” і ўстановы “Вопытны лясгас”.

Незарэгістраваныя кандыдаты прэтэнзіў да камісіі не маюць.

Нікадзім Варановіч, былы дырэктар ААТ “Мазырсоль”, пры якім прадпрыемства трывала стала на ногі, толькі з дадатковай спробы вытрымаў праверку па даставернасці подпісаў. Збор подпісаў за вылучэнне Н. Варановіча праходзіў пры падтрымцы актывістаў Руху “За Свабоду” з Мазыра. Акруговая камісія прызнала недаставернымі 48 подпісаў, альбо 13,6% з агульнай колькасці подпісаў, узятых для праверкі. Няпоўныя звесткі пра прыбытак і маёмасць далі падставу акруговай камісіі адмовіць прэтэндэнту ў рэгістрацыі.

Сяргей Касцян, другі незарэгістраваны кандыдатам вылучэнец, з’яўляецца былым дэпутатам Вяхоўнага Савета дэпутатаў і тройчы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пры першым адборы подпісаў за яго вылучэнне недаставернымі аказаліся 87,6%, пры паўторным – 54,7%. Асноўныя прычыны: сабраныя подпісы належалі грамадзянам, якія не пражываюць у выбарчай акрузе №42, і даты ў падпісных лістах прастаўлены не самімі грамадзянамі. Нестыкоўкі былі і ў дэкларацыі аб даходах: не паказаны ўвесь даход за мінулы каляндарны год, а таксама даходы, якія паступілі з-за мяжы.

Вадзіму Нішчыментку, самаму маладому прэтэндэнту ў кандыдаты ў дэпутаты, не хапіла 20 подпісаў, каб акруговая камісія магла распачаць іх праверку. Яго ініцыятыўная група сабрала 1 049 подпісаў, але 67 з іх былі сабраныя ў грамадзян, якія не пражываюць у дадзенай выбарчай акрузе і былі выключаны з агульнай колькасці сабраных подпісаў.

Трэба адзначыць, што аднолькавыя памылкі  пры зборы подпісаў, дапушчаныя сябрамі ініцыятыўных групаў двух апошніх вылучэнцаў, маглі быць звязаныя з недакладнасцю апісання межаў выбарчых акругаў №42 і №43. Па гэтым пытанні ЦВК прыйшлося асобнай пастановай удакладняць межы акругаў

Гэтым тром прэтэндэнтам у кандыдаты было аднагалосна адмоўлена ў рэгістрацыі. І аднагалосна былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты М. Расоха і І. Навасцееў.

Таксама аднагалосна сябры Мазырскай акруговай выбарчай камісіі №42 прагаласавалі за адмову ў прадастаўленні магчымасці назіральніку Уладзіміру Целяпуну азнаёміцца з матэрыяламі праверкі даставернасці подпісаў грамадзян у падпісных лістах і дакументамі аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, прадастаўленымі ў акруговую выбарчую камісію.

Жодзіна: з пяці прэтэндэнтаў кандыдатамі зарэгістраваны трое

22 жніўня на паседжанні Жодзінскаай акруговай выбарчай камісіі акругі №64 прысутнічалі ўсе сябры АВК, назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і пяць прэтэндэнтаў у каныдаты: Іосіф Круглікаў і Анатоль Сіманчык, якія вылучаліся зборам подпісаў грамадзян, Дзмітрый Харытончык – ад калектыву ПА «БелАЗ» і зборам подпісаў, Аляксандар Чарапок і Сяргей Васілеўскі – ад партый ЛДПБ і КПБ адпаведна. Вёў паседжанне старшыня камісіі Сяргей Афанасенкаў.

У ходзе паседжання было абвешчана, што падчас праверкі сябрамі камісіі подпісаў у двух прэтэндэнтаў колькасьць выяўленых несапраўдных аказалася большай за дапушчальныя 15 %, таму яны не могуць быць зарэгістраваны кандыдатамі. Так, у І.Круглікава было абвешчана несапраўднымі 57 подпісаў з 350 адабраных для праверкі (адбіралася спачатку 200, потым яшчэ 150 подпісаў) альбо 16,3% ад 350 подпісаў. У А.Сіманчыка адпаведна – 61 подпіс альбо 17,4%.

Прадстаўнікі партый былі зарэгістраваны кандыдатамі – ў іх дакументах не было выяўлена парушэнняў і неадпаведнасцяў. У якасці выключэння, пры гэтым, былі названы 5 простых акцый Слуцкага цукровага камбіната, якія былі не пазначаны ў дэкларацыі аб даходах прадстаўніка КПБ. Дадзеная неадпаведнасьць была прызнана камісіяй нязначнай і не ўлічвалася пры вынясенні рашэння.

У вылучэнца ПА «БелАЗ» Дзмітрыя Харытончыка, які здаў больш за ўсіх подпісаў (1519) - несапраўднымі было прызнана толькі 5, альбо 2,5% ад пачаткова адабраных 200 (20% ад 1000 неабходных для рэгістрацыі кандыдатам подпісаў).

Усіх зарэгістраваных кандыдатаў павіншаваў старшыня камісіі Сяргей Афанасенкаў, які пры гэтым пажадаў асабіста Д.Харытончыку "поспехаў на выбарах у барацьбе за дэпутацкае крэсла".   

Лагойская АВК б'е рэкорды па нерэгістрацыі кандыдатаў

Паседжанне акруговага выбаркаму ў Лагойску 22 жніўня можна назваць мерапрыемствам па нерэгістрацыі кандадатаў - з 7 прэтэндэнтаў на ім былі зарэгістраваны толькі 3 кандыдаты.

З чатырох збіраўшых подпісы зарэгістраваным аказаўся толькі адзін -- Ілля Мурашка, які падстрахаваўся і вылучэннем ад працоўнага калектыву. У гэтага прэтэндэнта, які назбіраў больш за ўсіх падпісаў (1459), аказалася толькі 7 несапраўдных. І гэта пры тым, што ў панядзелак, 20 жніўня, дзяжурная па АВК -- супрацоўніца выканкаму Вольга Паплеўка паведаміліа назіральніцы Святлане Лапіцкай, што для дадатковай праверкі адбіраліся подпісы ўсіх 4 прэтэндэнтаў.

Паседжанне зноў праводзіў сакратар камісіі - супрацоўнік Лагойскага райвыканкаму Аляксандар Суцько, які выступаў як дакладчык. Старшыня камісіі Валянціна Канаш толькі ставіла пытанні аб нерэгістрацыі на галасаванне.

Пасля таго, як адзін з сяброў камісіі, Азановіч Аляксандар, заўважыў, што назіральніца вядзе дыктафоны запіс паседжання, пад пагрозаю выдалення з памяшкання і вянясення папярэджання яе прымусілі выдаліць 39 хвілін запісанай на мабільны тэлефон інфармацыі. Дадзеныя дзеянні матываваліся тым, што дыктафонны запіс «перашкаджае працы камісіі», а інфармацыя па кожным з кандыдатаў, якая агучваецца на паседжанні АВК нібыта з’яўляецца канфідэнцыйнай.

У выніку па Лагойскай выбарчай акрузе №75 былі зарэгістраваны: Мірановіч Павел ад ЛДПБ, Шэвель Дзмітрый ад Партыі БНФ і вылучаны грамадзянамі Ілля Мурашка.

Бабруйск: кандыдатам зарэгістраваны толькі адзін прадстаўнік дэмсілаў

Па Ленінскай выбарчай акрузе №78 зарэгістравалі Мацвея Хатары, спікера ад АГП. Яго супернікамі будуць Мікалай Плаксіцкі, ідэолаг фабрыкі "Славянка" (падчас праверкі яго подпісаў камісія знайшла восем працэнтаў несапраўдных), і Уладзімір Яўсеенкаў ад ЛДП. Такім чынам, рэгістрацыю не прайшоў толькі Руслан Чэвычэлаў, ініцыятыўная група каторага не сабрала неабходную колькасць подпісаў.

- Паседжанне прайшло цывілізавана, кажа Мацвей Хатары. - Мяне загадзя на яго запрасілі, з прадастаўленымі мной дакументамі не было ніякіх праблем. Адзіны момант, які мяне здзівіў, гэта пытанні сябраў камісіі. Яны мелі магчымасць задаць іх кожнаму з вылучэнцаў, але зацікавіў іх толькі я. Пыталі, чаму вырашыў вылучацца, як я сабе ўяўляю лепшае жыццё краіны, ці праўда тое, што я мушу зняцца з выбараў па рашэнні партыі і гэтак далей. Я сказаў, што яны будуць мець магчымасць атрымаць адказы на свае пытанні з маёй перадвыбарчай праграмы.

Мацвей Хатары адразу пасля сваёй рэгістрацыі прапанаваў канкурэнтам зладзіць дэбаты.

- Ад дэбатаў яны адмовіліся, так што прыйдзецца абмежавацца сольнымі выступамі ў СМІ. Дарэчы, старшыня камісіі Уладзімір Вяткін пайшоў нам насустрач, і дамовіўся, каб запісы нашых выступаў на тэлебачанні і радыё прайшлі ў адзін дзень. Так што двойчы ездзіць у Магілёў не давядзецца, - адзначыў кандыдат у дэпутаты ад АГП.

Нагадаем, што па Першамайскай выбарчай акрузе №79 не прайшлі рэгістрацыю дэмакратычныя прэтэндэнты - Аксана Самуйлава з "Гавары праўду" і Андрэй Казлоў з АГП. Нечаканасцю стала нерэгістрацыя Максіма Суботкіна, дзеючага дэпутата гарсавета, намесніка дырэктара ХК "Шыннік". Менавіта ён, па чутках, мусіў прайсці ў ПП НС па гэтай акрузе. Прычынай для адмовы стала вялікая колькасць несапраўдных подпісаў, якая перавышала працэнт дапушчальнасці.

Камісія зарэгістравала трох з шасці прэтэндэнтаў: Уладзіміра Загрышава з ЛДП (нагадаем, яму не перашкодзілі нават няправільна пададзеныя звесткі аб даходах), Яўгена Катовіча - аператара "Беларусьнафты" і Жану Мішур, дырэктарку САШ № 30 і сябра Рэспубліканскай партыі труда і справядлівасці. Гэтая найбольш падстрахаваная кандыдатка выглядае на гэтай акрузе, са "знікненнем" Максіма Суботкіна, відавочным фаварытам.

На Бабруйскай Сельскай акузе №80 абыйшлося без сюрпрызаў. Тут было ўсяго два прэтэндэнты - Аляксандр Дзік з ЛДП і Алена Шамаль, дзеючая дэпутатака ПП НС - абодва прайшлі рэгістрацыю.

Ваўкавыск: рэгістрацыю не прайшлі сябра БНФ Севасцьян  і граф Прушынскі

Па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48 з чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты зарэгістраваны толькі два. Аб гэтым назіральнікам паведамілі ў Ваўкавыскім райвыканкаме.

Кандыдатамі ў дэпутаты сталі пенсіянер Іван Крук, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і Аляксандр Сягоднік, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Камісія не зарэгістравала Паўла Севасцьяна, сябра партыі БНФ, і графа Аляксандра Прушынскага. На пытанне “Чаму вы пакрыўдзілі вядомага грамадскага актывіста графа Аляксандра Прушынскага?” старшыня акруговай камісіі Уладзімір Захарчук адказаў: “Мне шкада графа Прушынскага. Гэта вельмі цікавы і адукаваны чалавек. Я быў толькі за тое, каб яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты па нашай акрузе. Але графа Прушынскага падвялі яго сябры, тыя, якія збіралі подпісы за яго вылучэнне. Яны не сабралі належную колькасць подпісаў, а многія з сабраных былі несапраўднымі”.

Дзятлава: зарэгістравалі ўсіх вылучэнцаў

Як паведамілі назіральнікам у мясцовым райвыканкаме, па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 55 зарэгістраваны два прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта Леанід Ермантовіч — начальнік ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама і Аляксандр Талстой — намеснік дырэктара прыватнага прадпрыемства “КіТбудсервіс”, сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Асіповічы: сярод трох кандыдатаў – сябра БНФ

На паседжанні акруговай камісіі Асіповіцкай выбарчай акругі № 89, якое адбылося 22 жніўня, у якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зарэгістраваныя тры чалавекі. Гэта праўладны кандыдат, дырэктар сумеснага беларуска-брытанскага прадпрыемства “Дах” Мікалай Калтуноў, які вылучаўся шляхам збору подпісаў, і два партыйныя вылучэнцы: прадстаўнік Партыі БНФ Альберт Яўменаў і прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі сп. Галалобаў.

 Як кажа Альберт Яўменаў, ён крыху спазніўся на паседжанне акруговай камісіі і прыйшоў туды, калі працэдура рэгістрацыі кандыдатаў ужо скончылася.

“Ведаю, што ў сябраў акруговай камісіі не ўзнікла ніякіх пытанняў ні па маёй кандыдатуры, ні па іншых прэтэндэнтах, - распавядае Альберт Яўменаў. – Мікалая Калтунова я крыху ведаю, ён працуе дырэктарам прадпрыемства “Дах”, раней яно называлася картонна-рубероіднай фабрыкай. Спадар Галалобаў (на жаль, імя добра не пачуў) сам жыве ў Мінску, але вырашыў вылучацца па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89. Ад удзелу ў дэбатах я адмовіўся, бо не лічу магчымым за некалькі хвілін выказаць сваю пазіцыю і пераканаць людзей, што менавіта я маю рацыю”.

Па словах сябра ПБНФ, ён збіраецца актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. “Паспрабую “сесці на хвост” праўладнаму кандыдату Мікалаю Калтунову, якому ўлады арганізуюць зялёнае святло ў правядзенні сустрэч на прадпрыемствах і ў арганізацыях, і паўсюдна сустракацца з працоўнымі калектывамі разам з ім. Думаю, што мне ёсць што сказаць людзям, бо я сам жыву такім жа жыццём, як яны”, – кажа Альберт Яўменаў.

Віцебск: найбольшы “адсеў” – у Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе

У  Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19  зарэгістравалі ўсіх чатырох ахвотных стаць кандыдатамі ў дэпутаты парламенту. Гэта намеснік начальніка Віцебскага аддзялення чыгункі Сяргей Бохан і тры партыйныя вылучэнцы: ад Партыі левых "Справядлівы сьвет" зарэгістравалі Вадзіма Кузьміна, ад Партыі БНФ - Канстанціна Смолікава і ад ЛДПБ -Дзмітрыя Шчаглова.

Па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 таксама будуць балатавацца ўсе чацвёра ахвотных, у тым ліку двое апазіцыйных актывістаў – Алена Фаміна, прыхільніца "Народнай Грамады" Мікалая Статкевіча, і Аляксандар Кузняцоў, сябра Партыі БНФ.

Выбарчая камісія Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 зарэгістравала кандыдатам Аляксея Гаўруцікава з "Народнай Грамады" і актывіста кампаніі "Гавары праўду" Аляксандра Мікуліна.  Адмоўлена ў рэгістрацыі прадстаўніцы АГП Ірыне Яскевіч – камісія знайшла недакладнасці  ў дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці.

Найбольш патэнцыйных кандыдатаў "адсеяла" выбарчая камісія Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20. Тут зарэгістравалі толькі 4 прэтэндэнтаў з 7, у тым ліку трох партыйных вылучэнцаў: ад партыі левых "Справядлівы свет" - Аляксандара Вінаградава, Аляксандра Дзядзінкіна - ад КПБ, Андрэя Рэзнічэнку - ад АГП. Не зарэгістравалі актывіста кампаніі "Гавары праўду" Сяргея Парсюкевіча і Уладзіміра Правальскага, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, а таксама Сяргея Рогалева, вылучэнца  ад ЛДПБ – у сувязі з несапраўднымі дадзенымі ў дэкларацыі пра прыбыткі і маёмасць.

Прысутны на рэгістрацыі назіральнік ад БХК Анатоль Родзік распавёў, як камісія тлумачыла адмовы Парсюкевічу і Правальскаму:

"Людзі, якія падпісаліся за іх вылучэнне, не адмаўляліся ад подпісаў. Нейкія хібы знайшла пашпартная служба: дзесьці памылка ў нумары пашпарта, дзесьці не так напісана імя, дзесьці адрас не адпавядае прапісцы. Подпісы за Сяргея Парсюкевіча правяралі два разы, і зрабілі выснову, што колькасць прызнаных несапраўднымі перавышае дапушчальную мяжу. Подпісы за Уладзіміра Правальскага таксама бралі на праверку двойчы, але агучылі толькі вынікі першай праверкі, пра другую не згадалі ўвогуле. Дакументаў не паказалі, толькі хутка-хутка зачыталі, на каторых падпісных аркушах ёсць памылкі. 23 жніўня падпісныя аркушы перадаюцца прадстаўнікам ЦВК, толькі ўвечары яны трапяць у Мінск… Між тым на абскарджанне даецца ўсяго тры дні, першы з іх – 22-е, другі – 23-е, і часу амаль не застаецца. Мяркую, гэтую справу так замаруджваюць знарок!"

Наваполацк

 Выбарчая камісія Наваполацкай акругі №25 зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты актывіста кампаніі "Гавары праўду" Яраслава Берніковіча. Аднаму з ягоных "канкурэнтаў", колішняму дэпутату гарсавета Аляксандру Сердзюку ў рэгістрацыі было адмоўлена.

Гарадок

 Старшыню Гарадоцкай раённай суполкі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Сельскай акрузе №21.

У Магілёве адмоўлена ў рэгістрацыі некаторым дэмакратычным кандыдатам

Магілёўская-Ленінскай выбарчая акруга №84

Не прайшоў рэгістрацыю магілёўскі лідэр арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Сяргей Брыцікаў. Нагодай для адмовы ў ягонай рэгістрацыі стала недакладная інфармацыя ў дэкларацыі. Ён не ўключыў акцыі прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў ягонай уласнасці. Сяргей Брыцікаў лічыць, што гэта было неістотнае парушэнне і збіраецца абскарджваць адмову ў рэгістрацыі ў вышэйстаячых інстанцыях.

Магілёўская-Цэнтральная выбарчая акруга №85

Адмоўлена ў рэгістрацыі актывісту “Руха за свабоду” Рыгору Антановічу. Перад падачай дакументаў у акруговую камісію з ім здарыўся абшырны інфаркт, і ён аказаўся ў шпіталі. Сам падаць подпісы не здолеў, і яны разам з іншымі дакументамі былі накіраваны ў акруговую камісію заказным лістом. У рэгістрацыі Антановічу было адмоўлена ў сувязі з тым, што не было асабістай падачы дакументаў у акруговую камісію.

Магілёўская-Кастрычніцкая выбарчая акруга №86

Не зарэгістравана Ала Жарнасек, якая вылучалася ў дэпутаты шляхам збору подпісаў. Праверка выявіла, што ў яе болей за 15% подпісаў несапраўдныя.

Не зарэгістравана таксама вылучэнка ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Ганна Ефімовіч. У яе былі выяўлены недакладнасці пры запаўненні дэкларацыі.  

 Магілёўская-прамысловая выбарчая акруга №87

Усе прэтэндэнты ў дэпутаты па выбарчых акругах прайшлі паспяховую рэгістрацыю.

Магілёўская сельская выбарчая акруга №88

Усе прэтэндэнты ў дэпутаты па выбарчых акругах прайшлі паспяховую рэгістрацыю. 

У Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе зарэгістраваны кандыдаты ад АГП і БНФ

На паседжанні акруговай камісіі Магілёўскай сельскай выбарчай акругі № 88, якое адбылося 22 жніўня, зарэгістраваныя чатыры кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта паведаміла кандыдат ад Партыі БНФ па акрузе № 88 Тамара Маскалёва.

“Паседжанне акруговай камісіі прайшло спакойна, нейкіх непаразуменняў не было, - кажа Тамара Маскалёва. – Акруговая камісія зарэгістравала ў якасці кандыдатаў у дэпутаты па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе чатырох кандыдатаў. Адным з іх быў зарэгістраваны цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў па гэтай акрузе, намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрных пытаннях Аляксандр Разганаў. Дарэчы, да свайго дэпутатства Аляксандр Разганаў працаваў старшынёй Магілёўскага райвыканкама. Таксама былі  зарэгістраваныя і тры партыйныя вылучэнцы – я, Тамара Маскалёва, ад Партыі БНФ, Аляксандр Шаўцоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і вылучэнец ад ліберальных дэмакратаў Мікалай Паддубскі”.

Па словах Тамары Маскалёвай, зараз яна занятая падрыхтоўкай да выступаў па абласному радыё і тэлебачанні. Аднак канчатковае рашэнне, ці будзе яна карыстацца сваім правам звярнуцца да выбаршчыкаў праз дзяржаўныя СМІ, яна будзе прымаць толькі пасля кансультацыі з кіраўніцтвам партыі, бо кандыдаты ад ПБНФ будуць, хутчэй за ўсё, здымацца з выбараў пасля другой часткі з’езда партыі 15 верасня.

Салігорск: абодва дэмакратычныя кандыдаты зарэгістраваныя

У Салігорску 22 жніўня прайшлі паседжанні акруговых камісіяў, на якіх разглядалася пытанне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Сюрпрызам аказалася тое, што двух “праўладных”вылучэнцаў не дапусцілі да ўдзелу ў агітацыйнай кампаніі, абодва ж дэмакратычныя кандыдаты зарэгістраваныя.

На паседжаньні акруговай камісіі 69-га сельскай выбарчай акругі было вырашана зарэгістраваць трох кандыдатаў - Агафонава Арцёма (Аб’яднаная дэмакратычная партыя), Таісу Данілевіч (беспартыйная) і Сушыца Уладзіміра (Ліберальна-дэмакратычная партыя).

Адмоўлена ў рэгістрацыі Ірыне Бас, старшыні Кастрычніцкага сельскага выканаўчага камітэту. Нягледзячы на тое, што ўсе подпісы былі прызнаныя сапраўднымі, камісія знайшла парушэнне ў дакументах, пададзеных для рэгістрацыі: сп. Бас не напісала заявы, што ў выпадку абрання дэпутатам абавязуецца пакінуць дзяржаўную пасаду.

Варта адзначыць, што кандыдат ад ЛДПБ быў вылучаны ў апошні момант. Адметнасць ягонай біяграфіі - судзімасць, атрыманая ў 2008 годзе. Тады суд прызнаў сп. Сушыцу вінаватым у вырабе парнаграфічнай прадукцыі пры ўдзеле групы асобаў.

Акруговая камісія 68-й гарадской выбарчай акругі зарэгістравала трох кандыдатаў - Малочку Віктара (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Абаленскага Уладзіміра (дзейсны дэпутат Палаты прадстаўнікоў) і Дзяледзіка Ігара (беспартыйны). Адмоўлена ў рэгістрацыі вылучэнчу ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргею Гуліцкаму. Падставай для такога рашэння стала дэкларацыя аб даходах, у якой прэтэндэнт у кандыдаты прадставіў непраўдзівыя звесткі.

На паседжанні прысутнічаў назіральнік ад БХК Леанід Мархотка. Ён папрасіў выставіць на галасаванне пытанне пра магчымасць азнаямлення з дакументамі, пададзенымі прэтэндэнтамі на рэгістрацыю. На думку праваабаронцы, адкрытасць выбарчага працэсу прадугледжвае і даступнасць інфармацыі пра вылучэнцаў. Аднак сябры камісіі адзінагалосна прагаласавалі супраць. Дадзенае галасаванне ўнесена ў пратакол паседжання. Мархотка мае намер абскардзіць рашэнне акруговай выбарчай камісіі.

Па гомельскіх трох акругах зарэгістравалі усіх жадаючых стаць кандыдатамі

22 жніўня ў 16.00 прайшлі паседжанні акруговых камісій Гомельскай-Савецкай №34, Гомельскай-Цэнтральнай №33 і Гомельскай-Прамысловай №35 акруг. На паседжанні Савецкай акругі былі зарэгістраваны пяць кандыдатаў – усе, хто быў прэтэндэнтамі: вылучэнцы ад партый ЛДП Сяргей Круглоў і ад АГП Васіль Палякоў (намеснік старшыні партыі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі), каардынатар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак, кладаўшчык ААТ «Гомельскі мясакамбінат» Яраслаў Гараненкоў і дырэктар філіялу «Гомельскія цеплавыя сеткі» РУП «Гомельэнерга» Міхаіл Пачынок. Дарэчы, апошні на паседжанні акруговай камісіі не прысутнічаў, дэлегаваўшы па даверанасці іншую асобу. Старшыня камісіі Алена Герашчанка выказалася, што асаблівых прэтэнзій да дакументаў, якія здалі прэтэндэнты, у акруговай камісіі не было. Шляхам збору подпісаў вылучаліся трое кандыдатаў. У Міхаіла Пачынка прызналі несапраўднымі тры подпісы з 200, якія праверылі, у Ігара Случака – два, і 13 (6%) – у Яраслава Гараненкова.

Трое кандыдатаў – Васіль Палякоў, Ігар Случак і Яраслаў Гараненкоў выказалі намер, напісаўшы адпаведныя заявы, на ўдзел у тэледэбатах. Сяргей Круглоў і Міхаіл Пачынок адмовіліся ад удзелу ў дэбатах.

«Празрыстасць усяго выбарчага працэсу – для назіральніка, для кандыдатаў не толькі ў тым, каб заслухаць вынікі працы выбарчай камісіі, празрыстасць павінна была быць усе-такі ў самой працэдуры, тэхнічных момантах: праверка падпісных лістоў, праверка дакладнасці пададзеных дакументаў. Такія дадзеныя было складана атрымаць, хоць я і звяртаўся, але старшыня акруговай камісіі адмовіла, маўляў, на паседжанні вам усе будзе вядома», - адзначыў назіральнік, праваабаронца Анатоль Паплаўны, які прысутнічаў на паседжанні.

Але ён адзначыў, што паседжанне прайшло ў межах заканадаўства, і ўсіх магчымых кандыдатаў зарэгістравалі. «Напэўна, улада зацікаўлена, каб выбары былі на альтэрнатыўнай аснове, мелі рэзананс. На працягу кампаніі збору подпісаў можна было назіраць, што выбарцы не зацікаўлены ў выбарах, не хацелі ісці галасаваць, у іх быў недавер, што яны могуць уплываць на працэсы, і таму таксама, напэўна, па Савецкай акрузе зарэгістравалі ўсіх кандыдатаў», - лічыць праваабаронца.

Як стала вядома ад назіральніка, сябра БХК Віктара Адзіночанкі, таксама па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе №33 былі зарэгістраваны ўсе магчымыя кандыдаты: начальнік аддзелу адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёну Алег Леўшуноў, і вылучэнцы ад партый «Справядлівы свет» Сяргей Сергіенка, «РППіС» Вольга Ігнаценка і КПБ Міхаіл Дземідаў.

Па Гомельскай-Прамысловай акрузе таксама былі зарэгістраваны кандыдатамі ўсе трое жадаючых: галоўны ўрач кардыялагічнага дыспансеру Ганна Лапаціна, грамадзянская актывістка Галіна Краўчанка і сябра АГП Уладзімір Кацора.

Гомельская-Сяльмашаўская акруга: з пяці прэтэндэнтаў трох не зарэгістравалі

На паседжанні Гомельскай-Сяльмашаўскай акругі №32 былі агучаны вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. З пяці прэтэндэнтаў тром было адмоўлена ў рэгістрацыі. Як паведамляе прысутнічаўшы на паседжанні назіральнік Андрэй Толчын, майстру аварыйна-дыспетчарскай службы філіялу «Гомельмежрайгаз» Ігару Мяшкову было адмоўлена ў рэгістрацыі на той падставе, што не хапіла подпісаў да тысячы. «Прычым цікава, што патлумачыла камісія, і яе старшыня Людміла Расказава. Маўляў, камісія праверыла подпісы, 20%, і выявіла 44 несапраўдныя, потым праверыла яшчэ 15%, і таксама знайшліся несапраўдныя 25 подпісаў. І тады гэтыя несапраўдныя подпісы – адмінусавалі. У выніку з 1024 засталіся 951 подпіс. Што гэта за адмінусоўка – не зразумела, калі брак – то трэба казаць, што па прычыне браку, несапраўднасці подпісаў, а не адмінусоўваць іх», - зазначыў назіральнік. Ён дадаў, што акруговая камісія працуе ў сакрэтным рэжыме. «Аказалася, 16 жніўня было паседжанне, але мяне на яго не запрасілі. Калі сёння я прасіў паказаць мне дакументы, подпісы, то старшыня камісіі адмовіла. Які тады сэнс назірання, калі за самой працэдурай, за тэхнічнымі важнымі момантамі мы не можам назіраць», - падкрэсліў Андрэй Толчын.

Не зарэгістравала камісія вылучэнца ад РППіС Вячаслава Раждзественскага па прычыне таго, што той не ўказаў у дэкларацыі кватэру. Адмоўлена ў рэгістрацыі было і вылучэнцу ад ЛДПБ Сяргею Грузінаву. «Старшыня камісіі патлумачыла, што згодна прадстаўленым дакументам, Сяргей Грузінаў быў вылучаны кандыдатам ад партыі на сходзе, які адбыўся 7 ліпеня, а вылучацца можна было толькі з 15 ліпеня, таму яму і адмоўлена», - дадаў назіральнік.

Такім чынам, кандыдатамі па Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе зарэгістраваны генеральны дырэктар вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш» Валер Жмайлік і вылучэнец ад партыі БНФ Васіль Раманаў. У генеральнага дырэктара камісія не знайшла ні аднаго несапраўднага подпісу.

Баранавічы: у сельскай выбарчай акрузе выбары будуць безальтэрнатыўнымі 

Акруговая камісія Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 22 жніўня зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольгу Палітыка, дзеючага дэпутата гарсавета, Анжаліку Камбалаву ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса, які ідзе на выбары ад Партыі БНФ.

Барыс Гасан, прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, не быў зарэгістраваны з-за таго, што не пазначыў у дэкларацыі аб даходах усю маёмасць, якой валодае.

Па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Тут зарэгістраваны толькі адзін кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – Мікалай Язубец, дзеючы старшыня Баранавіцкага райвыканкама.

***

22 жніўня адбылося пасяджэнне акруговай камісі Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6 па рэгістрацыі прэтэндэнтаў у дэпутаты. Інфармацыя аб пасяджэнні АВК № 6 была размешчана на афіцыйнам сайце гарвыканкама baranovichy.by 21 жніўня.

Кандыдатамі ў дэпутаты сталі Арцемчук Мікалай – прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і Аляксандр Стяцко – галоўны ўрач Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі № 1. АВК № 6 не зарэгістравала кандыдамі ў дэпутаты Аляксандра Галькевіча ад гарадской суполкі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” (не ўказаў у дэкларацыі аб даходах, што атрымаў грашовы перавод у колькасці 90 тыс. рублёў), безпартыйнага Рыгора Грыка (вялікая колькасць несапраўдных подпісаў), прадпрымальніка Дзмітрыя Аўгуста (больш за 20% несапраўдных подпісаў).

Такім чынам, выбарчая камісія адразу адсекла палітыкаў, якія маглі б скласці канкурэнцыю кандадатам Мікалаю Арцемчыку і Аляксандру Сцяцко.

Аляксандр Галькевіч, Рыгор Грык і Дзмітрый Аўгуст будуць абскарджваць рашэнне АВК № 6.

Мінск: адмовы і рэгістрацыі

Трох прадстаўнікоў Партыі БНФ зарэгістравалі ў Мінску ў якасці кандыдатаў. Гэта старшыня партыі Аляксей Янукевіч (Аўтазаводзкая акруга №92), а таксама Арцём  Лява (Фрунзенская выбарчая акруга №101), Яўгеній Рыбакоў (Старавіленская выбарчая акруга №105). Прэсавая служба паведамляе, што кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ адразу ж прызначаюць тэледэбаты. Запісы выступаў пачнуцца ўжо 24 жніўня, на мясцовых тэлеканалах.

Таксама зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька, па Старавіленскай выбарчай акрузе №106. На гэтай выбарчай акрузе агулам зарэгістравана 5 кандыдатаў, сярод якіх - дзейсны дэпутат Мікалай Самасейка. А вось сябра руху “За свабоду” Аляксандру Шумкевічу адмовілі, частку ягоных подпісаў прызналі несапраўднымі.

Адмоўлена ў рэгістрацыі і лідару руху “За свабоду” Аляксандру Мілінкевічу. Ён вылучаўся па Уручскай выбарчай акрузе №109. Камісія прызнала несапраўднымі больш за 15% подпісаў, таксама былі прэтэнзіі адносна дэкларацыі аб даходах і уласнасці палітыка. Старшыня ініцыятыўнай групы Юрый Меляшкевіч рашэнне камісіі лічыць палітычна матываваным, таму будзе падаваць абскарджванне.

У рэгістрацыі адмоўлена таксама прадстаўніку грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Міхаілу Пашкевічу, які вылучаўся па Купалаўскай выбарчай акрузе №95. “Прыкладна 50-60 подпісаў забракавалі. Копію адмовы выдадуць заўтра. Тады і буду абскарджваць рашэнне”, - паведаміў актывіст. Ягоная паплечніца Жана Солап, якая выдучалася па Коласаўскай акрузе №106, таксама атрымала адмову ад камісіі.

Прэс-служба Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паведаміла, што не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты актывісткі Надзея Іюльская (Грушаўская выбарчая акруга №98) і Марына Хоміч (Уручская выбарчая акруга № 109). Прычына адмовы – няправільна складзеная дэкларацыя аб даходах і маёмасці.

Адмоўлена ў рэгістрацыі ў Уручскаму актывісту Леаніду Мажальскаму, які актыўна выступаў супраць ушчыльнення мікрараёна новабудамі для амапаўцаў.

Прадстаўнікам АГП Людміле Мірзаянавай (Каліноўская выбарчая акруга № 108) і  Паўлу Казлоўскаму (Васняцоўская выбарчая акруга № 93) у рэгістрацыі адмоўлена.

Не зарэгістравалі і лідара “Маладой Беларусі” Артура Фінкевіча.

Былыя дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Уладзімір Навасяд зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.

Сябрам грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Вікторыі Пашкоўскай (ішла па Кастрычніцкай выбарчай акрузе) і Ігар Драко (ішоў па Усходняй акрузе) у рэгістрацыі адмоўлена, а Таццяна Караткевіч зарэгістравана кандыдатам у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе. Па словах намесніка старшыні кампаніі Андрэя Дзмітрыева, усяго па краіне 12 з 25 прадстаўнікоў “Гавары праўду!” было адмоўлена ў рэгістрацыі. Усе адмовы будуць абскарджвацца ў Цэнтрвыбаркаме.

Несапраўднымі палічылі подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай вядомага псіхатэрапеўта Аляксея Хадоркіна, які таксама вылучаўся ў кандыдаты. Доктар збіраецца абскарджваць рашэнне камісіі ў Цэнтрвыбаркаме. Гумарыст Яўген Крыжаноўскі адмову ў рэгістрацыі таксама збіраецца абскарджваць.  

Камісія Партызанскай выбарчай акругі №110 пасля праверкі дакументаў адмовіла ў рэгістрацыі сябру АГП Георгію Лепіну і Шомчанка Любові, якая вылучалася шляхам збору подпісаў. Падставай для адмовы стала недаставерная інфармацыя. Тым часам па гэтай акрузе быў зарэгістраваны дырэктар "Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа" Аляксандр Валчанкоў, сябра КПБ Раман Ніканаў і сябра ЛДПБ Аляксандр Кіўлюк. Подпісы прэтэндэнтаў правяраліся ў вольным рэжыме: паміж сябрамі камісіі былі размеркаваны прэтэндэнты ў кандыдаты, і яны ў вольны час тэлефанавалі выбаршчыкам, хадзілі па кватэрах, правяраючы подпісы.

 

Мінск: подпісы забракавала почырказнаўчая экспертыза

У Матусевіцкай акрузе № 103 кандыдатамі зарэгістраваныя толькі тры вылучэнца - Глеб Волкаў ад ЛДП, Святлана Шмагарэўская ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і Валянціна Жураўская, вылучалася ад КПБ, працоўнага калектыву і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Прычым, як адзначыла назіральнік Валерыя Саўчанкава, сярод подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Жураўскай, несапраўднымі прызнаныя менш за 1%.

Астатнім 5 прэтэндэнтам было адмоўлена ў рэгістрацыі. Некаторыя з іх не прайшлі почырказнаўчую экспертызу сабраных подпісаў, замоўленую акруговай камісіяй.

У беспартыйнага Алега Навіцкага несапраўднымі прызнаныя 23% сабраных подпісаў. Почырказнаўчая экспертыза выявіла, што 37 подпісаў былі зроблены адной і той жа асобай. Пазней было выяўлена яшчэ 23 подпісы, пастаўленыя адным чалавекам. Таксама пры праверцы подпісаў камісія выявіла недакладнасці пры ўказанні нумароў кватэр і дат нараджэння падпісаўшыхся, некаторыя з іх не былі зарэгістраваныя ў дадзенай акрузе. Навіцкі мае намер абскардзіць рашэнне камісіі.

У вылучанай шляхам збору подпісаў і атрымаўшай два папярэжданні Кацярыны Сакалоўскай несапраўднымі прызнаныя 30% подпісаў. Акрамя таго, камісія выявіла, што 51 ці яшчэ 38 подпісаў былі пастаўленыя аднымі і тымі жа людзьмі. Таксама камісія выявіла недакладнасці пры ўказанні пашпартных дадзеных, нумароў кватэр падпісаўшыхся і г.д.

У Мікалая Стрэльчанка камісія зусім не павінна была прымаць дакументы. У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, для вылучэння прэтэндэнт павінен сабраць у адным месцы працоўны калектыў колькасцю не менш за 150 чалавек. Стрэльчанка ж падаў 18 пратаколаў сходаў розных працоўных калектываў колькасцю не больш за 70 чалавек кожны.

У пенсіянера Івана Іваноўскага былі няправільна ўказаны дадзеныя ў дэкларацыі аб даходах. У прыватнасці прэтэндэнт не паказаў, што атрымаў даходы ад продажу аўтамабіля коштам 85 млн. рублёў. Таксама аказалася, што ў яго маецца ўчастак у 55 сотак і памяшканне ў сталіцы. Сам жа Іваноўскі сказаў, што пасля продажу машыны ў гэты ж дзень купіў новую, больш дарагую. Памяшканне ў Мінску, па яго словах, даўно прададзена, а ўчастак зямлі знаходзіцца ў арэндзе, а не ва ўласнасці. Да сабраных подпісаў у падтрымку Іваноўскага ў камісіі прэтэнзій не было. Прэтэндэнт мае намер абскардзіць рашэнне камісіі.

Беспартыйны Уладзімір Тарбаеў падаў у камісію 1002 подпісы, з якіх дзве былі выкрэслены ім самастойна. Пасля праверкі сапраўднымі былі прызнаныя толькі 963 подпісы ў яго падтрымку.

У Васняцоўскай выбарчай акрузе № 93 з чатырох вылучэнцаў зарэгістраваныя тры кандыдаты ў дэпутаты - Валерый Барадзеня (працоўны калектыў плюс збор подпісаў), Уладзімір Грынкевіч ад КПБ і Аляксей Дзямешка ад ЛДП.

Прадстаўніка АГП Паўла Казлоўскага не зарэгістравалі з-за памылак у дэкларацыі аб даходах, у якой не быў паказаны дадатковы прыбытак ад здачы ў арэнду памяшкання. Акрамя таго, Казлоўскі недакладна вызначыў плошчу, якая знаходзіцца ва ўласнасці нерухомасці. Як паведаміў назіральнік Сяргей Барыс, Казлоўскі не мае намер абскардзіць рашэнне камісіі, хоць ўпэўнены ў дакладнасці дэкларацыі.

Крычаў: зарэгістраваныя праўладны кандыдат і кандыдат ад БНФ

На паседжанні акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі № 83, якое адбылося 22 жніўня, зарэгістраваныя два кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта праўладны вылучэнец, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і сябра Партыі БНФ, актывіст кампаніі “Гавары праўду” Валерый Каранкевіч. Дарэчы, спадар Каранкевіч зарэгістраваны ў якасці кандыдата і як прадстаўнік Партыі БНФ, вылучаны з’ездам партыі  4 жніўня, і як кандыдат, ініцыятыўная група якога сабрала неабходную колькасць подпісаў у яго падтрымку.

Камісія адмовіла ў рэгістрацыі вылучэнцу ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дырэктару прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства Васілію Клімаву. Падставай для адмовы паслужыла тое, што прэтэндэнт у кандыдаты не ўказаў у дэкларацыі больш за дваццаць мільёнаў сваіх даходаў, што склала больш за 27% ад іх агульнай колькасці.

Па словах Валерыя Каранкевіча, акруговая камісія ажыццявіла праверку двухсот подпісаў у падтрымку вылучэння яго і кандыдата ад улады Уладзіміра Краўцова.

“У мяне былі прызнаныя несапраўднымі 16 подпісаў, альбо 8% з правяраемых, у Краўцова – 14, альбо 7%. У выніку абодвух зарэгістравалі як здолеўшых сабраць неабходную колькасць подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Мяне зарэгістравалі таксама і ў якасці кандыдата, вылучанага з’ездам Партыі БНФ”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Ужо 27 жніўня кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч будзе выступаць па абласным радыё, а 28 жніўня – на абласным тэлебачанні.

Жлобін: сярод чатырох кандыдатаў – прадстаўнік “Справядлівага свету”

Пасежданне Жлобінскай акруговай выбарчай камісіі цягнулася 40 хвілін і скончылася ў 16.40 22 жніўня. З пяці патэнцыйных кандыдатаў былі зарэгістраваны чатыры – старшыня Жлобінскага райвыканкама Леанід Апанасюк, рабочы Беларускага металургічнага завода Ігар Чарняўскі, сябра партыі ЛДПБ Сяргей Камароў і прадстаўнік партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка.

У рэгістрацыі адмовілі студэнту Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Зміцеру Жарабкову: частка ягоных подпісаў (16% і 28%) прызнаныя камісіяй несапраўднымі.

–Зарэгістравалі мяне як вылучэнца ад партыі, паколькі подпісы мы не здавалі – кажа Валеры Рыбчанка. – Нягледзячы на тое, што неабходная колькасць подпісаў за маё вылучэнне было сабрана, і нават з запасам, мы вырашылі не рызыкаваць.

Слонім: ўсе чатыры прэтэндэнты сталі кандыдатамі

Па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сталі ўсе чатыры прэтэндэнты. Гэта Іван Шэга — доктар-траўматолаг Слонімскай раённай бальніцы, сябра БНФ, Ала Сопікава — дырэктар СШ № 9 г. Слоніма, Міхаіл Караткевіч — старшыня гаражнага кааператыва “Звёздный”, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і Дзмітрый Андрукоў —дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Профскал”, сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі.  Іван Шэга, Ала Сопікава і Міхал Караткевіч — слонімцы, а Дзмітрый Андрукоў — жыве і працуе ў Гродна.

На Аршаншчыне рэгістрацыю прайшлі не ўсе прэтэндэнты

Па выніках паседжання акруговай камісіі Аршанскай гарадскога акругі № 26 пасведчанні кандыдатаў атрымалі старшыня Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў Людміла Дабрыніна (вылучана ад працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў), актывіст кампаніі "Гавары праўду" Канстанцін Анташкевіч (вылучаны шляхам збору подпісаў), а таксама вылучэнцы партыі "Справядлівы свет" Мікалай Петрушэнка і АГП Аляксей Ціханенка. Камісія адмовіла ў рэгістрацыі Аляксандру Клюеву, вылучанаму ад ЛДП. У яго выявілі значныя неадпаведнасці ў дэкларацыі аб даходах.

У Лепельскай акрузе № 23 кандыдатамі ў дэпутаты сталі старшыня Лепельскага райвыканкама Пётр Шыкшнян (вылучаны ад працоўных калектываў і зборам подпісаў), пенсіянер Хрыстафор Жаляпаў (вылучаны Партыяй БНФ) і прадпрымальнік Мікіта Мядзведскі (ад ЛДПБ). Сяргей Мяфодзеў, які падаў дакументы на рэгістрацыю,  вылучэнец Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці атрымаў адмову ў рэгістрацыі з-за парушэнняў дэкларацыі аб даходах. Ён не ўказаў аўтамабіль, які належыць яму, а таксама долі ў акцыянерных таварыствах.

Без страт абыйшлося ў Аршанскай Дняпроўскай акрузе № 27. Кандыдатамі зарэгістраваны старшыня Аршанскага райвыканкама Уладзімір Дзедушкін (ад працоўных калектываў і зборам подпісаў), кіраўнік Аршанскай гарадской арганізацыі партыі "Справядлівы свет" Мікалай Дзямідаў (ад партыі), прадстаўнікі ЛДПБ Ларыса Рэзаева і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Наталля Лапіцкая. У апошняй выявілі некаторыя адхіленні ў дэкларацыі аб даходах, але падставай для адмовы ў рэгістрацыі гэта не стала.

Не здарылася адсеву і ў Сенненскай акрузе № 30. Тут пасведчанне кандыдата ў дэпутаты атрымалі дзеючы дэпутат Аляксандр Папкоў (ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў) і вылучэнец ЛДПБ Дзмітрый Езафатаў.

Бабруйск: на Першамайскай акрузе дэмакратычныя прэтэндэнты не зарэгістраваныя

У акруговую выбарчую камісію Першамайскага раёна ў Бабруйску была пададзена для рэгістрацыі найбольшая колькасць дакументаў - ад шасці прэтэндэнтаў. На дадзены момант вядома, што рэгістрацыю не прайшлі вылучэнец ад АГП Андрэй Казлоў і Аксана Самуйлава, прадстаўніца кампаніі "Гавары праўду".

- Мяне вельмі абурыла стаўленне старшыні камісіі Віктара Гарбанёва і іншых сябраў АВК, - кажа Андрэй Казлоў. - Калі я зайшоў у кабінет, яны пашапталіся, а потым не саромеючыся запыталі, хто я такі. Хіба можа быць так, каб старшыня камісіі не ведаў прэтэндэнтаў? Перада мной вырашаўся лёс сябра ЛДП Уладзіміра Загрышава. Спачатку ў яго не маглі ў анкеце знайсці патрэбныя подпісы, потым знайшлі, старшыня камісіі адзначыў, што ў яго няправільна ўказаныя даходы. Але потым Віктар Гарбанёў раптоўна заявіў, што гэта нязначнае парушэнне, і "дадзенай ім уладай" яны могуць зарэгістраваць "лдпшніка".

Затое гэтыя ж самыя даходы сталі прычынай нерэгістрацыі Андрэя Казлова. Камісія заявіла, што сябра АГП схаваў ад іх факт існавання фірмы.

- Я думаў, гэтая фірма даўно закрыта, таму і не хваляваўся на яе конт, - сцвярджае Андрэй Казлоў. - Яна не існуе ўжо больш за паўтары гады, не прыносіць мне аніякага прыбытку, і падаткавы інспектар даўно абяцала мне, што закрые яе. Тым больш фірма падлягае закрыццю ўжо праз год бяздейнасці. Я спрабаваў патлумачыць гэта камісіі, але было відавочна, што яны настроеныя не прапускаць мяне. Яшчэ больш здзіўляе, чаму падобная прычына (даходы) не перашкодзіла ім зарэгістраваць прэтэндэнта ад ЛДП? У мяне ад гэтага паседжання застаўся непрыемны асадак на душы. Да таго ж было бачна, што іншыя прэтэндэнты нават і не хваляваліся наконт сваёй рэгістрацыі. Адзін з іх, напрыклад, слухаў музыку у навушніках, іншы корпаўся ў тэлефоне...

Сярод падпісантаў за магіляўчанку з кампаніі "Гавары праўду" Аксану Самуйлаву раптам "знайшліся" 20 чалавек, каторыя напісалі заявы аб скасаванні сваіх подпісаў.

- Перад тым як здаць подпісы я вельмі пільна лічу іх і правяраю, - кажа Алена Мядзведзева, сябра ініцыятыўнай групы Аксаны Самуйлавай. - На прэзідэнцкіх выбарах мне на гэтай жа АВК падкінулі лішнія подпісы, сказалі, што іх прынёс нейкі мужчына, хаця ў нас такіх не было. Зараз - тая ж гісторыя. Мы падалі 1 200 подпісаў, а сябры камісіі заявілі, што іх 1 300. Пытаю, адкуль узяліся гэтыя 100 - кажуць, з нейкага іншага раёна данеслі. Сярод іх, напэўна, і знайшліся гэтыя "адмоўнікі". Патрабую пратакол - не даюць. Зараз адразу ж будзем звяртацца ў ЦВК, будзем падаваць скаргі, бо гэта ўжо занадта.

Быхаў: сярод трох кандыдатаў – прадстаўнік БНФ

Акруговая камісія Быхаўскай выбарчай акругі № 81 зарэгістравала трох кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аднаму з вылучэнцаў у рэгістрацыі было адмоўлена з-за шматлікіх памылак у пададзеных на рэгістрацыю дакументах.

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты – прадстаўнік Партыі БНФ Сяргей Антонаў:

“Мяне акруговая камісія зарэгістравала першым, за гэта прагаласавалі ўсе яе сябры. Ніякіх пытанняў не ўзнікла. Наадварот, старшыня камісіі адзначыў вельмі якасную падрыхтоўку дакументаў на вылучэнне Партыяй БНФ”.

Таксама кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя старшыня Слаўгарадскага райсавета Таццяна Кананчук і вылучэнец ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Казімір Лібузер. Акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі вылучэнцу ад працоўнага калектыву Касцюковіцкай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва Мікалаю Пераманюку, спаслаўшыся на шматлікія парушэнні і памылкі ў пададзеных дакументах. “Дарэчы, гэты вылучэнец распавёў шмат цікавай інфармацыі пра шматлікія факты датэрміновай агітацыі за Таццяну Кананчук у Касцюковічах, аднак пацвердзіць гэта неяк дакументальна не здолеў”, - кажа Сяргей Антонаў.

Таксама ён дадае, што быў вельмі здзіўлены, калі камісія стала разглядаць дакументы на рэгістрацыю ажно ад чатырох вылучэнцаў. Па словах Антонава, раней сябры камісіі наогул адмаўлялі яму ў інфармацыі пра колькасць прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія падалі дакументы на рэгістрацыю.

Ужо ў панядзелак 27 ліпеня кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 Сяргей Антонаў будзе рабіць выступ па абласным радыё і тэлебачанні.

Ліда: сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” не прайшоў

На паседжанні акруговай камісіі Лідскай выбарчай акругі № 54 разглядаліся дакументы чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты. Прайшлі толькі трое. Гэта Галіна Гузоўская — эканаміст па збыту замежнага прадпрыемства “Белтэкс Оптык”, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Валерый Гушча — загадчык хірургічнага аддзялення Лідскай раённай  бальніцы і Тадэвуш Лянго —начальнік камерцыйнага аддзела таварыства “Тэхмаш”, сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Яўген Куроўскі —кантралёр службы аховы ААТ “Лідскія аўтобусы”, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” не зарэгістраваны.

Па Шклоўскай выбарчай акрузе ўсе тры прэтэндэнты сталі кандыдатамі

Сёння ў 15-00 адбылось паседжанне акруговай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі № 90, на якім было разгледжана пытанне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У выніку разгляду ў якасці кандыдаў у дэпутаты былі зарэгістраваныя вылучэнец ад партыі БНФ, намеснік старшыні  партыі БНФ Рыгор Кастусёў, наменік старшыні КДК Беларусі Аляксандр Агееў і вылучэнка Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка.

“Ніякіх пытанняў па маёй рэгістрацыі ў якасці кандыдата і рэгістрацыі Аляксандра Агеева ў членаў акруговай камісіі не ўзнікла, - кажа Рыгор Кастусёў. – Яны прагаласавалі за гэта аднагалосна, адзначыўшы якасную падрыхтоўку неабходных дакументаў. Пытанні ўзніклі толькі па рэгістрацыі Зінаіды Мілешчанкі, якая ў пададзеных у акруговую камісію дакументах не паказала ўсе атрыманыя даходы. Аднак  перавышэнне, як падлічылі члены камісіі, склала толькі 15 %, пры тым, што закон дазваляе пагрэшнасць да 20 %, таму было прынятае рашэнне зарэгістраваць Зінаіду Мілешчанка кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Зараз будзем змагацца, распавядаць людзям праўду аб сапраўднай сітуацыі ў нашай краіне”.

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мілешчанка збіраецца ўдзельнічаць у выбарах да канца. Вылучэнец ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што падтрымае любое рашэнне другой часткі партыйнага з’езда БНФ, які павінны адбыцца 15 верасня.

Пінскі раён: кандыдатамі зарэгістраваныя беспартыйныя

Сёння на паседжанні акруговай камісіі Пінскай сельскай выбарчай акругі №14 разглядаліся дакументы чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты - старшыні СВК “Лапаціна” Аляксандра Палейчука (вылучаўся ад працоўнага калектыву), інжынера ПСУП “АйсТымБуд” Аляксандра Барана (вылучаўся зборам подпісаў), кіраўніка аддзелу Палескага дзяржуніверсітэта Віктара Калесніковіча (ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці) і маляра ААТ “Сто рашэнняў” Сяргея Луца (ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі).

У выніку зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты Аляксандра Палейчука і Аляксандра Барана. А вось партыйныя кандыдаты “далі маху” - Віктар Калесніковіч заявіў, што мяняе месца жыхарства, таму здымае сваю кандыдатуру, а Сяргей Луц не прадставіў у камісію асабістую заяву і даведку аб даходах.

Нягледзячы на значнае змяншэнне колькасці кандыдатаў, выбары ў Пінскім раёне абяцаюць быць з інтрыгай – супраць праўладнага кандыдата Аляксандра Палейчука (які 25 год кіруе калгасам “Лапаціна”) выступае раней невядомы на Піншчыне Аляксандар Баран (які здолеў сабраць 1000 подпісаў і бездакорна аформіць дакументы).

У Пінску зарэгістраваны два кандыдаты

Па Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14 зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Зінаіда Мандроўская, якая з’яўляецца дзеючым дэпутатам ПП НС, і сябра Партыі БНФ Аляксандар Рамановіч. На паседжанне акруговай камісіі быў запрошаны назіральнік Уладзімір Зянько.

Нагадаем, што спадар Рамановіч заявіў, што здыме сваю кандыдатуру пасля з’езду Партыі БНФ, які адбудзецца 15 верасня. Таму выбары па  Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14 могуць быць безальтэрнатыўнымі.

Рагачоў: прэтэндэнту ад “Гавары праўду!” адмовілі ў рэгістрацыі

Паседжанне Рагачоўскай акруговай выбарчай камісіі завяршылася 22 жніўня ў 16.20.

Кандыдатамі ў дэпутаты сталі сябра Ліберальна-дэмакратычная партыі Віктар Вялічка, які пражывае ў Жлобіне, і дэкан эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Уладзіслаў Шчэпаў.

Прадстаўніку кампаніі “Гавары праўду!” Дзянісу Дашкевічу, які спрабаваў стаць кандыдатам, збіраючы подпісы за сваю кандыдатуру, у рэгістрацыі адмовілі.

–Камісія патлумачыла, што 80 адсодкаў подпісаў, якія былі сабраныя за Дашкевіча, з’яўляюцца несапраўднымі, – кажа доўгатэрміновы назіральнік з Рагачова Яўген Ястрэмскі. – Зараз мы будзем высвятляць дэталі, чаму такая колькасць подпісаў аказалася несапраўднай.

Горкі: прадстаўніку ЛДПБ адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам    

Як паведаміла незалежны назіральнік Галіна Будная, акруговая камісія Горацкай выбарчай акругі № 82 прыняла рашэнне зарэгістраваць двух з трох прэтэндэнтаў, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Пасля працяглай дыскусіі адмоўлена ў рэгістрацыі вылучэнцу ад ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, кіроўцу Горацкага райста Барысу Парчэўскаму.

“Паседжанне камісіі цягнулася амаль дзве гадзіны, асноўныя дыскусіі ўзніклі наконт рэгістрацыі вылучэнца ў кандыдаты ад ліберальна-дэмакратычнай партыі Барыс а Парчэўскага, - распавядае Галіна Будная. – За рэгістрацыю абодвух кандыдатаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзян, сябры камісіі прагаласавалі аднагалосна. Ніякіх пытанняў пасля праверкі сапраўднасці подпісаў не ўзнікла ні па рэгістрацыі дэкана агранамічнага факультэта БДСГА Міхаіла Волкава, ні наконт  галоўнага спецыяліста па маркетынгу РУП “Вучгас БДСГА” Андрэя Юркова. Абодва вылучэнцы здолелі сабраць подпісы ў сваю падтрымку, усе з якіх прызнаныя сапраўднымі.

Што датычыцца Барыса Парчэўскага, то па пытанні яго рэгістрацы сябры камісіі спрачаліся амаль гадзіну. Старшыня камісіі Ягоранка тэлефанаваў у ЦВК, каб параіцца па гэтым пытанні, але там яму не адказалі нічога канкрэтнага. Справа ў тым, што ліберальна-дэмакратычная партыя два разы падала дакументы па вылучэнні аднаго і таго ж кандыдата - Барыса Парчэўскага. Калі першы раз яго вылучылі на з’ездзе ЛДПБ, падача дакументаў адбылася раней за прадугледжаны законам тэрмін.  Другі раз дакументы на рэгістрацыю падаваліся ўжо пасля паўторнага з’езду ЛДПБ і новага вылучэння кандыдатаў, аднак першы пакет дакументаў ніхто так і не адазваў. Узнікла спрэчная сітуацыя. У выніку працяглай дыскусіі камісія Горацкай выбарчай акругі № 82 аднагалосна вырашыла адмовіць у рэгістрацыі вылучэнцу ад ЛДПБ Барысу Парчэўскаму”.

Нагадаем, што падтрымкай уладных структураў у Горках карыстаецца дэкан агранамічнага факультэта БДСГА Міхаіл Волкаў, ініцыятыўная група якога сабрала 4 541подпісаў выбаршчыкаў у яго падтрымку. Вядомы на Магілёўшчыне грамадскі актывіст Андрэй Юркоў ідзе кандыдатам у дэпутаты пры падтрымцы Руху “За свабоду”.

У Гародні рэгістрацыя кандыдатаў прайшла без эксцэсаў

У Гародні сёння адбыліся паседжанні акруговых выбарчых камісій па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Найбольш канкурэнтнымі па вобласці, праўдападобна, будуць Гарадзенская-Занёманская акруга №49 і Гарадзенская-Цэнтральная №50. Па Гарадзенскай-Занёманскай акрузе зарэгістравана чатыры кандыдаты: прадстаўнікі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Віктар Міхальчык, ЛДПБ – Алег Карповіч, актывіст кампаніі “Гавары праўду” Дзмітрый Бандарчук і галоўная рэдактарка дзяржаўнай газеты “Гродзенская праўда” Алена Бераснева. Апошняя выразна ёсць праўладнай вылучэнкай.

Па Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе камісія зарэгістравала таксама ўсіх чатырох вылучэнцаў: прадстаўнікоў Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, ЛДПБ – Аляксандра Мікалуту, “Справядлівага свету” – Паўла Станеўскага, а таксама Васіля Міхно, дырэктара коледжу бытавога абслугоўвання насельніцтва. Дэпутатам тут напэўна стане Міхно.   

Па Гарадзенскай-Паўночнай акрузе №51 кандыдатамі зарэгістраваныя вылучэнец АГП Юрый Істомін, прадстаўнік “Справядлівага свету” Алег Каратаеў і галоўны лекар Гарадзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтру Віктар Лісковіч. За памылкі ў запаўненні падатковай дэкларацыі не зарэгістраваны прадстаўнік ЛДПБ. Па Гарадзенскай-Паўночнай акрузе безумоўным уладным кандыдатам ёсць “дырэктар раддому”.

Брэст: рэгістрацыю прайшлі не ўсе

Найбольш скарацілася колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1, дзе з сямі чалаек, што падалі дакументы на рэгістрацыю, выбаркам адмовіў тром асобам.

У прыватнасці, не былі зарэгістраваны дырэктар Брэсцкай СПМК Сяргей Вярэніч, якога вылучала Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, былі лідэр БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч, які збіраў подпісы грамадзян за сваё вылучэнне, а таксама кіріаўнік гарадской суполкі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка.

Сярод тых, кто таксама не быў зарэгістраваны ў брэсцкіх выбарчых акругах – вылучэнец БСДП (Грамада) Міхаіл Кавальчук (Брэсцкая–Усходняя акруга №3) і Федар Петрусевіч (Брэсцкая-Памежная акруга №4), які збіраў подпісы, каб стаць кандыдатам у дэпутаты.      

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства